Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні на свабоду выйшлі два актывісты


Сяргей Астраўцоў, Гародня У Горадні вызваленыя два з трох актывістаў, арыштаваных напярэдадні 25 сакавіка. Яшчэ некалькіх чалавек міліцыянты блякавалі ў кватэрах, але ім удалося пазьбегчы арышту.

У Горадні вызвалілі кіраўніка гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Вадзіма Саранчукова і студэнта Андруся Фаміна, якога перад самым арыштам дапытвалі ў КДБ па справе “Маладога Фронту”. Першы зь іх сядзеў пяць сутак, другі — тыдзень. Абвінавачаньне — стандартнае: нецэнзурная лаянка, адно з варыяцыяй — адзін нібыта проста лаяўся, другі — па мабільным тэлефоне.

Вадзім Саранчукоў падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад арышту. Калі ў камэры даведаліся, што яго пасадзілі за палітыку, каб 25 сакавіка не паехаў на мітынг у Менск, паставіліся да яго нармальна.

Саранчукоў: “Ня тое, што 25 сакавіка іх не цікавіць, увогуле размова пра палітыку зводзіцца да таго, што Лукашэнка, мякка кажучы, ня ў правільным кірунку вядзе краіну. Фактычна па ўсіх набалелых пытаньнях, пачынаючы ад газу і канчаючы коштамі ў крамах на хлеб і гарэлку, стаўленьне да ўлады адназначна адмоўнае”.

Летась спэцпрыёмнік разам з райаддзелам міліцыі пераехаў у новы будынак. Ахоўнікі былі знаёмыя, ставіліся даволі ветліва, але гэта яшчэ нічога ня значыла, гаворыць Вадзім Саранчукоў.

Саранчукоў: “Хаця дазваляюць мець з сабой гарбату, каву, але дапрасіцца кіпеню амаль немагчыма. Забароненыя перадачы, не прымаюць ніякую ежу. Я разумею, што ўсё гэта — подых новага заканадаўства, бо ўсё зроблена, каб знаходжаньне ў камэры было як найцяжэйшым”.

Праўда, цяпер у камэрах ёсьць умывальнік і унітаз, а таксама лепшае асьвятленьне.

Саранчукоў: “Што датычыць умоваў утрыманьня, то яны лепшыя, чымсьці былі на Карбышава, але клетка — яна заўсёды клетка. І ў гэтым пляне нічога не зьмянілася: турма ёсьць турма”.

У Горадні застаецца за кратамі журналіст часопісу “Magazyn Polski na uchodzstwie” Ігар Банцар, яго арыштавалі на дзесяць дзён. Міліцыянты спрабавалі трапіць у кватэру іншага сябра Саюзу палякаў Станіслава Пачобута, але калі прыехаў ягоны брат Андрэй Пачобут — галоўны рэдактар “Magazyn Polski na uchodzstwie”, яны рэціраваліся.

Пачобут: “Яны не хацелі вялікага скандалу, ім хапіла затрыманьня Банцара, пра якое напісалі ўсе польскія газэты. Таму яны больш нікога з Саюзу палякаў ня сталі арыштоўваць”.

Ігара Банцара павінны выпусьціць 29 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG