Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя абскардзіць судовыя рашэньні


Радыё Свабода Паводле маніторынгу штабу лідэра апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, за падрыхтоўку і ўдзел у вулічных акцыях Дня Волі КДБ і міліцыя затрымалі больш як сто чалавек. Асуджана – амаль 35. Беларускі Хэльсынскі камітэт заяўляе, што большасьць палітвязьняў будуць аспрэчваць судовыя рашэньні.

"Мы такім чынам зможам даведацца прозьвішчы тых, хто сапраўдны бандыт"

Муж Дашы Атрошчанкі Аляксандар трапіў у турму на Акрэсьціна пасьля затрыманьня ў Менску. “АМАПаўцы закавалі Аляксандра ў кайданкі і зьбілі нагамі”, – кажа жанчына. Яна тлумачыць, што гэта зьяўляецца падставай для звароту ў пракуратуру.

“Яму ў РАУС “хуткую” выклікалі. Нейкія там уколы рабілі. Вядома, мы будзем пісаць скаргі сумесна з адвакатам . І я б параіла гэта рабіць усім маладым людзям. Каб гэта мела галоснасьць. Гэта будзе зафіксавана. Мы такім чынам зможам даведацца прозьвішчы тых, хто сапраўдны бандыт. Я таксама мяркую, што трэба зьвяртацца ў БХК й АБСЭ. І каб ўсюды гэта фіксавалася”.

А вось якія аргумэнты ў Зьміцера Кухлея з райцэнтру Масты на Гарадзеншчыне. Дэпутата райсавету затрымалі 26-га сакавіка, а зь міліцыі выпусьцілі ўчора.

“Гэтае затрыманьне ўвогуле зблытала ўсе мае пляны. Я – магістрант ЭГУ, і цяпер вельмі шмат трэба зрабіць працы. Ці веру я, што ўдасца штосьці дабіцца, дамагчыся? Буду спрабаваць. Хаця, мяркую, шанцаў няшмат”.

“Пераважна на такую фальсыфікацыю ў пратаколах ідуць маладыя міліцыянты"

У Бабруйску адкладзены суд у адміністрацыйнай справе маладафронтаўца Валер’я Мацкевіча. Падсудны і ягоны адвакат зьняпраўдзілі зьвесткі міліцэйскага пратаколу затрыманьня напярэдадні 25 сакавіка. Сьведка падзеі Алесь Чыгір пераконвае, што суд мусіць апраўдаць Мацкевіча.

“Пераважна на такую фальсыфікацыю ў пратаколах ідуць маладыя міліцыянты. Гэтак званая новая генэрацыя міліцыі. Яны ня памятаюць ні пра гучную віцебскую справу, ні больш позьнія. І гэта адбываецца ад беспакаранасьці. Таму, як мне ўяўляецца, у Бабруйску ствараецца вельмі важны для краіны прэцэдэнт, калі міліцыянты, якія фальсыфікуюць справы, будуць пакараныя”.

"Абараняцца апазыцыянэрам у любым выпадку трэба"

Юрыдычную дапамогу палітвязьням аказвае Беларускае грамадзкае аб’яднаньне “Прававая ініцыятыва”.

“Я лічу, што абараняцца апазыцыянэрам у любым выпадку трэба. Па-першае, пакідаць без увагі тое што адбываецца, значыць улада і надалей будзе парушаць нашыя галоўныя правы й свабоды. А, па-другое, трэба каб кожны супрацоўнік міліцыі – той сьведка, які хлусіць у судзе, ведаў, што пакараньне для яго таксама будзе”, – гаворыць старшыня Гомельскага аддзяленьня Леанід Судаленка.

Як стала вядома, у Берасьці спынены судовы перасьлед затрыманых 25 сакавіка: старшыні гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Зьміцера Шыманскага, сябра БНФ Юрыя Жыдовіча і сябра БНСДП “Грамада” Антона Стасюка.

Гл. таксама

• З турмы на Акрэсьціна выходзяць палітвязьні
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG