Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзень “чырвонай суботы” намечана акапаць 33 тысячы і пасадзіць каля 1830 дрэваў”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 30 сакавіка ў розныя гады мінулага

Дзень добры! Чарговы раз мы гартаем старыя газэты, датаваныя 30 сакавіка розных гадоў.

У 1927 годзе “Чырвоная Полаччына” за подпісам Янка Родны друкуе такі ліст: “Ужо два гады, як сястра Лабэцкага з ф.Баравыя ІІ, Боркавіцкага сельсавету займаецца самагоннай вытворчасьцю, а райённая міліцыя чамусьці і слова ёй благога ня кажа. Лабэцкі дзякуючы сястры-самагоншчыцы заваяваў вялікі аўтарытэт ў аб’ездчыка Камінскага, які надта любіць выпіць кілішак-другі самагонкі. Камінскі затое забясьпечвае Лабэцкага дрывамі і іншым матар’ялам. Пара ўжо зачыніць гэты самагонны завод, папрацаваў і будзе”.

Празь дзесяць гадоў “ЛіМ” крытыкуе працу Белрадыёкамітэту: “Адны і тыя-ж грамафонныя пласцінкі (прычым адбор іх зусім выпадковы — “што ёсць”; ніколі канцэрт грамзапісаў у Белрадыё не носіць характара тэматычнага канцэрта); адны і тыя-ж песні, у выкананні вакальнага квартэта, усім вядомыя напамяць нумары яўрэйскага вакальнага ансамбля і сэкстэта домр пад кіраўніцтвам Самохіна… У гэтых межах вар’іруюцца штодзённыя перадачы. Небагаты выбар для радыёслухача!”

“Вечерний Минск”, год 1977. Пад загалоўкам “16 красавіка — Дзень камуністычнага суботніка” газэта апавядае пра пляны менчукоў: “У дзень “чырвонай суботы” заплянавана акапаць 33 тысячы і пасадзіць каля 1830 дрэваў, 25 тысяч кустоў, вывезьці каля тысячы кубамэтраў чарназёму, пасеяць траву на васьмі гектарах, ускапаць 13 гектараў газонаў і клюмбаў, вывезьці 360 кубамэтраў сьмецьця, адрамантаваць і пафарбаваць абсталяваньне сотняў дзіцячых і спартовых пляцовак, прыбраць 1580 пагонных мэтраў старых платоў”.
XS
SM
MD
LG