Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграма Каліноўскага ў Польшчы ня згортваецца


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Доктар Ян Маліцкі, дырэктар стыпэндыяльнай праграмы польскага ўраду імя Кастуся Каліноўскага для беларускіх студэнтаў, выключаных з ВНУ паводле палітычных матываў, заявіў Свабодзе, што праграма й надалей будзе працягвацца, нягледзячы на перашкоды, а чуткі пра яе закрыцьцё ня маюць ніякіх падставаў.

Ян Маліцкі запэўніў, што польскі бок нават не разглядае магчымасьці закрыцьця праграмы імя Кастуся Каліноўскага, бо праблемы беларускіх студэнтаў, якія яны маюць у сябе на радзіме надалей маюць месца й таму ім надалей патрэбная дапамога.

“Рашуча абвяргаю меркаваньні аб тым, што польскі бок спалохаўся, стаміўся ці мы так моцна пераймаемся, што вырашылі адмовіцца ад праграмы. Канешне, выпадак з агентам КДБ сярод нашых студэнтаў быў непрыемны, нават абразьлівы для ўдзельнікаў праграмы, але гэта напэўна не прычына, каб ад усяго адмовіцца – бо факт, што тыя, каму перашкаджае нашая праграма, будуць нешта падобнае рабіць, для нас ня быў нечаканасьцю. Тое, што праграму так атакуюць, спрабуюць дыскрэдытаваць, толькі сьведчыць пра яе важнасьць і неабходнасьць. Так што калі нехта пляткарыць, што мы маем намер зьліквідаваць праграму, папросту гаворыць няпраўду”.

Спадар Маліцкі сказаў таксама, што ўжо разглядаецца пытаньне аб прыняцьці наступных студэнтаў зь Беларусі, калі будзе такая патрэба.

“Хаця можа ўжо ў больш спакойнай атмасфэры, але набор новых кандыдатаў на вучобу ў нас будзе магчымы. Мы гаворым пра людзей, адлічаных з ВНУ ў Беларусі за палітычную дзейнасьць. Дакладны спосаб набору будзе абвешчаны пазьней. Адначасова спадзяемся, што нашая дапамога ўвогуле ня будзе патрэбная, што студэнтаў ня будуць выключаць за такія справы. Але так ці іначай, тыя, хто патрабуе дапамогі, без такой дапамогі не застанецца”.

Дырэктар праграмы імя Касуся Каліноўскага падкрэсьліў, што падзеі вакол вяртаньня ў Беларусі Уладзіслава Міхайлава, які раней прызнаўся ў супрацоўніцтве зь беларускім КДБ, ніяк не паўплываюць на рэалізацыю праграмы.

“Калі праграма стваралася, дык мы былі падрыхтаваныя на такія рэчы. Гэтым займаліся й займаюцца людзі, якія добра ведаюць, што ад спэцслужбаў можна чакаць чаго заўгодна. Гэта, канечне, непрыемна, гэта пэўная перашкода, але не палохае нас, бо мэта – адукацыя моладзі. Будзем рабіць гэта пакуль хопіць сілаў і пакуль гэта будзе патрэбна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG