Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вялікую Расею” прыдумала беларуская апазыцыя?


Віталь Цыганкоў, Менск Чаму прэзыдэнт Беларусі зноў вяртаецца да інтэграцыйнай рыторыкі й крытыкуе кіраўніцтва Расеі? Якое месца ў стратэгіі Аляксандра Лукашэнкі займаюць расейскія прэзыдэнцкія выбары 2008 году? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць публіцыст Аляксандар Фядута і аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі.

Віталь Цыганкоў: “Будаўніцтва саюзнай дзяржавы сёньня затармазілася на ўсіх кірунках. Мы сваю пазыцыю дакладна вызначылі, і мяч на баку расейцаў, усё залежыць ад іх. Мы за паўгоду, за год можам вырашыць тыя праблемы, якія назьбіраліся, і значна прасунуцца наперад”, — заявіў 28 сакавіка Аляксандар Лукашэнка.

Крытыка расейскага кіраўніцтва, якая гучыць у гэтых ды іншых радках беларускага прэзыдэнта, магчыма, ня вельмі вострая, але сэнс гэтых выказваньняў даволі празрысты — толькі Расея, (а дакладней, Крэмль) вінаватая ў прыпыненьні інтэграцыйных працэсаў. Якіх палітычных мэтаў дабіваецца Аляксандар Лукашэнка такімі заявамі?”

Галоўная задача для Лукашэнкі цяпер — аслабіць будучага пераемніка Пуціна

Аляксандар Фядута: “Праз год у Расеі адбудуцца чарговыя прэзыдэнцкія выбары, больш як праз паўгоду — выбары ў Думу. Гэта вельмі важныя для Лукашэнкі палітычныя кампаніі, бо менавіта падчас іх будзе вырашацца ягоны палітычны лёс.

Пытаньне стаіць так — ці будзе Расея і надалей спансаваць беларускі палітычны рэжым ці адбудзецца пераемнасьць палітычнага курсу, згодна зь якім Аляксандар Лукашэнка становіцца ўсё больш непажаданай асобай на расейскай палітычнай прасторы і нават побач зь ёй.

Менавіта таму перад Лукашэнкам стаіць галоўная праблема — як можна больш аслабіць будучага пераемніка Пуціна, ня даць яму магчымасьці стаць адносна Беларусі сапраўдным пераемнікам цяперашняга курсу Крамля. Вось чаму выказваньні кіраўніка Беларусі на тэму інтэграцыі будуць станавіцца ўсё больш вострымі”.

Цыганкоў: “Але гэта даволі рызыкоўная гульня — аслабляць пераемніка?”

Фядута: “Менавіта падчас выбараў ніхто ня будзе занадта ўжо ціснуць на Лукашэнку. І ён гэта добра разумее. Большая частка электарату Расеі супадае зь меркаваным электаратам пуцінскага пераемніка, і Лукашэнка для іх — адна з найбольш аўтарытэтных постацяў. Таму яго ў гэтыя месяцы даціскаць ня будуць”.

Цыганкоў: “Яшчэ адна цытата з учорашніх выказваньняў Лукашэнкі: “Калі ў Расеі запануе здаровы сэнс і расейцы хочуць з намі наладжваць на прыстойным грунце дачыненьні, мы да гэтага гатовыя”.

Так трэба разумець, што цяпер у Расеі здаровага сэнсу няма? Паўлюк, ваш адказ на пытаньне — якіх палітычных мэтаў дабіваецца Аляксандар Лукашэнка такімі заявамі?”

Галоўнай сэнсацыяй былі пераконваньні Лукашэнкі, што ён здаровы

Паўлюк Быкоўскі: “На маю думку, гэтыя выказваньні не былі самымі галоўнымі падчас імправізаванай прэсавай канфэрэнцыі каля цяпліцаў.

Большай сэнсацыяй былі пераконваньні Лукашэнкі, што ён здаровы, — ён абвяргаў на гэты конт усялякія чуткі. Магчыма, менавіта дзеля гэтага ўвогуле і была зьдзейсьненая гэтая паездка і сустрэча з журналістамі.

Што да расейскага аспэкту, то калі Лукашэнка закранае гэтыя тэмы, то ён будзе цытавацца ў расейскіх мэдыях, і гэтым дасягаецца эфэкт ягонай прысутнасьці.

Акрамя таго, цяпер надыходзіць гадавіна інаўгурацыі Лукашэнкі, і гэты выступ у нейкай ступені падводзіць вынікі году працы. Прэзыдэнт нічога не сказаў такога, што перашкаджала б Беларусі й надалей атрымліваць газ за паўцаны (як нядаўна высьветлілася, Беларусь плаціць толькі 55 даляраў). На маю думку, ён усяго толькі нагадаў пра сваю прысутнасьць.

Поўны тэкст перадачы
XS
SM
MD
LG