Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" 28 сакавіка


Юлія Шарова, Менск

Аляксандар Лукашэнка сёньня наведаў фабрыку гародніны і зрабіў там шэраг заяваў: пра новыя цяплічныя комплексы, пра вытворчасьць фітагарбаты, пра сытуацыю на валютным рынку ды пра чуткі наконт сваёй нібыта хваробы, якія зьяўляюцца ў сеціве. Удзельнікі форумаў парталу TUT.by сачылі за гэтай падзеяй.

“Усё да адной кучы – гэта па-прэзыдэнцку!”

“Дарэчы, байкі наконт хваробы збольшага на форумах TUT.by культываваліся. У іншых месцах я іх нешта не заўважаў. Няўжо Лукашэнка чытае форумы?”

“Напэўна, я крыху прытаміўся, але цягам гэтага часу я не спыняў хакейныя трэніроўкі. Нават у гэтых умовах я прызвычаіўся працаваць у экстрэмальных умовах”, -- цытуе Лукашэнку адзін з удзельнікаў форумаў і камэнтуе: -- “Вось! Нарэшце стала ўсім зразумела, што праца прэзыдэнта заключаецца ў заўсёдных хакейных трэніроўках!”

“Лукашэнка зрабіў шэраг заяваў на фабрыцы гародніны. Гародніна яго ўважліва слухала”.

Thorindwarf піша ў суполку Жывога журналу minsk_by “Ну вось, дарагія суграмадзяне, змоўнікі, саўдзельнікі мы і прыйшлі да лягічнага завяршэньня. Відаць, усё ў нашым каралеўстве трымаецца выключна толькі на адным... не, нават не чалавеку, хутчэй сымбалі... Вы запытаецеся, што гэта за загадкавы сымбаль. ЁН – адкажу я, і казаць больш нічога ня трэба. Усім і так усё зразумела. Апазыцыя мы альбо пафігісты, альбо зацятыя прыхільнікі ўлады... але нешта ў нас ёкае ўнутры, калі галоўны сымбаль краіны раптоўна, без папярэджаньня сыходзіць з галавой у “працу з дакумэнтамі”, ва ўсіх у нас паўстае адно й тое ж заканамернае пытаньне: “Дзе ЁН?”. Парушаецца звыклы лад жыцьця, нам кепска спаць па начох ад пытаньне, якое працінае галаву... Што з намі будзе безь ЯГО... Доступ да цела нашай альфы і амегі абмежаваны, згодна з прыблізнымі падлікамі ад 10 сакавіка. Мы рызыкуем пераплюнуць леташні рэкорд адсутнасьці ў тэлескрыні ўлюбёнага твару, калі ўжо не пераплюнулі. Задумайцеся, грэшнікі”.

На сайце парталу open.by сёньня праходзіла канфэрэнцыя з начальнікам цэнтру санаторна-курортнай працы “Цэнтар Курорт” Алегам Міхайлавым. Наведнікі парталу цікавіліся пра магчымасьці для адпачынку ў Беларусі. Некаторыя рэплікі герой канфэрэнцыі пакінуў без адказаў.

“Паглядзеў отпуск-бай. Плаўна: люкс аднапакаёвы – 97 даляраў на суткі са сьняданкам. То бок, 14 дзён адпачынку мне й жонцы абыдуцца ў 1400 даляраў. Турэччына: заезд на 7 начэй на 299 даляраў з харчаваньнем, пералётам, “усё ўключана”, пражываньнем. На двох 14 дзён – 1200 даляраў. Прыемнага ўсім адпачынку ў родных партызанскіх лясох!”

У Жывым журнале зьмешчана cтандартная форма ліста да старшыні ўправы Вікіпэдыі Флёранс Нібар-Дэвуар з просьбай аднавіць беларускую частку Вікіпэдыі.

А на сайце Studenty.by апублікаваны артыкул-досьлед “Чуеце суседзяў, а яны – вас?” У ім апавядаецца пра тое, як жыць у стандартных дамох з кепскай гукаізаляцыяй. “Праблемы гукаізаляцыі ў сучасным сьвеце вырашаюцца рознымі шляхамі. Як прынята шмат дзе ў Эўропе, можна пачаць прытрымлівацца правілаў грамадзкага парадку. Прапісаных і непрапісаных правілаў… Шумець да 23.00 – значыцца да 23.00. А пазьней, толькі ў тым выпадку, калі суседзяў гэта таксама задавальняе. Розныя ўзроставыя групы фармуюць свае «жылыя кварталы». Моладзі не даводзіцца сябе абмяжоўваць, калі ў іх як раз працоўны ўздым ці час для актыўнага адпачынку, бо за суседнімі сьценамі такія ж аднадумцы. А бабулям, дзядулям, ды наагул людзям іншага пакаленьня і сьветацяму жывецца таксама лёгка й ціха ў сваім асяродку са сваімі разборкамі. Рознага кшталту пакрыцьцё (паркет, дывановае пакрыцьцё etc) таксама спрыяюць гукаізаляцыі. Пры магчымасьці можна заняцца і перабудовай кватэры, а дакладней сьценаў і зрабіць іх шматслойнымі з дапамогай спэцыяльных матэрыялаў. У такім выпадку жылая плошча пакою можа зьменшыцца на пару сантымэтраў, але дадаецца крыху цішыні!»

Nutranyburatina зьмяшчае ў сваім блогу крыху літаратурнага сюру: “Джанкі Купала ехаў у шапік Белсаюздруку па каляровыя балёнікі. За ім бяжэла зграя балёнак і брахала на ўсю вёску, што звычайна абуджала абарыгенаў. Месьцічы ўжо прызвычаіліся да гэтага й нават пачыналі разумець камічнасьць сытуацыі, праўду кажучы, яны нянадта ўжо й прачыналіся... Так пальцам на левай назе трохі варухнуць ды й сьпяць далей. Яны разумелі ўсё. Інтэлегенцыя... інфармацыйны голад й усё такое. У шапіку балёнікаў не было, Купала засумаваў, што гэта за дзень нараджэньня без балёнікаў, падумаў ён, але нікому не сказаў, бо быў інтэлігентам і надзвычай выхаваным".
XS
SM
MD
LG