Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хэльсынская фэдэрацыя: рэпрэсіі савецкага тыпу вяртаюцца ў СНД


Юрась Бушлякоў, Прага Міжнародная Хэльсынская фэдэрацыя абнародавала справаздачу “Правы чалавека ў рэгіёне АБСЭ: Эўропа, Сярэдняя Азія і Паўночная Амэрыка”. У дакумэнце праваабаронцы зьвяртаюць сярод іншага ўвагу на вяртаньне да рэпрэсіяў савецкага тыпу ў шэрагу краінаў СНД, у прыватнасьці ў Беларусі, Расеі і дзяржавах Сярэдняй Азіі.

У найнавейшай справаздачы Хэльсынскай фэдэрацыі зроблены агляд сытуацыі з правамі чалавека ў 2006 годзе ў краінах-удзельніцах Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, а таксама ў ЗША. Найбольшую ўвагу аўтары дакумэнту аддаюць сытуацыі ў Беларусі, краінах Сярэдняй Азіі і паўночнакаўкаскім рэгіёне Расейскай Фэдэрацыі.

Паводле высноваў праваабаронцаў, улады ў шэрагу краінаў СНД уваскрэсілі практыкі савецкай мінуўшчыны, абмяжоўваючы свабоду выказваньня і веравызнаньня, заглушаючы голас палітычнай апазыцыі і нават – у паасобных рэгіёнах – катуючы і забіваючы апанэнтаў.

На думку выканаўчага дырэктара Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі Арона Роўдза, можна гаварыць пра замарожваньне пазытыўных зьменаў у галіне датрыманьня правоў чалавека на постсавецкай прасторы.

“У 1990-я быў пэўны рух наперад да стварэньня праваабарончых інстытутаў і разьвіцьця супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях, такіх як Рада Эўропы і АБСЭ. ААН у тыя гады таксама працавала больш канструктыўна. Цяпер мы бачым замарожваньне пазытыўных зьменаў і нават рух назад”, – лічыць Арон Роўдз.

Паводле высноваў Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі, цягам 2006 году сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі заставалася нездавальняльнай і характарызавалася сыстэмным парушэньнем грамадзянскіх і палітычных правоў.

У дзяржаве парушаліся прынцыпы дэмакратыі, вяршэнства закону і асноўныя правы чалавека, уключаючы права на ўдзел у кіраваньні дзяржаваю, свабоду выражэньня, свабоду асацыяцыяў і сродкаў масавай інфармацыі”, – зазначаецца ў справаздачы Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі. Аўтары дакумэнту зьвяртаюць увагу на тое, што роля палітычных партыяў у Беларусі зьведзеная да мінімуму, што ў беларускім парлямэнце няма палітычнага плюралізму і яму фактычна адведзена роля афармляльніка рашэньняў прэзыдэнта.

Выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у сакавіку 2006 году не адпавядалі нормам і стандартам дэмакратычных выбараў, а кампанія выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, пачатая ў кастрычніку, паказала далейшую непавагу уладаў да права грамадзянаў на ўдзел у кіраваньні сваёй краінаю”, – гаворыцца ў справаздачы Міжнароднага Хэльсынскага камітэту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG