Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начныя досьледы: “цяжкія падлеткі”


Іна Студзінская, Менск Колькі ў Беларусі так званых "цяжкіх падлеткаў"? Паводле якіх крытэраў ставяць на ўлік у Інспэкцыі па справах непаўналетніх, з кім працуюць сацыяльныя пэдагогі ў школах?

За што ставяць на ўлік?

На сёньня у Беларусі амаль 27 тысяч падлеткаў стаіць на ўліку ў інспэкцыях па справах непаўналетніх. Інспэктар па справах непаўналетніх аднаго з раёнаў Менску тлумачыць, з-за чаго можна патрапіць на ўлік:

“У нас на ўліку стаяць падлеткі, якія зьдзейсьнілі адміністрацыйныя праступкі альбо крымінальныя злачынствы. А да 1 сакавіка мы ставілі на ўлік і злосных прагульшчыкаў. А з 1 сакавіка ўступіў у дзеяньне новы Адміністрацыйны кодэкс, і мы ўжо не ставім прагульшчыкаў на ўлік”.

На ўлік інспэкцыя таксама ставіць асобаў, якія лічацца схільнымі да правапарушэньняў. Інспэктар кажа, што ўлічваюцца аб’ектыўныя фактары:

“Мы размаўляем з сацыяльнымі пэдагогамі, бацькамі, глядзім на самога падлетка, і па выніках вызначаем”.

За кожным штатным інспэктарам замацавана некалькі дзесяткаў падлеткаў, над якімі яны, так бы мовіць, ажыцьцяўляюць шэфства: выклікаюць на гутаркі, кантактуюць з бацькамі, з пэдагогамі.

У адмысловыя інтэрнаты накіроўвае суд альбо камісія

Звычайна тыя, хто стаіць на ўліку ў інспэкцыях, вучацца ў агульнаадукацыйных школах. Але ёсьць ў Беларусі і адмысловыя інтэрнаты закрытага тыпу. Туды падлетка можа накіраваць суд альбо камісіі па справах непаўналетніх, якія ёсьць у кожным раёне. Тлумачыць юрыст Тацяна Саўчанка:

“Калі непаўналетні не дасягнуў узросту крымінальнай адказнасьці, але зьдзейсьніў злачынства, ён вызваляецца ад крымінальнага пакараньня, але можа быць накіраваны ў адмысловую вучэбна-выхаваўчую ўстанову. Там ён вучыцца, там закрытая зона”.

У такіх спэцшколах-інтэрнатах вучацца паводле звычайнай школьнай праграмы, але там падлеткі пазбаўленыя свабоды перасоўваньня.

Хто ўваходзіць у “групу рызыкі”?

Але ў кожнай звычайнай школе ёсьць яшчэ свая сыстэма ўліку праблемных падлеткаў. Сацыяльныя пэдагогі разам з адміністрацыяй школы вызначаюць, хто з дзяцей уваходзіць у так званую групу рызыкі. Распавядае сацыяльны пэдагог Галіна Несьцяровіч.

“Мы стараемся больш зьвяртаць увагу і наладжваць кантакты з тымі дзецьмі, якія лёгка паддаюцца чужому ўплыву, дзецьмі зь няўстойлівай псыхікай, па паводзінах якіх бачна, што яны могуць зьдзейсьніць нейкі праступак. А таксама на дзяцей, якія вельмі рана сябе хочуць адчуваць дарослымі – я маю на ўвазе шкодныя звычкі”.

Калі падлетак стаіць на ўліку ў інспэкцыі – у яго ўжо асаблівая рэпутацыя. Для школы гэта лічыцца плямай, кажа сацыяльны пэдагог Галіна Несьцяровіч:

Несьцяровіч: “Зь міліцыяй нам даводзіцца мець справу толькі тады, калі непасрэдна ў школу прыходзіць папера, што наш вучань трапіў у поле зроку камісіі па справах непаўналетніх. А так мы спрабуем вырашаць праблемы самі. У нас ёсьць псыхоляг, праводзім тэсты, каб выявіць праблемных дзяцей. Міліцыя, я лічу, гэта крайняя мера”.

Звычайна дзеці ня надта любяць кантактаваць з сацыяльнымі пэдагогамі, бо часьцяком пэдагогі проста перастрахоўваюцца, і ў групы рызыкі адносяць падлеткаў, якія, да прыкладу, апранаюцца, так бы мовіць, нефармальна, альбо робяць модны цяпер пірсінг. Гэта прызнае і псыхоляг Менскага гарадзкога цэнтру сям’і Жанна Міцкевіч.

Міцкевіч: "Што тычыцца сацыяльных пэдагогаў, то іх функцыі зьведзеныя да таго, каб яны адказвалі за тых дзяцей, якія, на іх думку, могуць быць парушальнікамі спакою ў школе. І яны, баючыся адказнасьці, не разабраўшыся, што гэта за дзіця, чаму ён зьнешне хоча выдзеліцца, адносяць яго да групы рызыкі. Ён ня мае часу дайсьці да кожнага дзіцяці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG