Лінкі ўнівэрсальнага доступу

VoxPopuli ў Горадні: ці хацелі б вы распачаць уласны бізнэс?


Радыё Свабода Ці хацелі б вы сёньня распачаць уласны бізнэс?

Спадар: “Вельмі складана на дадзены момант арганізаваць фірму, занадта шмат трэба аформіць паперак”.

Сталы спадар: “А хто ж ня хоча? Ва ўсіх ёсьць такія думкі. Але гэта нежартоўная рэч, трэба самае галоўнае — наважыцца”.

Спадар: “Я ўжо займаюся сваім бізнэсам. Ня дай Божа”.

Сталы спадар: “Менавіта цяпер — не, няма ўмоваў для працы. Дзяржава не дае, прыціскае — падаткамі ды іншым. Тыя, хто займаецца бізнэсам, выкараскваюцца патрошку. Мой калега мае свой бізнэс, працуе, але з нацяжкай, шмат не заробіш”.

Дзяўчына: “Рэч у тым, што наша спэцыяльнасьць — лекарская, таму нашая будучыня вызначаная наперад. Хацелася б, канечне, займацца сваёй справай, але, напэўна, гэта ня ўдасца”.

Спадар: “А мы займаемся бізнэсам, працуем уласнымі рукамі, таму задаволеныя”.

Сталы спадар: “Напэўна, не. З-за гэтых указаў усё цяжэй і цяжэй становіцца зрабіць уласную справу, усё заціскаюць індывідуальных прадпрымальнікаў. Можа, нейкі сэнс і ёсьць у гэтым, але зарабіць на жыцьцё будзе вельмі цяжка”.

Малады спадар: “Я ў прынцыпе займаюся ім, але сёньня больш думаеш, як удала выйсьці з гэтага бізнэсу. Чулі, напэўна, пра ўказ №760? Я думаю, што ў бліжэйшым часе дробныя прыватнікі будуць усе зьнішчаныя, паколькі яны нікому не патрэбныя. Я так думаю, што буйны бізнэс будзе або ў руках чыноўнікаў, або ў тых, хто зь імі зьвязаны. А ўся драбяза, што стварае канкурэнцыю, будзе зьнішчаная. Цяпер на рынках народ торгаецца, не разумеючы – альбо паміраць, альбо ўцякаць трэба. Самыя разумныя пабеглі ўжо альбо ў Расею, альбо яшчэ далей”.

Малады спадар: “Бізнэсам займацца? Хацеў бы, толькі няма магчымасьці. І капітал патрэбны пачатковы, і дазвол, але ў наш час гэтага цяжка дасягнуць. Гэта нудны, доўгі й цяжкі працэс”.

Сталы спадар: “Я пакуль яшчэ працую, працоўны пэнсіянэр, да пэнсіі каляндарнай — яшчэ восем гадоў. Тых, хто працуе на “Азоце” ў шкодных умовах працы, зьбіраюцца прымусіць альбо працаваць бяз пэнсіі далей, або пераходзіць на звычайную работу, ці ўвогуле звальняцца. Але ў нармальныя ўмовы працы мяне ніхто не перавядзе, бо ў мяне прафэсія такая — апаратчык. Прыйдзецца штосьці шукаць, можа нават пайсьці ў свой бізнэс”.

Карэспандэнт: “Выходзіць, што гэта будзе такі прымусовы бізнэс?”

Сталы спадар: “Атрымліваецца, што практычна так — прымушаюць у такія ўмовы сыходзіць”.
XS
SM
MD
LG