Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі экспануюць забароненыя творы мастацтва


Тацяна Поклад, Прага “Забароненае мастацтва-2006”– Так называецца выстава ў Музэі Сахарава ў Маскве, працы на якую адбіраліся паводле аднаго крытэру: усе яны летась ня былі прынятыя кіраўніцтвам розных мастацкіх галерэяў, многія былі забароненыя яшчэ савецкімі ўладамі і ўсе бяз выключэньня асуджаныя Расейскай праваслаўнай царквой.

Забароненыя творы можна паглядзець толькі праз “вочка”

Фотаздымкі працаў і іх апісаньне ёсьць і ў расейскай, і ў заходняй прэсе. Да прыкладу, сёньняшні нумар “El Mundo” публікуе здымак карціны 1980-х гадоў “Укрыжаваны Ленін”, дзе савецкі герб з партрэтам Леніна накладзены на твар расьпятага Ісуса. На карціне Аляксандра Саўко “Падарожжа Мікі-Маўса” тры чорных кола, якія ўтвараюць галаву вядомага мышонка Мікі, захіляюць твар Ісуса у атачэньні апосталаў.

Прадстаўнік Маскоўскага патрыярхату заявіў, што “гэтыя людзі амаральныя”, маючы на ўвазе арганізатараў выставы і мастакоў. Тым часам іншыя бачаць у такіх працах не блюзьнерства, але памкненьне паказаць як рэаліі жыцьця перакрэсьліваюць альбо зьмяняюць адвечныя каштоўнасьці.

Тым ня менш, да прыкладу, чорная ікра, якая пакрывае вобраз Сьвятой Марыі ў тыповай іконе з залатым акладам на карціне Аляксандра Касалапава 1995 году, выклікае найперш абурэньне сьвятароў. На выставе прадстаўленая і кампазыцыя гэтага ж аўтара 2000 году, дзе твар Ісуса з’яўляецца на эмблеме Макдональдса побач з надпісам “This is my body” – “Гэта цела маё”.

Такія працы выстаўленыя за фальш-сьцяной, іх можна пабачыць толькі праз “вочка”, што павялічвае адчуваньне забароненасьці у наведнікаў, і дзецям да 16 гадоў на гэтую выставу нельга.

На самай апошняй працы, здымак якой таксама можна пабачыць у сёняшняй “El Mundo”, якая, паводле яе карэспандэнта, “найлепшым чынам сымбалізуе Расею Пуціна, якая самазадаволена цешыцца багацьцем, атрыманым з энэргетычнага сэктара, выяўленая мадэлька, якая купаецца ў нафтавым душы. Гэты фотамантаж, зроблены ў 2006 годзе, уваходзіць у сэрыю працаў групы “ПГ”, названую“Слава Расеі”, разам з фотаздымкам міліцыянта, які гвалтуе свайго падначаленага.

Выстава сьведчыць пра характар расейскай цэнзуры ў сфэры мастацтва

Куратар выставы Андрэй Ерафееў кажа, што яе мэта – вывучыць характар і тэндэнцыі новай расейскай цэнзуры ў сфэры мастацтва. Паводле яго словаў, у савецкую эпоху існаваў камітэт па цэнзуры, а зараз існуе самацэнзура, калі кіраўніцтва галерэяў і музэяў само вырашае, адпавядае альбо не цяперашняму часу пэўны від твораў мастацтва.

Таму і сабраныя на выставе працы, скрытыкаваныя і асуджаныя і савецкай ідэалёгіяй, і царкоўнай, -- “цэнзура па-за часам і прасторай”. Гэта ўжо другая падобная выстава ў Музэі Сахарава. У студзені 2004 году на аналягічную выставу, названую “Асьцярожна, рэлігія!”, учынілі напад праваслаўныя радыкалы. Суд зьвінаваціў нападнікаў у вандалізме, а арганізатараў выставы – у распальваньні рэлігійнай варожасьці. Ерафееў кажа, што праваслаўныя ерархі “выкарыстоўваюць выставу дзеля барацьбы з сучаснай культурай”.

“Цэнзура існуе ў любым грамадзтве, ня толькі ў Расеі. Нядаўні прыклад – карыкатуры, апублікаваныя ў дацкай газэце”, -- кажа Ерафеў. Але цяжка уявіць выставу з працамі, дзе падобныя маніпуляцыі мастакі рабілі б з выявамі Мухамэда, адзначае карэспандэнт “El Mundo”, які наведаў выставу.

Тым часам днямі праўленьне Фонду Андрэя Сахарава зрабіла адмысловую заяву з нагоду выставы “Забароненае мастацтва -- 2006”, а заўтра ў Музэі будзе грамадзкае абмеркаваньне праблемаў, узьнятых выставай і дыскусіяй вакол яе з удзелам усіх бакоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG