Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: затрымалі Ўладзімера Кацору<b/>


Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода Сёньня а 18 гадзіне намесьнік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі АГП і каардынатар руху “За свабоду” Ўладзімер Кацора зьявіўся ў Савецкі РАУС Гомеля па позве, якую прыносілі міліцыянты яшчэ да 25 сакавіка. Яго адразу затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар. Заўтра яго будуць судзіць у Савецкім судзе Гомеля. Спадара Кацору вінавацяць у хуліганстве і нібыта ва ўхіленьні ад яўкі ў міліцыю. Яму пагражае 25 сутак арышту. Пра гэта распавёў старшыня Гомельскага аддзяленьня грамадзкага аб’яднаньня “Прававая ініцыятыва” Леанід Судаленка.

Нагадаем, 18 сакавіка супраць спадара Кацоры была ўчынена правакацыя. Увечары, калі ён вяртаўся дадому, на яго напалі двое незнаёмцаў перасьледавалі яго да самай кватэры. Незнаёмцы падалі ў міліцыю заявы нібыта спадар Кацора на іх напаў. На наступны дзень у офіс АГП прыйшлі двое міліцыянтаў і прынесьлі позву зьявіцца ў Савецкі райаддзел міліцыі. Яны сказалі, што нібыта на Кацору паступіла заява аб хуліганстве.У сваю чаргу Ў.Кацора напісаў заяву, што супраць яго была ўчынена правакацыя, падобная тым, якія былі летась напярэдадні выбараў. Тады спадара Кацору двойчы садзілі на суткі.

Пачынаючы з 20 сакавіка за кватэрай актывіста АГП было ўстаноўлена вонкавае назіраньне. Міліцыянты прыносілі позвы, каб Уладзімер Кацора зьявіўся нібыта па ягонай заяве наконт правакацый 18 сакавіка.У міліцыю Кацора не пайшоў, бо з’ехаў у Менск на сьвяткаваньне Дня Волі.
XS
SM
MD
LG