Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад падаражаньнем з крамаў разьмятаюць імпартную тэхніку


Галіна Абакунчык, Менск У крамах пакупнікі актыўна набываюць замежную бытавую тэхніку. Ажыятажны попыт выкліканы прэзыдэнцкім ўказам №760, які ўступае ў сілу ад 1 красавіка. У адпаведнасьці з дакумэнтам, мяняюцца ўмовы працы з тэхнікай замежнай вытворчасьці для індывідуальных прадпрымальнікаў. Адмыслоўцы мяркуюць, што колькасьць гандляроў з-за гэтага зьменшыцца, а кошт прадукцыі падвысіцца.

Найбольшая колькасьць людзей зараз каля аддзелаў з тэлевізарамі, музычнымі цэнтрамі, пральнымі машынамі. Гутару з пакупніцай менскага ЦУМу.

“Якой тэхнікай вы цікавіцеся і чаму? Ці чулі што-небудзь пра падаражаньне?”

Спадарыня: “Я цікаўлюся пральнай машынай, бо чула пра падаражаньне. І хачу набыць самым бліжэйшым часам, пакуль яны маюць цяперашні кошт. Канечне, я б і адклала бы гэтую пакупку, але лепш я пазычу грошай і набуду цяпер, каб пасьля не пераплачваць”.

Падвышаны попыт і на імпартныя тэлевізары, кажа прадавец крамы “Электрасіла” Аляксандр Астраўцоў:

“Такі ажыятаж зьявіўся. Шмат хто прыходзіць, і ў іх ажно рукі дрыжаць, стараюцца набыць нейкую тэхніку, каб пасьля не пераплачваць. Зараз вы вось бачыце, нават паліцы становяцца пустымі”.

“Ці добра гэта для вашай крамы?”

“Гэтае пытаньне мае два бакі: з аднаго боку – добра. А другое – а што будзе пасьля 1 красавіка? Калі людзі будуць заходзіць і бачыць высокія кошты, яны ня будуць набываць. І гэта ўжо нявыгадна. Навошта зараз прадаваць шмат, каб пасьля нічога не прадаваць,” – мяркуе Аляксандр Астраўцоў.

Прэзыдэнцкі ўказ №760 патрабуе новага парадку юрыдычнага афармленьня і ўвозу замежнай прадукцыі для дробных гандляроў. Фактычна пераразьмяркоўваецца продаж бытавой замежнай тэхнікі на карысьць буйных гандлёвых фірмаў і прадпрыемстваў. На думку адмыслоўцаў, гэта будзе азначаць сыход значнай колькасьці дробных прадпрымальнікаў у ценявы бізнэс і падвышэньне кошту на легальным рынку.

“Адзін чалавек кажа: я буду зачыняцца, а іншы кажа: у мяне зьнікнуць тэлевізары, застануцца электрапліты, яшчэ нешта. Словам, большая палова тавараў ад іх забіраецца. Вельмі сумны настрой у людзей. А на рынку – гэта і рост коштаў і пашырэньне гандлю без аплаты падатку”, – гаворыць актывіст прадпрымальніцкага руху Аляксандр Макаеў.

Сэнс прэзыдэнцкага ўказу № 760 камэнтуе старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа:

“Гэта ёсьць працэс алігархізацыі краіны. Такія сэгмэнты ранку, як электроніка, футра ці парфума, яны цікавыя для нейкіх чыноўнікаў, прыдворных бізнэсоўцаў. Таму гэта пойдзе ў буйныя гандлёвыя арганізацыі, пад добрымі “дахамі”. І гэта відавочна, што кошт гэтых груп гандлёвага асартымэнту будзе ўзрастаць для пакупніка”. Гл. таксама

• Чаму прадпрымальнікі выйшлі на мітынг пратэсту?

• Ці могуць прыватныя прадпрымальнікі абараніць сябе?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG