Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: улада не рэгіструе суполак незалежнага прафсаюзу


Радыё Свабода Магілёўскія ўлады не зьбіраюцца надалей разглядаць пытаньне рэгістрацыі суполак Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці ў Магілёве. Гарвыканкам афіцыйна паінфармаваў менскае кіраўніцтва прафсаюзу, што спыняе ліставаньне на гэтую тэму. У Магілёве ж арэндадаўца папрасіў прафсаюз вызваліць памяшканьне дзеля капітальнага рамонту.

Магілёўская эпапэя з рэгістрацыяй суполак незалежнага прафсаюзу цягнецца амаль чатыры гады. Апошні раз менскае кіраўніцтва прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці зьвярталася да магілёўскіх уладаў па рэгістрацыю месяц таму — і атрымала чарговую адмову.

Гарвыканкам патрабуе ад прафсаюзу, каб той пісьмова пацьвердзіў згоду арэндадаўцы на выдзяленьне ім памяшканьня для юрыдычнага адрасу.

У прафсаюзе сьцьвярджаюць, што патрабаваньне чыноўнікаў надуманае. Гаворыць сустаршыня беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Бухвостаў:

“Яны чапляюцца да таго, што сам арэндадаўца не дае згоды на юрыдычны адрас. З другога боку, яны ўзьдзейнічаюць на арэндадаўцу, каб ён не даваў гэтага. Хаця сама дамова гаворыць пра тое, што калі мы бярэм памяшканьне, то мы маем права на тое, каб там атрымаць юрыдычны адрас для нашай арганізацыі”.

Аляксандар Бухвостаў зьвязвае адмову рэгістраваць прафсаюзныя суполкі ў Магілёве з тым, што прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці незалежны, а незалежныя прафсаюзы ў Беларусі ўціскае ўлада.

Сытуацыя з рэгістрацыяй незалежных прафсаюзных суполак у Магілёве асобна будзе разглядацца на адміністрацыйнай камісіі Міжнароднай арганізацыі працы, якая неўзабаве зьбярэцца на чарговае пасяджэньне.

Што да адмовы Магілёўскага гарвыканкаму ліставацца з кіраўніцтвам Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, то Аляксандар Бухвостаў называе гэткае рашэньне кур’ёзным:

“Адмаўляцца ад перапіскі яны ня маюць права. Гэта не перапіска, зьвязаная са скаргамі, гэта патрабаваньні зарэгістраваць арганізацыю. Я думаю, што гэта адзін з тых кур’ёзных момантаў, калі адміністрацыя ня ведае законаў”.

У гарвыканкаме адмовіліся што-кольвек казаць пра рэгістрацыю прафсаюзных суполак.
XS
SM
MD
LG