Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Дашук: я мару пра цэнзуру густу і маральнасьці


Сяргей Абламейка, Прага Рэдакцыю Радыё Свабода ў Празе наведаў беларускі кінарэжысэр Віктар Дашук. Беларускаму гледачу вядомыя яго дакумэнтальныя фільмы “А зязюля кукавала” пра жыцьцё і творчасьць Янкі Купалы або “Хатынскі цыкл”. Аўтар больш ста фільмаў Віктар Дашук у апошнія гады ў Беларусі пазбаўлены магчымасьці здымаць кіно.

Абламейка: “Тэма Беларусі робіцца папулярнай у суседзяў. Нядаўна ў Празе фільм польскага рэжысэра Дэмбіньскага “Урокі беларускай мовы” ўзяў два прызы на фэстывалі фільмаў праваабарончай тэматыкі. А што цяпер адбываецца ў дакумэнтальным кіно ў самой Беларусі? Як вы ацэньваеце стан беларускай кінадакумэнталістыкі?”

Дашук: “Мне судзіць цяперашні стан беларускай кінадакумэнталістыкі даволі цяжка па адной простай прычыне, таму што ўлада ўжо 10 гадоў пазбаўляе мяне магчымасьці ўвогуле працаваць у беларускім кінематографе. Але я магу сказаць тое, што я ведаю – што ўвогуле стан беларускай дакумэнталістыкі вызначаецца на сёньняшні дзень імёнамі двух рэжысэраў. Я іх выдатна ведаю, таму што гэта мае былыя студэнты ў майстэрні дакумэнтальнага кіно, і выпуск гэтай майстэрні адбыўся ў 1993 годзе. Гэта Віктар Асьлюк і Галіна Адамовіч. Віктар Асьлюк, між іншым, сябра Эўрапейскай кінаакадэміі і мае дзясяткі прызоў эўрапейскіх фэстываляў. І я вам скажу, што на цяперашні стан кіно ў Беларусі гэта даволі сур''ёзны паказчык – паказчык таго, што мастацтва дакумэнтальнага кіно яшчэ ня зьнікла. Але гэта выключэньне з правіла, яно толькі, па старой вучнёўскай прыказцы, пацьвярджае правіла. А правіла такое, што трэба ва ўсе галасы хваліць уладу, забаронена паказваць хату ў вёсцы, дзе нейкая дзірка ў плоце побач, ці страха з саломы, а ня з шыфэру. Ідуць усе цэнзурныя варыянты былога савецкага часу”.

Абламейка: “Цяпер вельмі хутка разьвіваецца так званая народная журналістыка – практычна для кожнага даступныя лічбавыя фота- і відэакамэры. І не здарма сёньня сярод самых папулярных сайтаў сьвету – www.youtube.com, дзе разьмяшчаюцца аматарскія відэаролікі людзей з усяго сьвету. Штодзень гэты сайт глядзяць мільёны людзей. Ці не здаецца вам, што разьвіцьцё народнай журналістыкі ў інтэрнэце – гэта сур’ёзны канкурэнт дакумэнтальнаму кіно? Ці мае яно будучыню?”

Дашук: “Я думаю, яно будучыню мае, але тут існуе адзін працэс, які можа абрынуцца, як у мэдыцыне, скажам, з анкалягічным захворваньнем. Гэта цікавая рэч, таму што ўвогуле дакумэнтальнае кіно так нараджалася, гэта тая крыніца, зь якой узьнікла прафэсійнае дакумэнтальнае кіно. Але я ведаю па ўласнаму вопыту, што тыя тэхналягічныя і тэхнічныя магчымасьці, якія існуюць зараз для здымак – яны, з аднаго боку, вельмі дапамагаюць прафэсіяналам, бо можна зьняць тое, што раней прафэсійнай камэрай зьняць было нельга, а з другога боку – ідзе дыскрэдытацыя дакумэнтальнага кіно як мастацтва. Тут нажніцы такія! І гэта ўжо залежыць ад таленту, густаў і намераў, маральных ці амаральных, тых, хто гэтым матэрыялам карыстаецца”.

Абламейка: “І апошняе пытаньне – калі б вы як журналіст бралі інтэрвію ў кінарэжысёра Віктара Дашука, што б вы ў яго спыталі? І як бы адказалі?”

Дашук: “Перш чым задаць гэтае пытаньне, я б пастараўся паглядзець ягонае кіно, якое было да майго пытаньня. А паглядзеўшы, я б у яго спытаў: даражэнькі Віктар, ты зьняў больш за сотню фільмаў, і, мусіць, ня быў гатовы здымаць у падпольлі, але давялося. І вось што б ты хацеў зьняць у свабоднай Беларусі? І падумаўшы, я б яму адказаў: я баюся, што ў свабоднай Беларусі таксама будзе цэнзура, але я мару пра цэнзуру густу і маральнасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG