Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: актывіст АГП асуджаны на 5 сутак


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня суд Савецкага раёну Гомелю разглядаў адміністрацыйную справу Ўладзімера Кацоры. Намесьнік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі й каардынатар руху “За Свабоду” атрымаў штраф на пяць базавых велічыняў і арыштаваны на пяць сутак.

Вёў працэс старшыня Савецкага суду Гомелю Кострыкаў. Як кажа грамадзкі актывіст Васіль Палякоў, справа разгледжаная хутка, а вырак прадказальны — нягледзячы на пярэчаньні Ўладзімера Кацоры.

“Ён сказаў, што нікога не чапаў і ні з кім ня лаяўся. Увогуле, не прызнае сябе вінаватым. Ну, а той хто пісаў заяву, нехта Гузьнянок, казаў, што Кацора праходзіў і штурхнуў яго. Другі сьведка, нехта Атрошчанка, сьведчыў, што нібыта спадар Кацора лаяўся”.

Нагадаю, што 19 сакавіка ў інтэрвію нашаму радыё Ўладзімер Кацора паведамляў, што напярэдадні вечарам на яго напалі двое незнаёмцаў. Тады ж спадар Кацора напісаў заяву, што адносна яго была ўчыненая правакацыя. Незнаёмцы нібыта таксама зьвярнуліся ў міліцыю.

Старшыня Гомельскага аддзяленьня грамадзкага аб’яднаньня “Прававая ініцыятыва” Леанід Судаленка лічыць, што супраць Уладзімера Кацоры была сплянаваная правакцыя. Акрамя таго, ён называе й іншыя выпадкі перасьледу актывістаў апазыцыі напярэдадні Дня Волі:

“Міхаіл Козік, Жыткавічы — арыштаваны на двое сутак; Валеры Пуціцкі, Рэчыца — двое сутак; Уладзімер Шыцікаў, Гомель — пяць сутак. Віктара Жылінскага і Ўладзімера Тамковіча міліцыянты затрымлівалі ў Рагачове. І вось Валодзя Кацора...”

Сытуацыю камэнтуе старшыня незарэгістраванай арганізацыі “Праваабарончы альянс” Людміла Гразнова:

“Гэта хваля запалохваньня. Улада выбірае цёмныя пад’езды, цёмныя справы, хуліганскія матывы. Каб паказаць, што мы вось такія “нядобрыя”. Але ж мы ўжо пужаныя. Таму гэта ўжо ня дзейнічае. Наадварот, гэтую хвалю ўжо ніхто ня спыніць”.

20 сакавіка Ўладзімер Кацора накіраваў заяву начальніку Савецкага райаддзелу міліцыі Гомелю, у якой паведаміў, што 18 сакавіка двое незнаёмцаў правакавалі яго на хуліганскія ўчынкі.

Са словаў жонкі апазыцыянэра Веры Кацоры, да 25 сакавіка ўключна ў двары пільнавалі дзьве міліцэйскія аўтамашыны. “Практычна паўтараўся леташні сцэнар, калі мужа двойчы арыштоўвалі падчас прэзыдэнцкіх выбраў”, — падкрэсьлівае Вера Кацора.

У 2006 годзе Ўладзімер Кацора ўзначальваў рэгіянальны штаб кандыдата на прэзыдэнта ад апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG