Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея адмовілася выдаць стваральніка мультфільмаў пра Лукашэнку


Любоў Лунёва, Менск Актывіста грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях” Андрэя Абозава, які зьяўляецца фігурантам у крымінальнай справе за сатырычныя мультфільмы палітычнага зьместу ў інтэрнэце, затрымалі на некалькі гадзінаў у Расеі, каб перадаць беларускім уладам.

Расейскія міліцыянты зьнялі яго зь цягніка ў Цьвяры. Калі ж яны даведаліся, у чым вінавацяць хлопца, стаўленьне да яго зьмянілася. Расейцы адмовіліся выдаць беларускай пракуратуры “палітычнага”.

Андрэй Абозаў распавёў “Свабодзе”, што цяпер ён знаходзіцца ў Таліне і рыхтуецца здаваць экзамэн па эстонскай мове.

Актывіст грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях” паведаміў, што быў у Кіеве на канфэрэнцыі, прысьвечанай 50-годзьдзю ўтварэньня Эўразьвязу. Адтуль ён спачатку прыехаў у Маскву, а потым цягніком паехаў у Талін.

Яго затрымалі на станцыі ў Цьвяры. Міліцыянты паведамілі Андрэю Абозаву, што ён знаходзіцца ў фэдэральным вышуку як небясьпечны злачынца. Андрэй апавёў, што хаваецца ад палітычнага перасьледу беларускіх уладаў за сатырычныя мультфільмы палітычнага зьместу. Міліцыянты яму ня верылі, пакуль не атрымалі факс зь Менску, які пацьвердзіў інфармацыю хлопца.

Гаворыць Андрэй Абозаў:

“Калі міліцыянты даведаліся, у чым мяне вінавацяць, то стаўленьне да мяне адразу зьмянілася. Яны абураліся й жартавалі, запытвалі — як гэта можна за мультыкі чалавека абвяшчаць у вышук. Толькі дзякуючы таму, што справа палітычная, міліцыянты мяне й ня выдалі, я на свабодзе, але мог быць і іншы варыянт. Магчыма, інцыдэнт зьвязаны з палітыкай беларускіх уладаў, скіраванай на зьнішчэньне ўсіх рухаў ды грамадзкіх арганізацыяў”.

Нагадаем, 16 жніўня 2005 году КДБ распачаў крымінальную справу за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Падставай сталі мультфільмы палітычнага зьместу, разьмешчаныя на інтэрнэт-сайце грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях”.

У Андрэя Абозава, Паўла Марозава і Алега Мініча супрацоўнікі КДБ зрабілі ператрус, забралі кампутары і ўсе носьбіты інфармацыі. Усе рэчы застаюцца ў пракуратуры.

Актывісты арганізацыі зьехалі за мяжу. Алег Мініч жыве ў Расеі, Павал Марозаў і Андрэй Абозаў — у Эстоніі.

Андрэй Абозаў i Павал Марозаў

Павал Марозаў лічыць, што інцыдэнт з Андрэем выкліканы актывізацыяй дзейнасьці “Трэцяга шляху”:

Марозаў: “Гэта была спэцапэрацыя беларускіх спэцслужбаў, якія як мінімум спрабавалі перашкодзіць нашай дзейнасьці, а як максымум — захапіць аднаго ці некалькіх фігурантаў справы мультклюбу, каб зрабіць яшчэ адну бліскучую справу і атрымаць зорачкі на пагоны. Я мяркую, што гэта зьвязана зь дзейнасьцю “Трэцяга шляху”, найперш у інфармацыйным полі ў інтэрнэце, а таксама зьвязана з нашымі новым праектамі”.

Крымінальнай справы за абразу Аляксандра Лукашэнкі дагэтуль не спынілі. Два месяцы таму сьледчы пракуратуры Віктар Шабан даслаў актывістам арганізацыі позвы на допыт. Але да яго прыходзіў толькі Павал Марозаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG