Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 27 сакавіка


Зьміцер Падбярэзскі, Менск

Пачну з гарачай навіны. Сёньня інфармацыйны рэсурс www.studenty.by паведаміў: “У выніку намаганьняў групы прыхільнікаў савецкага правапісу беларускай мовы (наркамаўкі), сёньня была зьнішчаная беларуская Вікіпэдыя. Лёс болей чым шасьці тысячаў артыкулаў, што былі зьмешчаныя ў ёй, пакуль невядомы. Але існуе верагоднасьць, што яны будуць проста зьнішчаныя. Дамэн be.wikipedia.org аддадзены прыхільнікам наркамаўкі».

У Жывым журнале hondurazian зьмешчана мноства камэнтароў да гэтай навіны.

samir74: “Я быў за тое, каб было дзьве Вікіпэдыі, гатовы цяпер вам усяляк дапамагаць, калі вы цяпер прыгнечаныя”.

biespartyjny: “Скажу з пазыцыі "наркамаўца": мы самі не чакалі такога рашэньня і выступаем за тое, каб вашай Вікіпэдыі таксама быў выдзелены кавалачак гігабайтаў на сэрвэрах Вікіпэдыі. Калі ласка, не пачынайце вайну, паспрабуйце супрацоўнічаць”.

kazemaks: “Мова ў беларусаў адна. Вікіпэдыя дзеліцца па моўнай прыкмеце. Нашто нам дзьве Вікі? Мяне цалкам задавальняў былы status quo. За 5 месяцаў майго актыўнага ўдзелу ўзгадваю адзінкавыя выпадкі, калі нехта самавольна мяняў правапіс артыкула. Сам рэдагаваў (дапаўняў) наркамаўскія тэксты й ні разу не чапаў іхны правапіс. Чаму іншыя так жыць ня могуць?”

Прыхільнікі клясычнага правапісу заклікаюць дасылацьзаклікі, каб уратаваць беларускую Вікіпэдыю.

У гасьцёўні музычнага парталу «Тузін гітоў» зьявілася спасылка на чарговае выданьне Інтэрнэт-версіі польскага часопіса “Pro-rock”, дзе рэцэнзуецца канцэрт “Салідарныя зь Беларусьсю”, які адбыўся ў нядзелю ў Варшаве. Вось фрагмэнт гэтай рэцэнзіі: “Калі год таму музыкі вярталіся дадому з трывогаю адносна магчымых рэпрэсыяў з боку ўлады за такі рэзкі, палітычны выступ, дык цяпер яны вярталіся галоўным чынам, баючыся рэакцыі фанаў. Зоркі найвышэйшага фармату нашых усходніх суседзяў былі ўспрыняты як апошнія парабкі, яшчэ год таму яны раскручвалі гэтую “імпрэзу”, а цяпер мелі адно колькісэкундавыя зьяўленьні на сцэне паміж першым і другім запевамі Каі. Для беларускіх гледачоў гэта павінна было выглядаць зневажальным”.

А вось Зорка ў гасьцях пакінула на сайце блогаў pozirk.org такі запіс: «Пасьля канцэрту засталося падвоенае адчуваньне: з аднаго боку, радасьць за тое, што беларускае пытаньне актуальнае і палякі ў вялікай колькасьці гатовыя выказаць салідарнасьць зь Беларусьсю, і сумненьні адносна таго, што гэта не ўсяго толькі палітычная кан’юнктура і магчымасьць паслухаць добрую музыку цёплым веснавым вечарам».

Марына Паўлава на сайце народных навінаў з Віцебску распавядае пра экалягічную катастрофу ў Бешанковіцкім раёне: “Трэці дзень ідуць працы па ліквідацыі наступстваў аварыі на 326 кілямэтры магістральнага прадуктапровада «Унеча-Полацк-Вентспілс». З трубы, якая лопнула, вылілася каля сотні кубамэтраў дызпаліва. Рака Ула пакрыта вясёлкавымі разводамі на працягу 15 кілямэтраў. У сямі месцах на ёй пастаўлены бонавыя агараджэньні, якія дазваляюць лавіць дызпаліва, якое плыве па вадзе. Яго адкачваюць у рэзэрвуары. На цяперашні момант у рэзэрвуары зьлілі ўжо больш за 400 літраў паліўна-вадзяной сумесі. Людзі працуюць кругласутачна, зьмяняючы адзін аднаго. На ліквідацыі наступстваў аварыі заняты каля 200 чалавек, больш за 50 адзінак спэцтэхнікі, дзесятак спэцсродкаў”.

А вось блог гарадзенскіх навінаў распавядае пра анэкдатычны выпадак: «Нядаўна ў горадзе пад патранажам гарвыканкаму адбываўся чарговы восьмы конкурс “Лепшы прадпрымальнік горада Гродна”. Знаёмы прадпрымальнік таксама ўдзельнічаў у ім і зрабіўся пераможцам у адной з намінацыяў. Пасьля падвядзеньня вынікаў яму даслалі ліст з просьбай набыць запрашальнік на дзьве пэрсоны на цырымонію віньшаваньня пераможцаў. Кошт запрашальніка 250 000 рублёў, у яго ўключана музыка, ежа і непасрэдна сам прыз лепшага прадпрымальніка».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG