Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выключаць Беларусь з МАП?


Галіна Абакунчык, Менск У Жэнэве распачалося паседжаньне адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы. На парадку дня — разгляд справаздачы аб выкананьні ўрадам Беларусі рэкамэндацыяў у паляпшэньні правоў незалежных прафсаюзаў. З гэтай нагоды ў Жэнэву накіравалася афіцыйная дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым.

Міжнародная арганізацыя працы засьведчыла факты парушэньня правоў незалежных прафсаюзаў Беларусі паводле дванаццаці параграфаў свайго статуту. Уладам прапанавалі выправіць гэткі стан яшчэ да 1 чэрвеня 2005 году. Аднак гэта зроблена не было, і тэрмін выкананьня адкладаўся некалькі разоў.

Цяпер беларуская дэлегацыя мусіць зрабіць справаздачу. Аднак пра што будуць гаварыць чыноўнікі, ва ўладных структурах ня кажуць. Вось што паведаміла прэсавая сакратарка Міністэрства працы Галіна Трафіменка:

“Нават ня ведаю, якія там пытаньні, нічога ня ведаю. Відаць жа, яны на тры дні паехалі? Вернуцца, тады і будзем пытаць у Колас і Старавойтава. Калі яны нешта пракамэнтуюць, то пракамэнтуюць. Калі не пракамэнтуюць, то, прабачце, я ж не ўпаўнаважаная”.

Крок наперад, два – назад?

На кансультацыі ў гэтым пытаньні ў Жэнэву запрошаны таксама лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук. Паводле яго, улады зрабілі некаторыя дробныя крокі дзеля паляпшэньня стану незалежных прафсаюзаў. Да прыкладу, аднавілі прысутнасьць Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў у Нацыянальным савеце, аднавілі на працы лідэра былога прафсаюзу авіядыспэтчараў.

Але яшчэ больш захадаў робіцца, каб перашкаджаць прафсаюзнай дзейнасьці: застаюцца адмовы ў рэгістрацыі і арэндзе памяшканьняў, звальненьні актывістаў, спробы ўскладніць заканадаўства. Гаворыць Аляксандар Ярашук.

“Існуюць вельмі настойлівыя спробы з боку ўраду так падаць сытуацыю, нібыта ўсе рэкамэндацыі выкананыя. Насамрэч, сытуацыя выключна складаная. І больш за тое, у шэрагу рэкамэндацыяў нават пагаршаецца. Наколькі я магу прагназаваць, рашэньне будзе прынятае такім чынам: адзначыць некаторыя зрухі, але патрабаваць выкананьня цалкам усіх рэкамэндацыяў. Тэрмін — да чарговай канфэрэнцыі ў чэрвені”.

Паводле спадара Ярашука, у адваротным выпадку ў чэрвені, магчыма, паўстане пытаньне аб выключэньні Беларусі з гэтай міжнароднай арганізацыі.

Нагадаю, што Міжнародная арганізацыя працы ёсьць структурным падразьдзяленьнем Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Сябрамі МАП зьяўляюцца 178 краінаў сьвету, у тым ліку й Беларусь. У 2004 годзе сэсія Міжнароднай арганізацыі працы пастанавіла прымяніць да Беларусі адну з надзвычайных мераў, якую прадугледжвае статут арганізацыі. Невыкананьне рэкамэндацыяў МАП сталася адной з прычынаў выключэньня Беларусі з генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў Эўразьвязу ў сьнежні 2006 году.
XS
SM
MD
LG