Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах ушанавалі ахвяраў рэпрэсіяў


Ганна Соўсь, Менск Сёньня ў Менску і ва ўсіх абласных гарадах Беларусі, а таксама ў Бабруйску і Барысаве ўшаноўвалі памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Жалобныя акцыі адбыліся з ініцыятывы Аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій і ў рамках абвешчанага ім Году памяці. У сталіцы памінальныя сьвечкі ахвярам рэпрэсій паставілі ў Лошыцкім Яры, у парку Чалюскінцаў і ва ўрочышчы Курапаты.

“У памяць усіх нашых суграмадзянаў, якія сталі ахвярамі рэпрэсій 30-х гадоў сёньня мы праводзім акцыю па ўсёй краіне – і ў Лошыцы, і ў Курапатах, і ва ўсіх абласных цэнтрах... Я прапаноўваю ўшанаваць іх памяць хвілінай маўчаньня”,– гэтак зьвярнуўся да людзей, што сёньня прыйшлі ў Курапаты, сустаршыня аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій гісторык Ігар Кузьняцоў.



Людзі запалілі сьвечкі, усклалі кветкі і прачыталі малітву. Гэта ўжо трэцяя акцыя ў Курапатах у рамках абвешчанага грамадзкасьцю Году памяці да 70-ай гадавіны кульмінацыі сталінскіх рэпрэсіяў 37-га году.

Каля трыццаці чалавек прайшлі сёньня жалобным маршрутам – спачатку да памятнага крыжа ў парку Чалюскінцаў, а потым – ва ўрочышча Курапаты. Тут было шмат людзей, якія самі зьведалі палітычныя рэпрэсіі. Напрыклад, сакратар аргкамітэту Уладзімер Раманоўскі нарадзіўся блізу Магадану ў сям’і рэпрэсаваных, гэтак жа як і Васіль Макараў, які 16 гадоў ад нараджэньня ў 1934 годзе ў Карлагу да 1950 году правёў у ГУЛАГу.

А вось Сяргей Ханжэнкаў атрымаў 10 гадоў зьняволеньня ўжо пасьля сьмерці Сталіна ў 1969 годзе. Яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы выбуху глушыльніка замежных радыёстанцый. А палітык Вячаслаў Сіўчык на працягу апошніх пятнаццаці гадоў неаднойчы спазнаваў, што такое палітычныя рэпрэсіі ў сучаснай Беларусі.

“Вельмі добра, што гэтыя акцыі робяцца традыцыйнымі. Я спадзяюся, што да 29 кастрычніка ў нас хаця б уся эліта зразумее, што ў календары не хапае даты – Дня ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Нагадаю, што наш аргкамітэт прапануе, каб такая дата была 29 кастрычніка”,– кажа Вячаслаў Сіўчык.

Граф Аляксандар Прушынскі сёньня прыйшоў у Курапаты, каб ушанаваць памяць усіх палякаў, якія былі расстраляныя ва ўрочышчы, а таксама ўсіх іншых ахвяраў рэпрэсій.



“Вельмі шмат людзей, якія загінулі тут, і ніхто ня ведае іх імёнаў. Іх блізкія ня ведаюць, дзе іх магілы. У Курапатах ёсьць два польскія крыжы”,– кажа спадар Прушынскі.

Што да іншых памятных знакаў, то частка разламанага ў студзені мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці” гэтак званай лавы Клінтана цяпер пастаўленая на апоры.



Як паведаміў Радыё Свабода сакратар аргкамітэту Ўладзімер Раманоўскі, нядаўна быў абвешчаны збор сродкаў на ўсталяваньне помніку ў Курапатах, а таксама на іншыя памятныя знакі ў месцах рэпрэсій. Паводле спадара Раманоўскага, ужо паступілі першыя ахвяраваньні. Плянуецца, што помнік (праўдападобна, гэта будзе вялікі крыж) будзе ўсталяваны ва ўрочышчы 29 кастрычніка.



За ўдзельнікамі жалобнай акцыі ў Курапатах назіралі каля дзесятку супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным. Яны здымалі ўсіх прысутных на відэакамэру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG