Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Да пытаньня кангрэсу можна вярнуцца пасьля “Чарнобыльскага шляху”


Алесь Дашчынскі, Менск Калі можа адбыцца Кангрэс аб’яднаных дэмакратычных сілаў? Ці ёсьць падставы меркаваць, што аргкамітэт пасьпее яго падрыхтаваць на 21-22 красавіка, як гэта прапаноўвалі раней асобныя партыі?

Аргкамітэт у падрыхтоўцы кангрэсу працуе, аднак няма пэўнасьці, што кангрэс адбудзецца ў красавіку. Паводле старшыні аргкамітэту Аляксандра Бухвостава, ёсьць сілы, якія блякуюць правядзеньне кангрэсу. Наглядальная камісія, якая правярае паўнамоцтвы дэлегатаў, дагэтуль не перадала ў аргкамітэт сьпісы. Пададзеная заяўка на памяшканьне ў Менску на 21-22-га красавіка, але адказу ад уладаў пакуль няма. Да 1 красавіка рабочыя групы мусяць падаць на зацьвярджэньне палітрады аб’яднаных дэмсілаў пакет дакумэнтаў, кажа Аляксандар Бухвостаў.

“Наагул, кангрэс гатовы. Практычна мы падрыхтавалі ўсе дакумэнты – палітычны дакумэнт, эканамічную праграму і стратэгію дзейнасьці аб’яднаных дэмсілаў. А цяпер толькі засталося знайсьці аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, дзе яны? Няма аб’яднаных дэмсілаў. Я іх пакуль не бачу ў такім выглядзе, як яны былі да прэзыдэнцкіх выбараў. Вось у чым праблема.”

Паводле рашэньня палітрады была ўтворана пагадняльная камісія, якая мусіла перад кангрэсам падрыхтаваць праект “Кампрамісу дзеля адзінства”. Гэты дакумэнт прапанаваў лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка. Яго ж падтрымаў і Аляксандар Мілінкевіч. Камісія мусіла ўзгадніць пазыцыі па самых прынцыповых пытаньнях. Аднак спадар Бухвостаў лічыць, што дасягнуць пагадненьня не ўдасца.

“Тое, што цяпер прыхільнікі Мілінкевіча прапануюць абіраць Мілінкевіча старшынём аб’яднаных дэмсілаў – час ужо прайшоў. Мілінкевіч ужо згубіў час. Вуліца, якая зьбірае па дзьве-чатыры тысячы, не вырашае пытаньне лідэрства, а вырашае праца з народам”.

Паводле старшыні пагадняльнай камісіі Вінцука Вячоркі, дагэтуль бракуе паразуменьня ў пытаньні разьмеркаваньня паўнамоцтваў палітычных сілаў і лідэраў.

“Некаторыя лякальныя паразуменьні дасягаюцца, але ў цэлым ёсьць пакуль што вялікае процістаяньне. Мы, як вядома, выступілі з ініцыятывай кампрамісу, паразуменьня. Ідзе гэта справа нялёгка. Мы спрабуем мірыць процілеглыя бакі”.

Вінцук Вячорка таксама заявіў, што падрыхтоўку кангрэсу складана сумяшчаць з падрыхтоўкай агульнабеларускага “Чарнобыльскага шляху”.

“Мы стаім на такой пазыцыі, што кангрэс можна праводзіць толькі пры ўмове поўнага папярэдняга пагадненьня. Такое пагадненьне патрабуе вялікай працы. Мы, БНФ, сканцэнтраваны цяпер на падрыхтоўцы “Чарнобыльскага шляху”. Я думаю, што калі гэтая акцыя годна адбудзецца, то можна тады вярнуцца да пытаньня кангрэсу”.
XS
SM
MD
LG