Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Загінулыя ў Самалі пілёты застрахаваныя ўсяго на 15 тысяч даляраў?


Ігар Карней, Менск Сёньня ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку пройдзе нарада экспэртаў краін-сяброў Рады Бясьпекі, якая разгледзіць трагічныя інцыдэнты зь беларускімі транспартнымі самалётамі "Іл-76" у Самалі 9 і 23 сакавіка. Мяркуецца, што зацікаўленыя бакі зьвернуцца да ўрадаў шэрагу афрыканскіх краінаў з заклікам забясьпечыць эвакуацыю дзесяці беларускіх інжынэраў і целаў адзінаццаці загінулых пілётаў. Між тым, сваякам загінулых дагэтуль невядома, калі ў Беларусь прывязуць труны.

Надзея і Арцём Сычуговы рана страцілі бацькоў. Надзея расказвае, што брат ад маленства хацеў стаць лётчыкам, мэтанакіравана ішоў да сваёй мэты, атрымаў спэцыяльнасьць авіятэхніка і на мінулым тыдні быў накіраваны ў першую камандзіроўку:

“Гэта ягоная мара была, я цудоўна ведала, як ён хацеў быць авіятарам. І вось адбылася ягоная першая камандзіроўка. Натуральна, з бацькамі мы калісьці раней ляталі, але што тычыцца працы, то гэта было яго першае прафэсійнае заданьне. Дагэтуль ён не лятаў… Так склаўся лёс, што мы толькі ўдваіх засталіся, а цяпер я страціла апошняга блізкага чалавека”.

Расказаць сястры пра афрыканскія ўражаньні 23-гадовы Арцём не пасьпеў: падчас узьлёту з аэрапорту Магадышу "Іл-76" быў абстраляны радыкальнымі ваеўнікамі, рухнуў на зямлю і згарэў у салярцы, што выцекла з бакаў.

Навошта спатрэбілася тэрмінова ляцець у Самалі пасьля таго, як за тыдзень да трагедыі ледзьве не разьбіўся яшчэ адзін "Іл-76"? У “Трансавіяэкспарце” тлумачаць: калі падбіты самалёт пакінуць без нагляду, яго разрабуюць.

Таму сцэнар быў такі: у Магадышу закідаюць спэцыялістаў, якія два тыдні будуць разьбіраць борт — найперш здымаць рухавікі. А ўжо пасьля плянаваўся яшчэ адзін рэйс, каб забраць людзей разам з тэхнікай. Такім чынам, самалёт быў зьбіты менавіта тады, калі пасьля высадкі тэхнікаў зьбіраўся адлятаць у Менск.

Сёньня кіраўніцтва кампаніі “Трансавіяэкспарт” сабрала сваякоў загінулых пілётаў. Аднак, як кажа Надзея Сычугова, нічога пэўнага яны не пачулі. Прынамсі, падрыхтаваны да вылету самалёт, які меўся забраць з Магадышу брыгаду тэхнікаў і целы загінулых, так туды і ня вылецеў:

“Казалі, што была магчымасьць больш-менш бясьпечная, але штосьці не атрымалася, таму рэйс адмянілі. Сказалі так: спадзяваліся, што гэта магло быць учора, але нічога не атрымалася. Таму цяпер усе застаюцца ў аэрапорце Магадышу — як жывыя людзі, брыгада тэхнікаў, так і труны”.

“Скажыце, калі ласка, але ж экіпаж быў застрахаваны?”

“Так, я якраз прыехала з Варшавы, мы перад вылетам размаўлялі, і брат сказаў, што застрахаваўся на мяне. І ў “Трансавіяэкспарце” сёньня сказалі, што яны ўсім гэтым будуць займацца. Але мяне, шчыра кажучы, гэтае пытаньне ў гэтай сытуацыі ня вельмі турбуе”, — сказала сястра загінулага авіятэхніка.

Ні пра тэрміны дастаўкі целаў на радзіму, ні пра магчымыя кампэнсацыйныя выплаты ніякай інфармацыі няма. Бальшыня сем’яў наўпрост залежалі ад заробкаў авіятараў, і цяпер іх чакае надзвычай цяжкі час.

Як стала вядома, лётчыкі былі застрахаваныя на 15 тысяч даляраў кожны, што мізэрна ў параўнаньні з той жа Расей, дзе на 75 тысяч даляраў кампаніі страхуюць пасажыраў, ня кажучы пра пілётаў.

У Міністэрстве замежных справаў запэўніваюць: дзяржава робіць усе магчымыя захады для вяртаньня на радзіму целаў загінулых пілётаў і камандзіраваных тэхнікаў.

Гаворыць прадстаўнік ведамства Андрэй Папоў:

“Нашымі дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі, найперш у Нью-Ёрку і Абу-Дабі, зроблена вельмі сур’ёзная і вялікая праца. Яна каардынавалася і вялася ў шчыльным узаемадзеяньні з нашым дэпартамэнтам авіяцыі. Галоўная мэта высілкаў — даць максымальна канкрэтныя гарантыі басьпекі для рэалізацыі эвакуацыйна-выратавальнай апэрацыі. Магу толькі сказаць: на гэты час мы падышлі да практычных варыянтаў рэалізацыі апэрацыі, яны існуюць”.

Дэталяў спадар Папоў не падаў, спаслаўшыся на “вельмі спэцыфічную сытуацыю ў Самалі”. Паводле прадстаўніка МЗС, ніякая інфармацыя не павінна трапіць перадусім да лідэраў тэрарыстычных груповак.

Надзвычайнае здарэньне такога маштабу ўва ўсім сьвеце прыраўноўваецца да нацыянальнай трагедыі. Аднак у Беларусі 25 сакавіка, на наступны дзень пасьля трагедыі, на пляцоўцы аэрапорту “Менск-1” улады распарадзіліся правесьці канцэрт.
XS
SM
MD
LG