Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Баліць мая душа глядзець на гэтую анархію”


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў за 28 сакавіка. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Спадарыня: “Баліць мая душа глядзець на гэтую анархію. Вось сёньняшні дзень мяне вельмі ўразіў. Наш калгас раскідалі, далучылі да Броньнікаў. Няўжо ён настолькі багаты?! Там людзі крадуць, нахабна прадаюць, п’юць, скандаляць з чужымі людзьмі. І на гэта старшыня калгаса глядзіць спакойна. Няўжо ён ня бачыць?! Усе будынкі параскрываныя. У мяне баліць душа глядзець на гэта. За што нашы беларускія людзі паклалі галаву, абараняючы сваю Радзіму, якую нашы нахабныя чыноўнікі заганяюць на той сьвет?! Куды ж такое годна? Будынкі новыя разьбіраюць… Навошта ж Вы такія грошы ўклалі?! Гэта ж дзяржаўныя грошы! Сёньня наш прэзыдэнт Лукашэнка крычыць, ён за праўду, дык дзе ж гэтая праўда? Калі ж яна будзе?! У мяне баліць душа глядзець на палі. Каровы кормяцца раз на дзень. І тое яны ня бачаць ні мукі, нічога. Даяркі малако дахаты носяць і нават па вёсках прадаюць. Куды ж глядзяць нашы чыноўнікі? Куды глядзіць наш кулак? Ён жа бачыць гэта ўсё, але ніяк не рэагуе! Калі ж гэта ўсё спыніцца?! Мая ўся душа баліць, уся мая душа разрываецца! Калі шматдзетныя людзі папросяць пра нейкую дапамогу, яны адразу кажуць, што ў іх няма рэсурсаў. Дык якія могуць быць рэсурсы, калі яны ўсё роўна прападаюць?! Калі ж Лукашэнка возьмецца за галаву ды праедзе па палях, ды гляне на бур’ян?! Раней жа палі ўгнойвалі, яны давалі добры ўраджай!”

Спадар: “Па-першае, зь пераходам на летні час у Вас зьмяніліся хвалі, як вядома, у мяне значна пагоршыўся Ваш прыём. Вось цяпер зусім не знайшоў. У мяне стары лямпавы прымач “Латвія”, трошачкі а 7-й гадзіне было нешта чуваць, потым зьнікла. Так што зранку яшчэ трошачкі лаўлю. На сярэдніх хвалях -- няма. Вось такая непрыемная навіна. Ну, і па-другое, справаздача. Зьезьдзіў у Менск, быў на Кастрычніцкім пляцы яшчэ за гадзіну да афіцыйнага збору там. Вось так бы і трэба было рабіць – зьбірацца на гадзіну раней. Тады б можна было б там сьцяг разгарнуць і зьнікнуць адтуль, пайсьці на Акадэмію навук. На жаль, мне не ўдалося ўгаварыць ні малодшага Вячорку, ні старэйшага, каб далі дазвол прачытаць там мае ваершы пра Плошчу. Усё не хапала часу, усё ў іх там запраграмавана. Хуценька гэта ўсё згарнулі. Ну, чытаў ужо так, невялікаму колу слухачоў. Некаторыя два-тры чалавекі мяне пазналі па Радыё Свабода, давалі мне чытаць уголас “Зьбірайся, народзе, гуртуйся!”, “Плошча наша, ты нас дачакалася, Плошча”. Заходзіў у рэдакцыю “Народнай Волі”. Паклалі ўсе мае допісы ў архіў, ніякай рэакцыі. Вось і Вам таксама не пішу, бо баюся, што ўсё гэта ляжа ў архіў. Ніхто гэта не пачуе, не пабачыць, не пачытае. Не заўважыў нейкіх відных асобаў, тых жа пісьменьнікаў Барадуліна ці Бураўкіна. Ну, вядома, што некаторыя ўжо старыя, хворыя… Вось Бандарэнка казала, што прыйдзе, але ня бачна было. Ды і ўвогуле хіба для мільённага гораду нейкіх 7 тысяч, ня ўлічваючы тых, хто прыехаў. Гэта свайго роду ганьба жыхарам Менску. Ходзяць па вуліцах, п’юць піва, іншымі справамі займаюцца. На дзьве гадзіны вырвацца няма ў людзей ні волі, ні жаданьня. Апатыя поўная. Ну, а тыя хто там, гэта, канечне, малайцы, гэта героі будучыя. Будучай вольнай Беларусі. Спадзяюся імёны некаторых зь іх будуць увекавечаныя ў назвах вуліц, мястэчак і гэтак далей. Ну, а цяпер заглухла зноў. Нейкае ажыўленьне будзе толькі падчас “Чарнобыльскага шляху”. А так працы ніякай. І мне падалося, што гэтыя лідэры Вячорка, Лябедзька, калі дарываюцца да мікрафона, то страчваюць усякае пачуцьцё меры і балбочуць, прабачце за выраз, аб адным і тым жа: “Каб нас тут было 40 ці 100 тысяч”. А што зрабіў Лябедзька, каб хаця б суседа па пляцоўцы запрасіць?”

Майсеенка Генадзь, карэнны мянчук, які 12 год вымушаны жыць у вёсцы: “Прывітаньне! Я чую сваім зьнямоглым сэрцам і, дзякуй Богу, не зламанай лёсам душою, што пасьля зьнішчэньня лукашызму трэба ня толькі таксама ўшчэнт пазьнішчаць усе без выключэньня праявы саветызму ў саўковай Беларусі, але ж трэба, як мага хутчэй, зьнішчыць і самую вёску і наёмнае сялянства ў Беларусі наагул. На зямлі павінен быць толькі адзін гаспадар – фэрмэр, які мае адзінае права чапаць зямлю і вырошчваць на ёй, што ён пажадае і што яму выгодна, не перашкаджаючы экалёгіі і статусу самога існаваньня люду на зямлі. Астатнія ж, уключна тых гараджан, што маюць лецішчы, павінны мець права толькі на кветкі або сады пры ўмове, калі здадуць іспыты на гэта. Або нягледзячы на іх заслугі і ўзрост, калі не працуе розум і душа, вон зь зямлі, вон са сваіх сядзібаў і лецішчаў назаўжды. Нават і тады, калі самі нарадзіліся і жылі амаль усё свае жыцьцё ў гэтых вёсках пры лецішчах сваіх. Час натуральнай звычайнай гаспадаркі, агародаў і лецішчаў у сучасным сэнсе скончыўся назаўжды, як і час самога выжываньня на вёсцы, калі сам люд гэтага не разумее. Бо лепей лясы, палі, рэкі застануцца амаль некранутымі чалавецтвам для нашых нашчадкаў, чым голая пустыня ды выміраньне, пасьля якога ня будзе ні беларусаў, ні Беларусі”.

Спадарыня: “Спадару Жданко наконт агляду пошты. Не ўбівайце ў галаву маладым, што ў 1991 годзе вельмі лёгка дасталася незалежнасьць і воля Беларусі ад расейскай акупацыі. Нічога лёгкага не бывае. Лёгка бывае толькі таму, хто нічога ня робіць. А нам., усім тым беларусам, хто змагаўся і змагаецца за незалежнасьць Беларусі ад расейскай акупацыі, было вельмі нялёгка і ў 91-м годзе, і ў 92-м, і ў 93-м, і цяпер ня лёгка”.

Спадар: “Пахвальна, што на Дзень Волі 3 ці 5 тысяч чалавек выйшлі на вуліцу. Сапраўдны беларус – гэта той, хто паважае сваю мову, сваю культуру, культуру продкаў сваіх. А дыктатар звычайна займаецца самадурствам. У свой час Брэжнеў мэдалі сабе вешаў, цытаты свае навязваў усім, некалькі мільёнаў свайго насельніцтва. Так што трэба баяцца такіх людзей. А Лукашэнка мяняе сымболіку, мяняе назвы вуліц і ўвесь час будуе свае лядовыя палацы”.

Спадарыня: “Цалкам згодная зь меркаваньнем Вінцука Вячоркі: калі некаму нешта не падабаецца, як робяць іншыя, пакажы прыклад, зрабі сам інакш, навучы тых, хто памыляецца, пакажы, як трэба рабіць. На жаль, у любой справе знойдуцца людзі, якія ніколі не адарвуць свой зад ад канапы, хто заўсёды знойдзе…”

Уладзімер Зьвернік: “28 сакавіка на “Свабодзе” прагучала тэлефанаваньне менскага студэнта Дзянісава, які абвінавачваў бацькоў, што яны нібыта ня здолелі захаваць нацыянальную сымболіку. Мне цяжка з гэтым пагадзіцца. Я добра памятаю, што адным з чатырох пытаньняў, які высунуў на рэфэрэндум у 95-м Лукашэнка, было пытаньне аб зьмене сымболікі. Але ж за гэтую зьмену бацькі аддалі 48 “з хвосьцікам” адсоткаў, закон жа патрабуе 50 + 1 голас. Такім чынам, прапанова Лукашэнкі была бацькамі правалена. Зацьвердзіць вынікі рэфэрэндуму павінен быў Вярхоўны Савет, але ж ён гэтага не зрабіў аж амаль паўтары гады. І толькі калі легітымны парлямэнт быў брутальна разагнаны, тады сваім указам ці дэкрэтам Лукашэнка зацьвердзіў той вынік рэфэрэндуму. Вядома, што ні дэкрэт, ні ўказ ня маюць юрыдычнай сілы для гэтага перад Канстытуцыяй і законамі. То бок, легітымнасьць існуючай цяпер сымболікі вельмі сумнеўная”.

Спадарыня: “Зь пераходам на летні час Вас наагул у эфіры не знайсьці. Вы зьяўляецеся толькі каля 15 хвілін на восьмую. А так увесь час нейкія арабы на Вашых хвалях працуюць. Разьбярыцеся, калі ласка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG