Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З турмы на Акрэсьціна выходзяць палітвязьні


Любоў Лунёва, Менск Cёньня на волю выйдуць шасьцёра палітвязьняў. Людзей затрымалі прэвэнтыўна напярэдадні акцыі 25 сакавіка. Усіх абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Міліцыянты ў судзе сьцьвярджалі, што апазыцыянэры нецэнзурна лаяліся.

Сёньня а палове на першую ночы з турмы на вуліцы Акрэсьціна выйшаў Уладзімір Галавань. Ён адбыў трое сутак арышту. Цягам дня на волю выйдуць Антон Піеў, Аляксандар Сьцепаненка, Аляксей Рубан. Іх арыштавалі на пяць сутак.

У турму на Акрэсьціна палітвязьні сталі паступаць за пяць дзён да акцыі 25 сакавіка. Людзей хапалі на вуліцы, правяралі ўсе рэчы ў заплечніку. Улёткі з заклікам прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Дзень Волі пакідалі ў міліцыі, а затрыманых адвозілі ў турму ці ў суд.

Нягледзячы на тое, што ўсе затрыманьні і складаньне пратаколаў адбыліся з парушэньнямі новага Адміністрацыйнага кодэксу (бо міліцыянты мусілі запрасіць мінакоў быць сьведкамі правапарушэньня), судзьдзі не спынілі ніводнай справы.

У Савецкім і Першамайскім судах дзяўчат каралі арыштам на трое сутак, хлопцаў – на пяць.

Грамадзянку Ўкраіны студэнтку Кіеўскага ўнівэрсытэту Насту Жыўкаву міліцыянты затрымалі разам з Аляксеем Рубанам і Антонам Піявым 24 сакавіка. У яе заплечніку ўлётак не было. Пра гэта сьведчыць і пратакол, складзены ў міліцыі. Але дзяўчыну абвінавацілі ў распаўсюдзе друкаванай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да парушэньня грамадзкага парадку, і Насту арыштавалі на трое сутак.

Наста па дарозе на вакзал падзялілася сваімі ўражаньнямі і распавяла пра ўмовы ўтрыманьня: “Палітычных намагаюцца саджаць паасобку, каб не праводзілі палітінфармацыю. Ня вельмі добрае стаўленьне да нас канваіраў, якія нас вязуць ад РУУС да суду. Але такі імідж Украіны. Што паказвае беларускае афіцыйнае тэлебачаньне? Што ж узяць ад тых міліцыянтаў, якія апроч БТ нічога ня бачылі, дзе ім звычайна распавядаюць пра ўкраінцаў як пра амэрыканскіх халуёў, што адзінае добрае ва Ўкраіне, дык гэта сала? Папросту гэтыя людзі кепска праінфармаваныя, таму яны так жартуюць і так непаважліва ставяцца”.

У турме на Акрэсьціна застануцца Андрэй Ігнатовіч, Аляксандар Атрошчанкаў і Барыс Гарэцкі. Жонка Аляксандра Атрошчанкава Дар’я Корсак непакоіцца, што ў Аляксандра пагоршыцца стан здароўя.

“Калі я ўбачыла свайго мужа ў судзе, ён пасьпеў мне сказаць, што яго затрымлівалі шмат чалавек. Яго павалілі на зямлю, зьбілі. Калі на ім ужо былі кайданкі, парвалі джынсы, куртку... Нават самі выклікалі хуткую. Яму зрабілі ўкол, але шпіталізаваць адмовіліся. У турме ўзялі толькі адзеньне, рэчы асабістай гігіены і – бацька вельмі папрасіў – узялі яшчэ дзьве кнігі”, – расказвае Дар’я.

29 сакавіка з менскай турмы на волю выйдуць Аляксандар Атрошчанкаў і Андрэй Ігнатовіч, 2 красавіка – Барыс Гарэцкі.

Гл. таксама

• Палітвязьням адмовіліся перадаваць харчы
XS
SM
MD
LG