Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вянок памяці: Алесь Юршэвіч


Радыё Свабода Сёньня ў Мёрах родныя і сябры разьвітваюцца з Алесем Юршэвічам. Гэта быў адзін з самых актыўных удзельнікаў Саюзу беларускіх патрыётаў — паваеннай падпольнай моладзевай арганізацыі, якая ставіла на мэце супраціў русіфікацыі і стварэньне незалежнай Беларусі.

Глыбоцкія і пастаўскія юнакі і дзяўчаты ўступалі ў Саюз беларускіх патрыётаў, даючы прысягу, у якой былі наступныя словы:

“Я, уступаючы ў Саюз беларускіх патрыётаў, прысягаю перад Бацькаўшчынай і беларускім народам, што заўсёды буду верны ідэалам свабоды і незалежнасьці Беларусі. Калі ж па слабасьці сваёй або па злому намеру я парушу гэтую прысягу і выдам тайну сяброў, хай пакарае мяне Бог ганебнай сьмерцю здрадніка Радзімы”.

Прыгадвае сябра Алеся Юршэвіча і ягоны аднадумца з глыбоцкай суполкі СБМ Антось Фурс:

“Разам мы напісалі Статут арганізацыі й таксама прысягу. Потым прынялі яе і пастаўскія, і мы. Мы з самых юнацкіх гадоў былі сьвядомыя людзі”.

Алесь Юршэвіч нарадзіўся 1 студзеня 1928 году ў вёсцы Курылавічы на Дзісеншчыне. Пасьля заканчэньня Язьненскай сямігодкі працягнуў вучобу ў Глыбоцкай школе №1.

Тады ж, у 1945-м, ён разам зь сябрамі з Глыбоцкае пэдвучэльні й вырашыў наладжваць пасільны супраціў русіфікацыі і весьці сярод моладзі прапаганду за стварэньне незалежнае Беларусі. Падпольная праца доўжылася два гады. У 1947 годзе СБМ быў разгромлены НКВД.

Алеся Юршэвіча прысудзілі да расстрэлу. Але потым зьмянілі сьмяротны прысуд на 25 гадоў зьняволеньня.

У 1956 годзе пасьля вызваленьня з канцлягеру ён вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Мёрах, працаваў будаўніком і дапамагаў усім былым эсбээмаўцам.

Гаворыць Марыя Бялевіч:

“Пасьля таго, як ён вызваліўся, мы былі вельмі добрымі сябрамі. Заўсёды прыяжджаў, заўсёды цікавіўся… Калі было кепска каму, ён дапамагаў… Стараўся дастаць лекі… Вельмі добры, шчыры, сумленны чалавек”.

Пра страчаных сяброў Алесь Юршэвіч таксама памятаў. Апавядае старшыня культурна-асьветнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча Ада Райчонак:

“Гэта чалавек вельмі адукаваны, вельмі разумны. Ён увесь час марыў у гонар сваіх загінулых сяброў пасадзіць у Курапатах алею каштанаў. Летась увесну ён гэта зьдзейсьніў”.

Зьдзейсьнілася яго мара і пра годнага сына.

“Бацька вельмі многа даў мне, і яшчэ шмат прыйдзецца перагледзець і пераасэнсаваць мне ў жыцьці. Бацька быў чалавек вельмі моцны, ён змусіў задумацца над шмат чым”,— сказаў Віктар Юршэвіч.

Алесь Юршэвіч памёр 26 сакавіка пасьля цяжкай і працяглай хваробы. Пахаваны сёньня ў Мёрах на гарадзкіх могілках. У яго засталіся сын Віктар, дачка Алена, унук Улад і ўнучка Наста.
XS
SM
MD
LG