Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто адпачывае ў беларускіх замежных санаторыях?


Ігар Карней, Менск Пасьля таго, як летась беларускія санаторыі за межамі краіны былі пераведзеныя на самафінансаваньне і гаспадарчы разьлік, зьмяніўся і стыль працы здраўніцаў. Пазбаўленыя бюджэтнага фінансаваньня, установы мусяць самастойна зарабляць сабе на жыцьцё. Галоўная крыніца прыбытку пры гэтым – прыцягненьне на адпачынак замежнікаў.

Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта валодае шэрагам санаторыяў за межамі краіны: “Белая Русь” і “Беларусь” у расейскіх Туапсэ і Сочы, “Белоруссия” у латыскай Юрмале і “Беларусь” у літоўскіх Друскеніках, а таксама ва ўкраінскім Крыме – “Белоруссия” ў Місхоры, “Ай-Петры” ў Ялце і “Алушцінскі” ў Алушце.

Як кажуць спэцыялісты ўстановы “Цэнтар Курорт”, падпарадкаванай Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта, на пасьлясавецкай прасторы беларускія санаторыі сёньня – самыя прывабныя ў кошце і якасьці. Адсюль, тлумачаць у "Цэнтар Курорце", і папулярнасьць на адпачынак сярод іншаземцаў.

Мянчук Аляксандар Вернік днямі вярнуўся з Друскенікаў. Кажа, што сапраўды шмат там сутыкаўся з замежнікамі. Але пераважна гэта – былыя суайчыньнікі:

“Немцаў там процьма, ізраільцаў. Але я маю на ўвазе эмігрантаў, тых, хто колісь жыў у Беларусі ці ўвогуле ў Саюзе, а пасьля эміграваў у Нямеччыну, Ізраіль, іншыя краіны. Дык вось, іх настальгія душыць. Да таго ж, Літва для іх бязьвізавая. Прыехаў і атрымаў у чымсьці савецкі танны сэрвіс. Таму для іх гэта найлепшае месца. Там адзін корпус сапраўды “задрыпаны”, тыпова савецкі, кшталту піянэрскага лягеру, а другі ўжо нармалёвы. Увогуле гэта вялікая па плошчы структура: там і школа, і шпіталь. Усё, што заўгодна”.

Калі прадстаўнікоў старэйшага пакаленьня магчымасьць панастальгаваць па мінулым задавальняе, то кліентаў маладога веку беларускія здраўніцы ўражваюць мала. Вось што гаворыць Аляксандар, які летась тыдзень правёў у юрмальскай “Белоруссии”:

“Я сам жыву ў Нямеччыне, але выхадзец з Беларусі. Знайшоў выпадкова абвестку, дзе рэклямаваўся наш беларускі санаторый у Юрмале. Паглядзеў на кошты – нібыта і ня вельмі дорага. Паехаў, ну і што магу сказаць? Так, за гэтыя грошы я атрымаў сэрвіс, цалкам адпаведны гэтым грашам. Кармілі – так сабе; абстаноўка цалкам савецкая, як быццам вярнуўся ў мінулае, як і не прайшлі гэтыя гады. Думаю, болей я туды не паеду”.

Паводле афіцыйных дадзеных, у 2005-м у Беларусі адпачылі 10 тысяч іншаземцаў, а летась 30 тысяч. Сёлета гэты паказьнік мяркуецца ўзьняць да 50 тысяч. Праўда, пры гэтым маюцца на ўвазе ня ведамасныя дамы адпачынку на Нарачы ці ў Соснах, а замежныя ўладаньні, якія засталіся пасьля распаду СССР. Супрацоўніца “Цэнтар Крорту” паведаміла: нягледзячы на спакусу атрымаць болей валюты, прыярытэт для беларусаў у беларускіх санаторыях за мяжой будзе захаваны:

“У санаторыях беларускіх могуць, канешне, любыя грамадзяне адпачываць. Установы зараз пераведзеныя на самаакупляльнасьць, на камэрцыйную аснову. Таму самі прапануюць варыянты адпачынку. Гэта ідзе дакладна паводле такой жа схемы, як мы робім прыём замежнікаў у Беларусі. Яно і статыстыкай ахопліваецца, што адбываецца прыём замежнікаў у Беларусі. А каго там болей? Беларусаў, натуральна, болей. Хоць бы з таго, што там круглы год дзеці адпачываюць”.

Як паведамілі ў “Цэнтар Курорце”, асноўныя замежныя госьці на беларускіх курортах – расейцы: санаторна-курортнае лекаваньне ў Расеі каштуе на 40-50% даражэй.



Наша даведка.

1-мясцовы нумар у галоўным корпусе санаторыю ў Сочы для грамадзянаў Беларусі каштуе 1170 расейскіх рублёў за суткі; замежнік за аналягічны нумар плаціць 2880 рублёў. Розьніца ў 2-пакаёвым “люксе” яшчэ больш адчувальная – 1380 рублёў для беларусаў супраць 4150 рублёў для іншаземцаў. Амаль удвая розьняцца цэны і ў санаторыі “Белая Русь” у Туапсэ. Для грамадзянаў Беларусі 1-пакаёвы 2-мясцовы нумар – 1220 расейскіх рублёў за суткі, для іншых – 2000 рублёў. А вось у больш старых прыбалтыйскіх санаторыях розьніца ў коштах для беларусаў і замежнікаў неістотная. За стандартны 1-пакаёвы нумар у Юрмале ў дзень беларусы плацяць 72 даляры, іншаземцы -- 79. У Друскеніках, адпаведна, 42 і 43,5 даляраў. У кошт санаторнай курортнай пуцёўкі ўваходзяць пражываньне, лекавыя працэдуры і 3-4-х разовае харчаваньне. Дарога і візы – ўласным коштам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG