Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Берасьцейшчыне шукаюць псыхічна хворых уцекачоў


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Івацэвіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці шукаюць уцекачоў зь мясцовага псыханэўралягічнага інтэрнату. Паводле афіцыйных зьвестак, выпадкі такіх уцёкаў у Беларусі здараюцца дастаткова часта. А ці не пагражае гэта іншым людзям?

Працягваюцца пошукі ўцекачоў з Косаўскага псыханэўралягічнага дому-інтэрнату. Тры маладыя чалавекі, якім дактары паставілі дыягназ “разумовая адсталасьць”, зьбеглі зь інтэрнату 25 сакавіка.

“Цяжка адказаць, чаму яны уцяклі. Калі знойдзем, будзем ведаць. Але хутчэй таму, што кожны хоча жыць на волі”, – мяркуе намесьнік дырэктара інтэрнату Валер Пытляк.

Паводле намесьніка дырэктара дому-інтэрнату, пошукі вядзе мясцовая міліцыя, пра выпадак ужо ведаюць і ў абласной міліцыі. Валер Пытляк перакананы, што ўцекачоў хутка знойдуць і вярнуць, альбо яны самі вярнуцца. Гэтак ўжо здаралася. Я спытаў, якія захады будуць прынятыя?

“А як ты на іх паўзьдзейнічаеш? Ну, закрыем мы іх на паверсе, які зачыняецца, і дзе знаходзіцца санітар, вось і ўсё. Дагэтуль яны вольна хадзілі па тэрыторыі, пабудуць два тыдні пад наглядам. Але яны не такія, за якімі патрэбны нагляд. Яны неаднаразова езьдзілі з намі па Беларусі – спартоўцы, і ў футбол гулялі, і ў тэніс... Мы зь імі прадстаўлялі Беларусь на гульнях у Ірляндыі ў 2003 годзе, прывезьлі срэбныя мэдалі па міні-футболу. І нідзе зь імі праблемаў не было”.

Намесьнік дырэктара Косаўскага дому-інтэрнату Валер Пытляк мяркуе, што шкоды ад уцекачоў нікому ня будзе.

Між тым у прэсавай службе Берасьцейскай абласной управы міліцыі нагадалі нядаўні выпадак у Ганцавіцкім раёне. Там псыхічна хворы чалавек зьдзейсьніў хуліганства і прымусова быў зьмешчаны ў псыхіятрычны шпіталь. Міліцыянты адзначаюць, што ў зводку здарэньняў людзі з псыхічнымі адхіленьнямі трапляюць усё часьцей.

Усяго ў Беларусі налічваецца 38 дамоў-інтэрнатаў для людзей з псыхічнымі адхіленьнямі, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, якое апякуецца гэтымі установамі. Там пад наглядам болей за 5 тысяч чалавек.

“Людзей з псыхічнымі адхіленьнямі ў выпадку абвастрэньня захворваньня могуць зьмясьціць для лячэньня ў шпіталі для псыхічна хворых, а то й ізаляваць”, – кажа супрацоўнік прэсавай службы МУС Віктар Новікаў. Міліцыянт распавёў пра тое, што асабіста бачыў падчас наведваньня рэспубліканскага псыхіятрычнага шпіталю ў пасёлку Навінкі пад Менскам.

“З жыцьцёвага досьведу ведаю – быў там на практыцы – што ў аддзяленьні, дзе утрымліваюць небясьпечных для грамадзтва людзей, трывала дзяжураць міліцыянты”.

Паводле Віктара Новікава, апошнім часам з такіх устаноў ніхто не ўцякаў.

Нядаўні выпадак з грамадзкай актывісткай з Магілеву КШ, якую выкралі і зачынілі на некалькі дзён у псыхіятрычным шпіталі паказвае, што вар’ятні могуць выкарыстоўваюцца ня толькі для лекаваньня людзей з псыхічнымі адхіленьнямі, а і для ізаляцыі палітычна недабранадзейных грамадзянаў. І такіх вартуюць нашмат больш пільна, чым сапраўды хворых – уцячы ім, ва ўсялякім выпадку, не даюць.

Гл. таксама

• Магілёў: Крысьціна Шацікава на свабодзе

• Магілёў: К.Шацікаву гвалтам утрымліваюць у псыхіятрычным шпіталі
XS
SM
MD
LG