Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дасягне ўрад плянаванага росту інвэстыцыяў?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: эканамісты Леанід Злотнікаў і Зьміцер Бабіцкі.

Валер Карбалевіч: “Прэм’ер Сяргей Сідорскі адзначыў на паседжаньні прэзыдыюму Саўміну, што калі ня ставіць задачы максымальнага залучэньня інвэстыцыяў дзеля тэхнічнага пераўзбраеньня прадпрыемстваў, то ніякіх станоўчых вынікаў у эканоміцы ня будзе.

Праект пастановы ўраду прадугледжвае рост інвэстыцыяў сёлета на 14—17%. Гэта менш, чым было залучана летась. А кіраўнік Нацбанку Пракаповіч днямі давёў Лукашэнку, што за два месяцы году аб’ём крэдытных рэсурсаў рэальнаму сэктару павялічыўся у 1,6 разу ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.

Гэта шмат ці не? Як вы можаце пракамэнтаваць гэтую праблему?”

Леанід Злотнікаў: “Па-першае, можна пагадзіцца з урадам у тым, што без залучэньня інвэстыцыяў пэрспэктываў у эканомікі няма. Асноўныя фонды прадпрыемстваў зношаныя, патрэбнае іх абнаўленьне. Асабліва патрэбныя замежныя інвэстыцыі, таму што разам зь імі ў эканоміку ідуць і новыя тэхналёгіі.

А што да значнага росту крэдытаў рэальнаму сэктару, якія перавышаюць магчымасьці банкаў, то гэта небясьпечна для банкаўскай сыстэмы, гэта можа справакаваць банкаўскі крызіс”.

Зьміцер Бабіцкі: “Зразумела, што ў Беларусі няма сваіх рэсурсаў для пераабсталяваньня прамысловасьці, патрэбныя замежныя інвэстыцыі. Але такія размовы ідуць ня першы год. Я стаўлюся да гэтых плянаў скептычна, бо няма перадумоваў для значнага росту інвэстыцыяў”.

Карбалевіч: “Сапраўды, вялікую ўвагу ўсе органы дзяржаўнага кіраваньня надаюць залучэньню замежных інвэстыцыяў. Іх доля ў агульным аб’ёме інвэстыцыяў павінна сёлета вырасьці ўдвая і дасягнуць 17%. У лічбах гэта 1,9 мільярда даляраў.

Дзеля гэтага робяць адпаведныя захады. Прапануецца прывесьці ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі права дзяржавы на “залатую акцыю”. Міністэрства эканомікі распрацавала плян маштабнай прыватызацыі.

Падчас нядаўняга візыту ў Менск кіраўніка ўраду Расеі Міхаіла Фрадкова Сяргей Сідорскі публічна запрасіў расейскія кампаніі паўдзельнічаць у беларускай прыватызацыі. Рыхтуецца прэзыдэнцкі ўказ аб кітайскай крэдытнай лініі.

Той жа Пракаповіч учора заявіў, што ўжо ў першым паўгодзьдзі сёлета Беларусь атрымае краінавы крэдытны рэйтынг. То бок захады беларускіх уладаў у гэтым кірунку выглядаюць даволі сур’ёзнымі. Як вы пракамэнтуеце гэтыя пляны?”

Леанід Злотнікаў: “Прамыя інвэстыцыі ў беларускую эканоміку вельмі невялікія. Апошні час яны былі недзе 140 мільёнаў у год”.
Злотнікаў: “Сытуацыя супярэчлівая. З аднаго боку, урад робіць нейкія захады для залучэньня замежных інвэстыцыяў. Але, з другога боку, застаюцца неспрыяльныя ўмовы для вядзеньня бізнэсу ў Беларусі.

Так, паводле ўзроўню эканамічнай свабоды наша краіна знаходзіцца на адным з апошніх месцаў. Напрыклад, адна зь перашкодаў такая: закуп абсталяваньня за мяжой павінен быць з таго сьпісу, які ёсьць у Міністэрстве эканомікі. Гэта тычыцца ўсіх суб’ектаў гаспадараньня, у тым ліку і замежных.

Апошнія гады ўрад распрацоўваў і даводзіў пляны залучэньня інвэстыцыяў. Напрыклад, апошнія два гады банкі павінны былі залучыць 1 мільярд даляраў, але гэтыя пляны ня выкананыя.

Год таму з Інвэстыцыйнага кодэксу былі выкінутыя палажэньні, якія давалі льготы замежным фірмам. Напрыклад, там адзін з пунктаў забараняў уносіць у гаспадарчую дзейнасьць зьмены, якія пагаршаюць стан інвэстараў. Усё гэта адмянілі”.

Бабіцкі: “Ёсьць правільныя крокі ў гэтай пастанове. Напрыклад, скасаваньне мыта, падатку на даданую вартасьць на імпартную тэхніку і абсталяваньне. Але вось патрабаваньне сэртыфікацыі гэтых тавараў у Праматамнаглядзе застаецца. Я лічу гэта бязглузьдзіцай. Як наша ведамства можа праводзіць сэртыфікацыю прадукцыі, вырабленай у краінах з вышэйшым тэхналягічным ладам?

Зьміцер Бабіцкі: “Эфэктыўных праектаў няма з той прычыны, што ў беларускай эканамічнай сыстэме суб’екты гаспадараньня ня могуць даваць высокай даданай вартасьці”.
Рабіць бізнэс у Беларусі цяпер нявыгадна. Замежныя фірмы прыйдуць сюды толькі тады, калі ўбачаць тут пэрспэктыву разьвіцьця.

Пэрспэктывы бачаць толькі тыя бізнэсоўцы, якія прыходзяць сюды з краінаў, чымсьці падобных да Беларусі. Гэта Расея, Кітай, арабскія краіны. Такія інвэстары прызвычаіліся працаваць пры падтрымцы і кантролі дзяржавы, якая забясьпечвае ім рынкі, манаполію.

Таму зафіксаваныя ў дакумэнце ўраду лічбы, можа, і будуць выкананыя. Але трэба прасачыць структуру гэтых інвэстыцыяў. Ці змогуць яны прынесьці высокія тэхналёгіі й заходнюю культуру мэнэджмэнту? Я сумняюся”.

Карбалевіч: “Мае суразмоўцы выказваюць скепсіс наконт рэалізацыі гэтых амбітных плянаў. Але, нагадаю, што летась плян у інвэстыцыях быў перавыкананы. Да таго ж зьмянілася сытуацыя. Субсыдыі з боку Расеі зьменшыліся”.

Злотнікаў: “Па-першае, трэба адрозьніваць інвэстыцыі прамыя і крэдыты. Дык вось, прамыя інвэстыцыі ў беларускую эканоміку вельмі невялікія. Апошні час яны былі недзе 140 мільёнаў у год. Але статыстыка да валавых замежных інвэстыцыяў далучае замежныя крэдыты.

Так, у 2006 годзе запазычанасьць беларускіх суб’ектаў гаспадараньня за імпарт тавараў павялічылася на 400—500 мільёнаў даляраў. А яна лічыцца замежнымі інвэстыцыямі. Па-другое, чаму не выкарыстоўваецца кітайская крэдытная лінія на 1 мільярд даляраў? Таму што няма эфэктыўных праектаў”.

Бабіцкі: “Я казаў бы хутчэй не пра прапановы Беларусі Расеі паўдзельнічаць у нашай прыватызацыі, а пра ціск з боку Расеі ў гэтым кірунку. Расейскія кампаніі цікавяцца нафтаперапрацоўкай, прадпрыемствамі ВПК.

А эфэктыўных праектаў няма з той прычыны, што ў беларускай эканамічнай сыстэме суб’екты гаспадараньня ня могуць даваць высокай даданай вартасьці. Бо перашкоды для бізнэсу не даюць магчымасьці атрымліваць высокі прыбытак.

Паглядзіце, куды цяпер ідуць грошы: у жыльлёвае будаўніцтва. Таму што ў гэтай галіне існуе сыстэма, падобная на фондавы рынак. Туды ідзе спэкулятыўны капітал, будуе жыльлё, потым прыходзіць яшчэ большы капітал — і купляе”.

Карбалевіч: “Такім чынам, галоўная ўмова залучэньня і эфэктыўнага выкарыстаньня інвэстыцыяў, у тым ліку замежных — гэта стварэньне спрыяльнага бізнэс-клімату. Ад гэтага ў значнай ступені будзе залежаць выкананьне інвэстыцыйных плянаў”.
XS
SM
MD
LG