Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"...адбылася бойка паміж прыхільнікамі старой і “жывой” царквы… Колькі дзясяткаў чалавек на чале з папамі... з крыкамі “Бі антыхрыстаў!” накінуліся на “жывацаркоўцаў”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 27 сакавіка ў розныя гады мінулага.

“Красноармейскай правда” ў 1927 годзе паведамляе: “У Менску 17 сакавіка ў праваслаўным саборы, што знаходзіцца ў ведамстве “жывацаркоўцаў”, адбылася бойка паміж прыхільнікамі старой і “жывой” царквы… Колькі дзясяткаў чалавек на чале з папамі старацаркоўнікамі з крыкамі “Бі антыхрыстаў” накінуліся на “жывацаркоўцаў”. Папы “жывацаркоўцы” кінуліся за амбон. Натоўп аблажыў “царскую браму”… Скандал у царкве працягваўся колькі гадзінаў”.

“Ніва” на гэтым тыдні 1967 году паведамляе з БССР: “У нядзелю, 12 сакавіка, адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У выбарах прынялі ўдзел 99,97 працэнта ўпаўнаважаных да галасавання, г.зн. 5.545.739 асоб. Супроць кандыдатур галасавала 5.688 галасуючых выбаршчыкаў, г.зн. 0,1%, дзесяць галасоў прызнана няважнымі. У выніку галасавання выбраны 421 дэпутат, у тым ліку 153 жанчыны. Беспартыйных дэпутатаў 129. Варта зазначыць, што 335 новавыбраных не з’яўляліся дэпутатамі папярэдняга Вярхоўнага Савета БССР”.

На старонках “Нашай Нівы” на гэтым тыдні 1997 году Сяргей Харэўскі разважае на тэму Дня Волі: “Сьвяты двух хрысьціянскіх календароў ужо ад свае амбівалентнасьці для нашае нацыі не стаюць чыньнікам еднасьці. {Дні, калі на нашых землях адна адміністрацыя зьмянялася іншай, прыкладам, польская — савецкай, ці нагода яны для сьвяткаваньня?} Толькі адзін дзень, які змусіў да творчасьці наступныя пакаленьні беларусаў, толькі адзін дзень, у які па-над усім паўстаў здаровы альтруістычны беларускі Прагматызм, толькі адзін дзень, у які беларусы дэкляравалі на ўвесь сьвет сваю гатоўнасьць узяць Адказнасьць — 25 сакавіка”.
XS
SM
MD
LG