Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзякуй, Крысьціна, што твая псыхіка вытрымала зьдзекі ў псыхіятрычнай лякарні”


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў за 30 сакавіка. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Зіноўеў: “Думаю, за посьпех апазыцыі звольняць Зімоўскага, таму што Белтэлерадыёкампанія забылася раніцай на Дзень Волі трансьляваць песьню “Постой паровоз, не стучите колёса”.

Спадарыня: “Добры дзень, “Свабода”. Калі рэжым такі моцны, як нам даводзіць тэлевізія, радыё і прэзыдэнт, чаму тады “хапун”? Чаму тады нават Адміністрацыйны кодэкс прыдумалі, каб арыштаваных адмыслова голадам мучыць? Чаму за некалькі тыдняў да 25 сакавіка псыхалягічна на ўсіх ціснулі, страшэнна ціснулі, сеялі страх? Дзякуй табе, Крысьціна, што твая псыхіка вытрымала зьдзекі ў псыхіятрычнай лякарні. Магчыма, у такой сытуацыі былі і іншыя, ды ні кожны можа сказаць пра гэта. Дзякуй табе, Крысьціна, што ты ёсьць, што ёсьць такія, як ты. Народ маўчыць. А можа, маўчыць і таму, што разлад у апазыцыі. Няўжо пасьля падзей 25 сакавіка, пасьля таго, як толькі 5-7 тысяч мужных людзей пад бел-чырвона-белым сьцягам выйшлі на вуліцы Менску, няўжо і цяпер будзе разлад?! А можа, ён аплачваецца? Дзякуй, “Свабода”. Усяго Вам найлепшага ў працы”.

Марыя Іванаўна, в. Квасоўка: “Прашу перадаць, вельмі прашу. Хопіць зьдзекавацца зь беларускага народу, Лукашэнка! А гэта што выдумка? Няпраўда? Колькі дасылаем мы Вам лістоў! Колькі слалі! Але мы перасталі – Вы ні на адно не адказваеце. Адабралі ў нас, беларусаў, апошняе і зрабілі гаспадарамі расейцаў Кулікова, Суворава і гэтак далей. Што яны працавалі ў нас?! У Беларусі працавалі?! У нас адабралі. А ім аддалі. Мы Вам, Лукашэнка, ніколі не даруем такія дзеяньні”.

Спадар: “Трэба сказаць ім адкрытым тэкстам, што тыя, хто здасьць дыктатара апазыцыі, будуць амніставаныя”.

Ларыса, Менск: “Што адбылося на Дзень Волі 25 сакавіка і ў дні перад 25 сакавіка, сьведчыць аб тым, што наш прэзыдэнт і ўрад яшчэ не падрыхтаваныя да дыялёгу з апазыцыяй. Таму прапанова Мілінкевіча сустрэцца зь першай асобай засталася без адказу, бо гонар не дазваляе зрабіць крок у бок апазыцыі. Многа было зроблена адмоўнага з боку ўраду. 25-га ня шмат было каля Акадэміі навук. Першая прычына ў тым, што людзі сталага веку не ідуць, бо баяцца быць зьбітымі. І ў асноўным, гэта людзі. Якія палітыкай не займаюцца. Ім і так добра. Хлеб і бульба ёсьць, і добра. Добры жыць яны не прывыклі. Але ўраду трэба зьвярнуць увагу на моладзь, якая ня хоча жыць, як жывем мы, старыя людзі. Яны нам пра гэта кажуць. Урад, прыслухайцеся да моладзі, бо яны прыйдуць Вам на зьмену і неўзабаве, бо яны сьмелыя людзі”.

Спадар: “Паважная рэдакцыя, Радыё Свабода. Вы вельмі слушна робіце, і дзякуй Вам за тое, што Вы так цікавіцеся Шацікавай. Хачу даць Вам яшчэ адну інфармацыю, якую ўжо ведаюць ва ўсім сьвеце. Маці Шацікавай сказала, што ў яе вельмі нізкі ціск. Пра гэта ведалі і тыя, каму гэта было патрэбна, тыя спэцы. І вось цяпер доктар, загадчыца аддзяленьнем Уцёнышава, сказала, што яны там калолі бяскрыўдны прэпарат. Але ведаюць нават пачаткоўцы ў мэдыцыне, што сэбазон прымяняецца самазабойцамі для суіцыду. Калі чалавеку зь нізкім ціскам укалоць добрую дозу гэтага прэпарату, то ня толькі чырвоныя плямы пойдуць, але чалавек можа зусім памерці. Па гэтаму, мэта, хутчэй за ўсё, была забіць. Гэта быў замах на забойства. І калі “Свабода” даведаецца, хто прывёз, якія подпісы стаялі, хто зьмясьціў яе туды, то Вы зробіце велізарную сэнсацыю, бо Вы, магчыма, даведаецеся, а дзе ж Ганчар і дзе Захаранка. Бо гэта зьвеньні аднаго ланцугу. І дзе Дзіма Завадзкі, які, аказваецца, родзіч Шацікавай. Калі ласка, займіцеся гэтым па-сапраўднаму, свабодна, па-журналісцку. І сьвет паставіць Вам помнік за сапраўдную свабоду свабодным змагарам. Дзякуй Вам шчыры і посьпехаў Вам”.

Сталы слухач: “Часам я чую, як нехта кажа, што Лукашэнка – “дыктатар апошні”. Трэба разабрацца, ці ён дыктатар ці проста патрабавальны чалавек. Гэта вось дамовы пачалі зь людзьмі заключаць. А тое, як у савецкі час, прыходзяць на працу, працы няма, а заробак сярэдні атрымліваюць. Колькі год на Захадзе выхоўвалі людзей! І цяпер, калі які-небудзь ангельскі ці францускі працаўнік прыйдзе на працу, то ня стане займацца глупствам. Калі прыйшоў, працуй! Колькі зарабіў працай, столькі і атрымаеш. І якасьць павінна быць. Таму што ўсё разносяць, раскрадаюць у калгасе, як жанчына кажа. Таму павінна быць патрабавальнасьць. І трэба разрозьніваць, дзе дыктатар, а дзе патрабавальны чалавек. Далей, глядзіце, зноў завірухі пачынаюцца на Ўкраіне, у Кіргізіі, у Азербайджане, у Расеі, у гэтых пост-савецкіх рэспубліках. Гэта ж дурное. Асабліва ў Расеі. Людзі гінуць сотнямі кожны дзень. Дзікасьць, разгільдзяйства наўкола. Як тут ня быць патрабавальным? Дык патрабавальны ці дыктатар? Але ж ён не пра сябе ўвесь час кажа. Ён пра справы кажа, пра людзей. Вось няхай нехта гэта пракамэнтуе”.

Іван Нелукашоў: “Адказваю на пытаньне тыдня. Займацца бізнэсам у сёньняшніх умовах – гэта найкарацейшы шлях да самазабойства. Дзяржава робіць усё, каб зьнішчыць прадпрымальніка як кляс, як калісьці бальшавікі зьнішчылі кулакоў. Патлумачу чаму. Бо для цяперашняй улады вельмі небясьпечныя незалежныя і свабодныя людзі. А бізнэс робіць людзей адносна фінансава незалежнымі і самастойнымі. У іх зьяўляецца псыхалёгія гаспадароў. І пры ўмовах дэмакратычных выбараў яны ніколі не выберуць такую ўладу. Таму для ўлады лепей загнаць як мага больш людзей у калгасы і на заводы, на дзяржаўныя прадпрыемствы, у хамуты кантрактнай сыстэмы. Як жывёлу ў стойла, каб было прасьцей кіраваць. Робіцца ўсё, каб прыватныя прадпрымальнікі, ці “ўшывыя блохі,” сканалі. Але перад гэтым трэба абабраць іх як ліпку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG