Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Абеды ў Івянцы


Ягор Маёрчык, Івянец Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Карэспандэнт: “Дзе ў Івянцы можна пад’есьці, спадар Вінцэнт?”

Солтан: “Складанае пытаньне. Ня кожнага разу можна пад’есьці. Рэстарацыя была. Яна ўжо амаль развалілася і не працуе.



Ёсьць кавярня “Загадка”, але там выходны. Ёсьць сталоўка, але яна працуе па спэцыяльных замовах. Калі б мы там замовілі абед, яны б падрыхтавалі”.

Карэспандэнт: “А дзеля двух чалавек яны адчынілі б сталоўку?”

Солтан: “А вось гэтага ня ведаю”.

Дадам, што сёньня мы яшчэ заходзілі ў краму “Гаспадарчыя тавары”, дзе таксама ёсьць кавярня. Там вісіць цыдулка: “Я захварэла”. Туды мы таксама ня трапілі.

Такім чынам, мы цяпер знаходзімся ў прыватнай краме, якая называецца “Ганна”. Тут ля стойкі два крэслы, на якія можна прысесьці. Частуемся — гарбатай, кавай і заварнымі крэмаўкамі. Болей тут нічога няма, каб падесьці. Астатняе — кілбасы, селядцы, мяса, куры і паўфабрыкаты.

Да размовы з запрошаным на абед івянецкім сталяром, кіраўніком валожынскай суполкі Партыі БНФ мы яшчэ вернемся.

Я стаю ля прахадной кандытарскай фабрыкі “Іўкон”. Сярод прадпрыемстваў Івянца (а тут яшчэ ёсьць фабрыка ганчарных вырабаў, птушкафабрыка, завод дарожных знакаў і прадпрыемства апрацоўкі драўніны) “Іўкон” вылучаецца адразу паводле некалькіх пазыцыяў.

Гэта сумеснае беларуска-кіпрыйскае прыватнае прадпрыемства. Тут выпускаюць цукеркі. Да нядаўняга часу асноўным рынкам збыту была Расея. Але пасьля таго, як там зарэгістравалі гандлёвыя маркі, які назвамі й рэцэптамі супадаюць з прадукцыяй “Іўкону”, экспарт беларускіх ласункаў істотна скараціўся.

Я з асалодай удыхаю паветра, якое поўніцца водарам карамэлі й шакаляду. Пра свае адчуваньні паведамляю начальніку кацельні фабрыкі Віктару Прусевічу. Ён са зьдзіўленьнем паглядае на мяне: няма ў паветры ніякіх пахаў. Спадар Прусевіч тут жа дадае, што шмат гадоў працуе на фабрыцы, ад таго, мабыць, ўжо і не адчувае водару ласункаў.



Карэспандэнт: “Мінулым разам мы з вамі размаўлялі, і вы падалі такую лічбу, што фабрыка згубіла прыкладна палову рынкаў збыту. За гэты месяц сытуацыя палепшылася?”

Прусевіч: “Не. Яна засталася на тым самым узроўні, а мо нават і пагаршаецца. Але мы пачалі выходзіць на іншыя рынкі — Сярэдняя Азія і Закаўказьзе. Сталі рабіць болей усходніх ласункаў. Адбываецца пераарыентацыя на менш энэргаёмістую прадукцыю.

Наша кіраўніцтва езьдзіла ў Польшчу. Там набылі новае абсталяваньне. Яно не патрабуе шмат энэргіі. Газ, які мы спажывалі, падлічваўся ўмоўна. А сёньня будзе ўсталяваны новы сучасны лічыльнік. Усе працэсы будзе кантраляваць кампутар. Ужо сам сябе не падманеш”.

Карэспандэнт: “Колькі вам каштуе адзін паход у краму?”

Прусевіч: “Кожны раз пакідаеш там тысяч дваццаць. Гэта хлеб, малако, сьмятана, кавалачак каўбаскі”.

Карэспандэнт: “Месяц таму за гэтыя самыя харчы колькі вы ў краме пакідалі? На колькі яны падаражэлі?”

Прусевіч: “Адсоткаў на пятнаццаць. Калі батон яшчэ тыдзень таму каштаваў 870 рублёў, то сёньня ён 1170”.

Карэспандэнт: “Калі кошты растуць, а заробак не падвышаецца, вы ад нечага адмаўляецеся?”

Прусевіч: “Сёньня ў нас пост. Можна было і трохі папасьціць. Можна было б набыць агуркоў, яблыкаў, апэльсінаў. Але я гэтага сабе дазволіць не магу”.

Да ведама: мястэчка Івянец з насельніцтвам 5 тысяч чалавек знаходзіцца ў Валожынскім раёне Менскай вобласьці. Да райцэнтру адсюль — 35 кілямэтраў, да Менску — 60.

Я вяртаюся за барную стойку ў прыватнай краме “Ганна”. Тут з грамадзкім актывістам Вінцэнтам Солтанам мы п’ем хто каву, а хто гарбату, закусваем крэмаўкамі. Спадар Солтан, нагадаю, кіраўнік Суполкі БНФ.



Карэспандэнт: “Як даўно жывяце ў Івянцы? І ці даўно далучыліся да грамадзкай справы?”

Солтан: “Прайшло болей за дваццаць пяць гадоў, як я пабудаваў хатку. Да грамадзкай справы? Гэта мне перадалося ад майго таты. Ён быў сьвядомы беларус. Ведаў гісторыю Беларусі. У 1939 годзе ён быў у складзе Войска польскага і трапіў у палон. Да 1945 ён быў у Нямеччыне. Там ён пазнаёміўся зь беларусамі Бэрліна. Тата распавядаў мне і пра бел-чырвона-белы сьцяг, і гісторыю”.

Яшчэ адзін удзельнік лютаўскай праграмы “Абеды ў Івянцы” — пэнсіянэр Мікалай Куксо, ён прымае мяне ў сваёй хаце. На стале хутка зьяўляецца кава і цукеркі. На першы погляд, дабрабыт колішняга судзьдзі, колішняга агітатара-прапагандыста і колішняга настаўніка (у адной асобе) не пагоршыўся. Мікалай Куксо раскрывае сакрэт. Кажа, што мяняе патрабаваньні да жыцьця ў адпаведнасьці з новымі цэнамі ў крамах.



Куксо: “Той раз мы з вамі гаварылі пра харчы. Магу даць маленькую даведачку. Кілька была 2500 рублёў, цяпер 2700. Яйкі падаражэлі на 20 рублёў за дзясятак. Пячэньне “Алёнка“ было 3100, а цяпер 4800. Некалькі разоў на пошце даражэлі капэрты.

Я маю 52 гады працы і зьяўляюся вэтэранам працы. Вэтэраны працы маюць права на бясплатнае абслугоўваньне ў стаматалёгіі. Сёлета мне рабілі бясплатныя пратэзы на зубы. Са мной у чарзе сядзеў чалавек, які заплаціў 370 тысяч, а пэнсія ў яго 270 тысяч. Падумаце, як ён будзе жыць? Зубы ёсьць, а есьці ня будзе чаго”.

Карэспандэнт: “Як настроі ў людзей? Эканоміка ўплывае?”

Куксо: “Часам атрымліваецца своеасаблівы мітынг. Удзельнічае чалавек пятнаццаць. Гутарка пачыналася з таго — “А чаму гэта ў нас такі Нацыянальны сход, што ня могуць прыняць нармалёвага закону, а толькі адныя ўказы ды дэкрэты выходзяць?”

Такі выпадак: у нас тут жыве бацька аднаго супрацоўніка службы аховы прэзыдэнта. Ён і кажа: “Во як добра, што разагналі людзей на плошчы. Я хоць цяпер намёт маю”. Маецца на ўвазе тая палатка, якая стаяла на плошчы Каліноўскага. Як на гэта рэагавалі? “Як гэта ты радуесься чужому: на халяву схапіў палатку!” Людзі адмоўна рэагуюць. Глядзяць на яго як на марадэра”.

Вінцэнт Солтан кіруе суполкай БНФ апошнія дзесяць гадоў. Адпаведна, увесь гэты час актыўна ўдзельнічае ва ўсіх палітычных кампаніях.

Паказальна, што ў часе леташніх выбараў прэзыдэнта, калі Івянец наведаў адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч, Солтан дамогся, каб адчынілі згаданую ўжо сталоўку. І тады Мілінкевіч разам са сваімі паплечнікамі абедаў менавіта там.

Карэспандэнт: “Год таму ў Беларусі адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Які памяняліся настроі людзей? Ці памяняліся?”

Солтан: “Настроі ў Івянцы заўсёды былі дэмакратычныя. Большасьць людзей ня вераць у вынікі тых выбараў Людзі вельмі адмоўна ставяцца да таго, што іх сілком заганялі на датэрміновае галасаваньне. Магчыма, крыху пабольшала апазыцыйных настрояў.

У пазамінулым месяцы мы праводзілі культурніцкае мерапрыемства, сабралася нейкіх дзесяць чалавек. А вось празь месяц прыйшло ўжо сямнаццаць. Стала болей прыхільнікаў дэмакратыі, але людзі сталі болей баяцца. Яны могуць гаварыць на кухнях, яны могуць размаўляць у прыватнай сустрэчы, але яны баяцца выступіць публічна. Баяцца страціць працу.

Думаю, што значных зьменаў ня будзе. Як ты ні круці, а эканамічная сытуацыя пагаршаецца. Мне часта людзі задаюць пытаньне: “Калі?” Я ім даю просты адказ: пакуль вар’яты пры ўладзе, нічога ня зьменіцца”.

Да тых, хто ўсё разумее, але баіцца выказацца публічна, Вінцэнт Солтан адносіць свайго знаёмца. Трыццацігадовы хлопец працуе на прадпрыемстве “Крыніца”, якое выпускае дарожныя знакі. Маладая сям’я ўзяла крэдыт і набыла аўто. Выплата пазыкі расьцягнута на тры гады.

Карэспандэнт: “Ці не паўстае праблема пагашэньня пазыкі? Колькі штомесяц трэба выплачваць?”

Спадар: “120 тысяч. На працы ўсяго заробку не аддалі, а толькі аванс — 180 тысяч”.

Карэспандэнт:“І вы са 180 тысяч пагасілі крэдыт на 120?”

Спадар: “Так. У мяне цяпер такі самы заробак, як і тры гады таму. Кошты растуць, а заробак — не”.

Карэспандэнт: “А які стан прадпрыемства?”

Спадар: “Не сказаць, што мы ідзем на пад’ём. Нешта ўсё заціхае. Прастой на прадпрыемстве. Няма працы. Я думаю, што няма сродкаў, калі яны нават ня могуць аддаць таго, што мы зарабілі”.

Карэспандэнт: “За тры месяцы гэтага году што ў вашым жыцьці зьмянілася?

Спадар: “Што да камунальных плацяжоў, то сам я моцна не адчуў. Ці то мы няшмат плацім, ці то няшмат палю. Але ў хаце я стараюся лішнюю лямпу выключыць. А на прадпрыемстве наконт цяпла дык і добра сталі эканоміць. Пасьля Новага году батарэі заўважна пахаладнелі”.

У краме “Ганна” мы зь Вінцэнтам Солтанам дапіваем свае каву і гарбату. Абед скончаны.

Карэспандэнт: “Прайшоў месяц ад часу мінулай праграмы пра Івянец. Як мястэчка пражыло гэты месяц? Што зьмянілася?”

Солтан: “Вонкава амаль нічога не зьмянілася. Значных эканамічных праблемаў людзі не адчуваюць. Мяркую, што наступнай зімой будзе заўважна”.

На двары івянецкай школы двое працоўных пілуюць дошкі. Гэта яны рыхтуюць паліва для кацельні, якая абагравае клясы. У вэстыбюлі — паўзмрок, эканомія электрычнасьці.

Настаўнік матэматыкі Іван Вальчэўскі пайшоў быў на пэнсію, але яго папрасілі вярнуцца, папрацаваць яшчэ. Цяпер спадар Ваўчэўскі атрымлівае і заробак і пэнсію. Кажа, каб было нешта адно, не хапала б, а так нястачы не адчувае.



Карэспандэнт: “Як мяняецца атмасфэра ў школе? Мінулы раз разважалі пра тое, што ўводзілі ў вас жорсткую эканомію электрычнасьці. А што цяпер?”

Вальчэўскі: “Падтрымліваюць неабходны рэжым. Не сказаць, што ў клясах халодна. Перарасход у нас быў вельмі значны, але на дзецях ніхто не эканоміў. За ўсё прыйшлося адказваць дырэктару, атрымаў прачуханку. Ён нават пісаў тлумачальную. Разумны чалавек — так і патлумачыў, што нельга эканоміць на здароўі дзяцей”.

Карэспандэнт: “А як мяняецца жыцьцё людзей?”

Вальчэўскі: “Калі раней я на рынку павінен быў ля любога камэрсанта пастаяць у чарзе, то сёньня гэтага няма: падыходзь і набывай. Людзей няма на рынку. Жыцьцё ў лепшы бок памяняцца і не магло. Цэны як расьлі, так і растуць. Прыйшлі цэтлікі на электрычнасьць і на газ, давялося заплаціць значна даражэй. За газ я заплаціў тысяч на дванаццаць болей, чым за той самы месяц летась. Электрычнасьць таксама падрасла: некалі ўкладваўся ў восем тысяч, а цяпер — дванаццаць”.

Карэспандэнт: “Вы хату ацяпляеце газам. Самі ці пачалі нейкую эканомію?”

Вальчэўскі: “На ноч мы кацёл адключаем, і хата ўжо не абаграецца. Раней калі глядзелі тэлевізар, яшчэ і лямпа гарэла. Цяпер: калі добра сьцямнее, толькі тады яе ўключаем. Той месяц у мяне нагарэла 340 кубоў газу, у гэтым плянуе ўкласьціся ў 200. Тое самае і ў электрычнасьці: раней было 14 кіляват, а цяпер глядзеў на лічыльнік — няма і 80”.

Карэспандэнт: “А як вашая котка?”

Вальчэўскі: “Ласуецца путасу, але ўжо мала. Яшчэ менш, чым месяц таму”.

Карэспандэнт: “Колькі вы цяпер даяце?”

Вальчэўскі: “Адзін невялікі кавалак на дзень. А раней давалі, колькі яна хацела. Пра маю котку Марту склаўся верш з той нагоды, што мы з вамі размаўлялі той раз:

Што стабільнасьць — Ня больш, чым лухта, Нават котка мая разумее, Прасьвятляе суседа-ката:

“Путасу з кожным днём даражэе!” Паднялася цана ўдвая — Нам ня есьці больш рыбы ніколі! І кашэчая наша сям’я, як людзкая, Усохне паволі”.

І хаця на двары сакавік, Не сьпяшаецца кот на спатканьне. Не чуваць яго радасны крык, Бо галодны — глухі да каханьня”.

За абед у Івянцы — гарбата, кава і дзьве крэмаўкі — я заплаціў меней за 2 тысячы рублёў.



Празь месяц, калі буду чарговы раз зьбірацца ў гэтае мястэчка, на ўсялякі выпадак кіну ў заплечнік сабойку. А раптам зноў ва ўсіх кавярнях будзе ці выходны, ці сандзень, ці пераўлік.
XS
SM
MD
LG