Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ва Ўкраіне высьпявае чарговы палітычны крызіс


Юры Дракахруст, Прага Прэзыдэнт Юшчанка абвінавачвае ўрадавую кааліцыю ў незаконных і антыканстытуцыйных дзеяньнях. Паводле некаторых крыніцаў, у адміністрацыі прэзыдэнта падрыхтаваны ўказ аб роспуску Вярхоўнай Рады і правядзеньні 27 траўня датэрміновых выбараў.

“Вынікі году дзейнасьці Вярхоўнай Рады не адпавядаюць чаканьням грамадзян Украіны”, – заявіў прэзыдэнт Віктар Юшчанка ў сваім звароце да нацыі ў гадавіну парлямэнцкіх выбараў. Паводле яго, працэсы, што адбываюцца ў парлямэнце, – “непрыхаваная рэвізія волі ўкраінскіх выбарцаў, парушэньне Канстытуцыі і наўпросты шлях да беззаконьня”.

Цяпер у Вярхоўнай Радзе шэраг дэпутатаў, якія абіраліся па сьпісах “Нашай Украіны”, Блёку Юліі Цімашэнкі і іншых партый, якія апынуліся ў апазыцыі, пераходзяць у фракцыю ўладнай “Партыі Рэгіёнаў” прэм’ер-міністра Віктара Януковіча.

Прэзыдэнт Юшчанка ў сваім звароце нагадаў, што Канстытуцыя вызначае, што кааліцыі ў парлямэнце ствараюцца на падставе дэпутацкіх фракцыяў, а не індывідуальнага ці групавога сяброўства. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што сукупнасьць дзеяньняў урадавай кааліцыі “стварае падставы для прызнаньня антыканстытуцыйным характару працы парлямэнцкай большасьці і нелегітымнай дзейнасьці ураду Ўкраіны”.

Учора некаторыя ўкраінскія СМІ паведамілі, што ў адміністрацыі прэзыдэнта падрыхтаваны ўказ аб роспуску парлямэнту, які прайшоў юрыдычную экспэртызу. Як паведамляецца, падставай для роспуску ў ім называецца нелегітымны спосаб фармаваньня ўрадавай кааліцыі, з прыцягненьнем перабежчыкаў зь іншых фракцыяў.

Сёньня , выступаючы ў Луганску, Юшчанка заявіў: “Я ніколі не дапушчу перафарматаваньня парлямэнцкай большасьці насуперак нормам Канстытуцыі. Калі нейкія палітычныя сілы кажуць, што яны прэтэндуюць на 300 галасоў – праводзім датэрміновыя парлямэнцкія выбары”, – сказаў прэзыдэнт Украіны.

Прадстаўнікі Партыі рэгіёнаў заяўляюць, што калі Юшчанка падпіша гэту ўказ, то ўрадавая большасьць у Вярхоўнай Радзе можа прыняць рашэньне аб датэрміновых выбарах прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG