Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія левыя хочуць Лукашэнку


Ігар Карней, Менск Тыдзень таму дэпутат расейскай Дзяржаўнай Думы Андрэй Савельеў заявіў пар намер стварыць патрыятычную партыю на базе крыла партыі “Родина”. Паводле Савельева, цяперашні яе кіраўнік Дзьмітрый Рагозін гатовы саступіць партыйную пасаду Аляксандру Лукашэнку. Але неўзабаве ідэя набыла больш амбіцыйныя формы – праз год вылучыць Лукашэнку ў прэзыдэнты Расеі. Пакуль самаагалошаны “народны рух” “Лукашэнка-2008” працуе ў інтэрнэт-прасторы, аднак напачатку красавіка актывісты абяцаюць выйсьці на расейскія вуліцы і паказаць рэальнае волевыяўленьне грамадзянаў.

Паводле плянаў расейскіх палітыкаў левага кірунку, Аляксандар Лукашэнка можа легалізавацца ў Расейскай Фэдэрацыі праз новаўтвораную структуру пад назвай “Вялікая Расея”. Аргкамітэт гіпатэтычнай партыі паведаміў Фэдэральнай рэгістрацыйнай службе Расеі аб правядзеньні 5 траўня 2007 году заснавальнага сходу. Цяпер юрысты вывучаюць, як прыцягнуць у свае шэрагі грамадзяніна Беларусі Лукашэнку.

Арганізатары кажуць, што галоўная мэта – даць расейцам выбар. Старшыня аргкамітэту руху “Лукашэнка-2008” Аляксей Канурын заявіў: прэзыдэнт Беларусі нічога ня ведае аб існаваньні падобнай ініцыятывы. Учора гэта ж журналістам пацьвердзіў і сам Лукашэнка. Аднак дарадца Канурына Ігар Півавараў кажа, што ніякіх карэктываў у іх працу гэта не ўнясе:

“Пакуль зь Менску нейкай асаблівай рэакцыі няма; ёсьць камэнтары, але яны і па нашым руху, і па заяве Савельева прыкладна адны і тыя ж: гэта расейская зьява, не інспіраваная беларускімі ўладамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, Лукашэнка ня мае права ўзначальваць партыі, але пра іншыя краіны нічога не сказана.”

“Блазенства...”

Неангажаваныя пад беларускага лідэра расейскія палітыкі штурханьне Лукашэнкі ў вышэйшыя эшалёны ўлады называюць смехатворным.

“Я да гэтага сур’ёзна ня стаўлюся, не лічу, што гэта небясьпечна. Гэта звычайнае “шутовство”. Шанцаў у досыць разьвітай краіне (ў дэмакратычным сэнсе) у Расеі ў Лукашэнкі нават у цяперашнім яе стане няма ніякіх”, – кажа лідэр Партыі эканамічнай свабоды Канстанцін Баравы.

Карней: Ці самастойная гэта ініцыятыва?

“Такіх ініцыятыў самастойных не бывае. Зразумела абсалютна, што Менск прыклаў сюды руку. Гэта халуйская такая ідэя і ўзроўнем правінцыйнасьці яна цалкам адпавядае ўяўленьню Лукашэнкі аб тым, што такое добра, і што такое дрэнна”, – мяркуе Баравы.

“Аўдыторыя Лукашэнкі – не ў Інтэрнэце”

Арганізатары збору подпісаў абяцаюць неўзабаве выйсьці зь віртуальнай прасторы і паказаць, хто рэальна ў Расеі карыстаецца аўтарытэтам.

“У першы тыдзень красавіка будуць праведзеныя пікеты са зборам жывых подпісаў. Тады мы рэальна будзем бачыць, колькі людзей у Расеі за Лукашэнку. Бо “аўдыторыя” Лукашэнкі ў Расеі – гэта не інтэрнэт-аўдыторыя. Гэта простыя людзі – рабочыя, калгасьнікі, сяляне, якія альбо ня маюць доступу да інтэрнэту, альбо калі і маюць, то ў вельмі абмежаваным фармаце”, – гаворыць Ігар Півавараў.

“У Расеі за грошы робіцца ўсё”

Беларускі палітык Васіль Лявонаў, які апошнім часам працуе ў Расеі, да намераў “каранаваць” Лукашэнку гэтаксама ставіцца скептычна:

“Сур’ёзныя людзі гэта не ўспрымаюць, а несур’ёзныя – успрымаюць.”

Карней: “Напачатку красавіка арганізатары зьбіраюцца выйсьці на вуліцы!”.

“Калі добра гэта ўсё аплаціць (а ў Расеі за грошы робіцца ўсё), то нешта і зьбяруць. Грошы зараз ёсьць, таму гэта якраз не праблема. Хоць асабіста я не лічу, што гэта сур’ёзная кампанія. Але гэта цалкам прадказальны варыянт, і нічога нечаканага ў гэтым няма. Могуць усплыць нават і іншыя варыянты”.

Гл. таксама

• Народное движение Лукашенко-2008
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG