Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вышэйшы гаспадарчы суд адмяніў высяленьне "Витебского курьера"


Радыё Свабода Недзяржаўнае выданьне пакуль мае права застацца ў трох пакоях, арандаваных у прадпрыемства “Элсан”, якое на працягу апошніх чатырох месяцаў спрабавала выселіць газэту праз мясцовы гаспадарчы суд.

6 сьнежня 2006 году арэндадаўцы запатрабавалі, каб газэта выселілася з іхнага будынку № 120 па Маскоўскім праспэкце, бо дамова пра арэнду паміж прадпрыемствам і газэтай нібыта была складзеная з парушэньнем заканадаўства. Паводле адміністрацыі "Элсану", "Витебский курьер" мусіў узгадніць месца свайго знаходжаньня з раённай адміністрацыяй, аднак не зрабіў гэтага.

Абласны гаспадарчы суд падтрымаў пазыцыю арэндадаўцаў, але Вышэйшы гаспадарчы суд адмяніў ягоную пастанову і вярнуў справу на перагляд.

Паводле віцебскага прадстаўніка БХК Паўла Левінава, які разам з юрыстам БАЖу Дзьмітрыем Зікрацкім прадстаўляў інтарэсы газэты ў Вышэйшым гаспадарчым судзе, адмену пастановы пра высяленьне можна лічыць хіба часовым посьпехам. З аднаго боку, суд вышэйшае інстанцыі прызнаў незаконным патрабаваньне узгадняць з раённымі ўладамі юрыдычную адрэсу агульнагарадзкой газэты. З другога боку, справу зноў вярнулі ў Віцебскі гаспадарчы суд. Гарадзкія ўлады, на думку спадара Левінава, будуць шукаць новыя магчымасьці, каб пазбавіцца ад недзяржаўнай газэты.

Калектыву рэдакцыі "Витебского курьера" ўжо чатыры разы за апошнія два гады даводзілася пераяжджаць. Уладальнікі памяшканьняў пад ціскам мясцовых уладаў касавалі з газэтай дамовы пра арэнду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG