Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Растраповіч паўплываў на беларускую віялянчэльную школу


Юлія Шарова, Менск Сёньня спаўняецца 80 гадоў усясьветнавядомаму музыканту Мсьціславу Растраповічу. Віялянчэліст, дырыгент і пэдагог у 1978 годзе разам са сваёй жонкай, опэрнай сьпявачкай Галінай Вішнеўскай, быў пазбаўлены савецкага грамадзянства за падтрымку пісьменьніка й дысыдэнта Аляксандра Салжаніцына. Да таго моманту, як ён вымушаны быў пакінуць Савецкі Саюз, Мсьціслаў Растраповіч быў у Беларусі частым госьцем. Адзін з апошніх сваіх канцэртаў у Саюзе ён сыграў у Маладэчне.

За савецкім часам канцэрты Растраповіча ў Менску выклікалі ажыятаж

За савецкім часам Мсьціслаў Растраповіч граў у Менску даслоўна кожныя тры месяцы, прычым самыя розныя праграмы. Тут Беларусі дапамагло геапалітычнае становішча: Растраповіч быў адным з самых запатрабаваных на Захадзе савецкіх музыкантаў, таму часта, едучы на канцэрты ў Нямеччыну на ўласнай машыне, ён спыняўся ў Менску.

Віялянчэліст і пэдагог Уладзімер Перлін, які ў тыя часы быў вучнем дзесяцігодкі пры менскай кансэрваторыі, прыгадвае, што яму часам даводзілася прагульваць урокі, каб паслухаць знакамітага віртуоза:

“Самае цікавае было ў ягоным выкананьні, канечне, слухаць сучасную музыку, асабліва канцэрты Шастаковіча. На канцэртах Растраповіча я нават памятаю конную міліцыю, калі ля клюбу Дзяржынскага было, як на футбольным матчы. Заўсёды быў неверагодны ажыятаж вакол ягонага імя. Трапіць на ягоныя канцэрты заўсёды было вельмі складана. Але мы траплялі. Студэнты, вучні — ахвочыя заўсёды знаходзіліся. Траплялі нават на рэпэтыцыі”.

Мсьціслаў Растраповіч у свой час быў ня толькі запатрабаваным беларускай публікай артыстам. Ён наўпрост паўплываў на беларускую віялянчэльную школу. Віялянчэліст і дырыгент Юры Цырук, які пасьля заснаваў Менскі камэрны аркестар, вучыўся ў Растраповіча ў асьпірантуры Ленінградзкай кансэрваторыі.

За гады незалежнасьці ў Беларусі не адбылося ніводнага канцэрту Растраповіча

Як лічыць арт-дырэктар прадусарскага цэнтру “Клясыка” Валеры Ўколаў, музычную зорку такога маштабу й вядомага змагара за дэмакратыю здолелі б завабіць альбо астранамічныя ганарары, альбо яскравыя палітычныя падзеі — кшталту штурму парлямэнту ў Расеі ці разбурэньня Бэрлінскага муру.

Растраповіч не пайшоў бы на Кастрычніцкай плошчы супраць спэцназу са смыком ды віялянчэльлю. Дый увогуле культурная палітыка сёньняшняй Расеі ня надта спрыяе таму, каб у Беларусі гралі ўсясьветнавядомыя расейскія музыканты, лічыць спадар Уколаў:

"Відавочна, што нашае сёньняшняе геапалітычнае становішча іншае, чым было ў СССР. Усе амбасады робяць вечары і рэпрэзэнтуюць культуру сваёй краіны — Турэччына, Ізраіль, Францыя. Калі мы зьвярталіся ў расейскую амбасаду, яны казалі, што “ў нас усё ў парадку з нашай культурай у вашай краіне”. Вы слухаеце штодня Чайкоўскага — і заўсёды будзеце яго слухаць, і чытаеце Пушкіна з маленства — і заўсёды будзеце яго чытаць. Нам на гэта грошай траціць ня трэба”.
XS
SM
MD
LG