Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада ААН у пытаньнях правоў чалавека апынулася пад агнём крытыкі


Юрась Бушлякоў, Прага Панядзелкавае рашэньне Рады ААН у пытаньнях правоў чалавека спыніць вывучэньне сытуацыі ў Іране і Ўзбэкістане сустрэла рэзкую крытыку праваабарончых арганізацыяў і паасобных урадаў. Усё часьцей пад сумнеў ставіцца эфэктыўнасьць новага праваабарончага ведамства ААН.

Рада ААН у пытаньнях правоў чалавека была створаная летась для замены праваабарончай камісіі ААН. Гэтая камісія настолькі дыскрэдытавала сябе, што з рэзкай крытыкаю яе дзейнасьці змушаны быў нават выступіць ранейшы генэральны сакратар ААН Кофі Анан.

Асноўнай праблемаю аанаўскай праваабарончай камісіі было ўваходжаньне ў яе склад прадстаўнікоў дзяржаваў, сумнавядомых найгрубейшымі парушэньнямі правоў чалавека. Гэтыя прадстаўнікі часта аб’ядноўвалі свае сілы, робячы немагчымым расьсьледаваньне парушэньняў, дапушчаных у іх дзяржавах.

Меркавалася, што новая Рада ААН у пытаньнях правоў чалавека будзе іншай. Аднак прынятае ў панядзелак рашэньне спыніць назіраньне за сытуацыяй з правамі чалавека ў Іране і Ўзбэкістане выклікала ў сьвеце глыбокае расчараваньне.

”Згубнае рашэньне”

Выканаўчы дырэктар Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі Арон Роўдз у інтэрвію нашаму радыё назваў панядзелкавае рашэньне “згубным”. “Гэта сыгнал краінам, што ім, калі яны парушаюць правы сваіх грамадзянаў, няма чаго асьцерагацца праваабарончай Рады ААН”, – сказаў Арон Роўдз.

Галасаваньне адносна Ірану і Ўзбэкістану адбывалася за зачыненымі дзьвярыма. З дыпляматычных крыніц стала вядома, што разгляд пытаньня аб адмене сачэньня за сытуацыяй у названых краінах прайшоў з ініцыятывы Зымбабвэ, Банглядэш і Азэрбайджану. Бальшыня чальцоў рады ініцыятыву падтрымала. Устрымаліся пры галасаваньні такія краіны, як Японія, Паўднёвая Карэя, Бразылія і Швайцарыя.

Праваабаронцы не хаваюць зьдзіўленьня: чаму Зымбабвэ – краіна, дзе фіксуюцца значныя парушэньні правоў чалавека, – адыграла ключавую ролю ў прыняцьці рашэньня адносна Ірану і Ўзбэкістану; чаму пры гэтым пасіўную пазыцыю занялі прадстаўнікі шэрагу дэмакратычных краінаў?

Апошняе рашэньне Рады ААН у пытаньнях правоў чалавека нарадзіла масу пытаньняў. Усё часьцей гучаць галасы, што новае праваабарончае ведамства ААН ідзе той самай дарогаю дыскрэдытацыі, што й яго папярэдніца – Камісія ААН у пытаньнях правоў чалавека.
XS
SM
MD
LG