Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму замежныя турысты ня едуць у Беларусь?


Ігар Карней, Менск Паводле плянаў Міністэрства спорту і турызму Беларусі, да 2010 году колькасьць замежных турыстаў, якія наведаюць краіну, перавысіць 400 тысяч чалавек. Пры гэтым плянуецца павялічыць долю турызму ў агульным аб’ёме платных паслугаў да 5% ад 0,5% у 2005-м. Пакуль рэкордная колькасьць замежных турыстаў – 90 тысяч чалавек – наведала Беларусь летась. Абсалютная бальшыня гасьцей – транзытныя турысты, якія на суткі-другія затрымліваюцца ў Беларусі па дарозе ў Расею ці дадому.

У Беларусі каля 5 тысяч знакавых турыстычных аб’ектаў, зь іх чатыры ўнесеныя ў сьпіс усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА. Паводле Міністэрства спорту й турызму, цікавасьць уяўляюць старадаўнія замкі й палацы, Нарачанскія й Браслаўскія азёры, Белавеская пушча, Прыпяцкі й Бярэзінскі запаведнікі, Аўгустоўскі ды Агінскі каналы.

У інтэрвію БелТА намесьнік міністра спорту й турызму Чэслаў Шульга сказаў: галоўная каштоўнасьць краіны – “унікальная прырода, якой няма ў ніводнай з эўрапейскіх дзяржаваў”. А вось супрацоўнікі турыстычных фірмаў кажуць, што прыгажосьці беларускіх краявідаў пакуль замежнікаў не ўсхвалявалі. Гаворыць кіраўніца турагенцтва Ірына Сафронава:

“Каб моцна хтосьці пацягнуўся, дык я ня бачу. Можа на лета пацягнуцца?! На выставы едуць, але, пэўна, зь іншай мэтай – выцягнуць беларусаў у свае краіны. Але шуміха ідзе моцная з гэтай нагоды, нешта прапануюць, аднак асаблівага плёну заклікі ня маюць. Нічога не магу сказаць – дзе там і хто пацягнуўся? Але прыёму турыстаў ад нас патрабуюць”.

Чыноўнікі лічаць, што турыстаў могуць прывабіць спартовыя аб’екты, якія шпарка ўзводзяцца ў розных кутках Беларусі. Найперш, гарналыжныя курорты на Лагойшчыне. Аднак, як кажа маскоўскі турыст, які “клюнуў” на запрашэньне наведаць “Сілічы”, на пачатку году асвойваў ня горныя лыжы, а піў піва – зіма ў Беларусі выдалася бязь сьнегу:

“Мы самі з Масквы, набылі пуцёўкі яшчэ ў кастрычніку, прыехалі. У кастрычніку ж спадзяваліся, што сьнег будзе. Ну, што рабіць? Няма сьнегу, але адпачываць жа ж неяк трэба…”.

Рэклямуюцца беларускія здраўніцы ў памежных рэгіёнах суседніх краінаў. Жыхар латыскага Даўгаўпілсу Артурас спакусіўся на абвестку ў адной з газэт і выправіўся ў Беларусь: у сярэдзіне 1980-х быў на Нарачы і дзеля спартовага інтарэсу карцела паглядзець, што зьмянілася:

“Убачыў рэклямку ў адной з газэт: запрашаем камфортна й танна адпачыць у Беларусі, спакусіўся й выправіўся на Нарач. Ну, шчыра кажучы, лепей бы я гэта не рабіў. Адчуваньне было такое, што трапіў у сярэдзіну мінулага стагодзьдзя. То бок, фактычна нічога не зьмянілася. Вельмі непрыемна зьдзівіла нават не адсутнасьць сэрвісу, уразілі кошты. У літоўскай Паланзе (а там я адпачываў за год да гэтага) амаль за тыя ж грошы я атрымаў нашмат больш выгодаў, задавальненьня. Таму наступным разам моцна падумаю”.

Асобна ў прапановах беларускіх турпрадпрыемстваў стаіць паляваньне. Паслугамі паляўнічых гаспадарак штогод карыстаюцца блізу паўтысячы іншаземцаў. Міжнародны рэзананс мела летась гісторыя са швайцарцамі, якія набылі ліцэнзіі на адстрэл у Белавескай пушчы дзіка, а забілі двух зуброў. За гэта іх аштрафавалі на 10 тысяч даляраў кожнага, і пажыцьцёва пазбавілі паляўнічых білетаў на радзіме.
XS
SM
MD
LG