Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе “Маладога фронту” ўжо пяцёра абвінавачаных


Алег Грузьдзіловіч, Менск Пракуратура Менску выставіла абвінавачаньне ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі яшчэ тром сябрам “Маладога фронту”. Паводле актывістаў, у пачатку красавіка крымінальную справу зьбіраюцца перадаць у суд.

29 сакавіка яшчэ тром маладафронтаўцам пракуратура Менску выставіла абвінавачаньне ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі.

Да Зьмітра Хведарука і Алега Корбана сёньня дадаліся Аляксей Янушэўскі, Наста Палажанка і Барыс Гарэцкі. Гэта “Свабодзе” паведаміла Наста Палажанка:

“Так, сёньня нам выставілі абвінавачаньне, мы далі падпіскі аб нявыезьдзе і а другой гадзіне ідзем разам у пракуратуру знаёміцца з крымінальнай справай, куды нават прывязуць Барыса Гарэцкага з турмы на Акрэсьціна”.

Актывіст “Маладога фронту” Барыс Гарэцкі яшчэ да Дня Волі быў асуджаны на 12 дзён адміністрацыйнага арышту. Ён адбывае пакараньне ў менскай турме на вуліцы Акрэсьціна.

Паводле Насты Палажанкі, крымінальная справа супраць актывістаў “Маладога фронту” складае шэсьць тамоў. Маладафронтаўцам належыць азнаёміцца з дакумэнтамі да 4 красавіка, пасьля справу накіруюць у суд.

Сьледчы Сяргей Грахоўскі, які вядзе справу, адмовіўся адказваць на пытаньне, ці сабраў ён дастаткова доказаў віны маладафронтаўцаў:

“Ведаеце, я не камэнтую крымінальных справаў, якія вяду. Ды і справаў сваіх калегаў не камэнтую. Гэтая крымінальная справа яшчэ не завершаная”.

Абараняць маладафронтаўцаў будуць адвакаты Аляксандар Галіеў, Мар’яна Сямешка і Павал Сапелка.

Адвакат Аляксандар Галіеў пакуль што не бярэцца прадказаць выніку справы:

“Мы знаёмімся са справай. Дакладней, пачалі зь ёй знаёміцца”.

Паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, летась у Беларусі былі асуджаныя чатыры актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” і лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч.

Актывісты “Партнэрства” ўжо выйшлі на волю. Зьміцер Дашкевіч, які атрымаў паўтара году зьняволеньня, адбывае пакараньне ў шклоўскай калёніі. Найбольшае пакараньне паводле гэтага артыкулу — два гады зьняволеньня, найменшае — штраф.

Праваабаронцы лічаць, што 193-ці артыкул супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, якая гарантуе свабоду аб’яднаньняў.

“Мы двойчы зьвярталіся ў Канстытуцыйны суд, бо лічым, што артыкул супярэчыць Канстытуцыі, але суд нас не падтрымаў”, — сказаў выканаўчы дырэктар Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.
XS
SM
MD
LG