Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск: суды над моладзевымі актывістамі


Любоў Лунёва, Менск Актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху, затрыманых прэвэнтыўна напярэдадні акцыі 25 сакавіка, пакаралі арыштамі ў раённых судах Менску. Сярод асуджаных — грамадзянка Ўкраіны Наста Жыўкава. Усіх іх абвінавацілі ў дробным хуліганстве і распаўсюдзе ўлётак.

У суд Першамайскага раёну Менску прывезьлі Касю Галіцкую, актывістку незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Яе затрымалі разам з Настай Палажанкай, Ярэкам Грышчэнем і яшчэ двума сябрамі. На ўсіх склалі пратаколы за дробнае хуліганства. Непаўналетніх адпусьцілі, а Касю адвезьлі да суду ў турму на Акрэсьціна.

Судзьдзя Юры Гарбатоўскі перанёс разгляд справы на заўтра, 27 сакавіка, бо не прыйшлі сьведкі з боку міліцыі. Дзяўчыну ў кабінэце судзьдзі вызвалілі з-пад варты.

У судзе Цэнтральнага раёну судзілі затрыманых за дзень да правядзеньня акцыі 25 сакавіка Антона Піява і Аляксея Рубанава.

Консул украінскай амбасады Васіль Сардэга прысутнічаў на працэсе Насты Жыўкавай, грамадзянкі Ўкраіны, якую затрымалі разам з хлопцамі.

Супрацоўнікі патрульна-паставой службы сьведчылі на судзе, што Наста, Антон і Аляксей раздавалі мінакам на вуліцы ўлёткі з заклікам прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Дзень Волі.

Наста паведаміла “Свабодзе”, што яна студэнтка і прыехала з Кіева да свайго сябра Аляксея. У міліцыі ёй не дазволілі патэлефанаваць бацькам, адмовіліся выклікаць адваката, а таксама консула ўкраінскай амбасады. Гаворыць Наста Жыўкава:

“Ня вельмі добра з намі абыходзіліся. Лаяліся матам, непаважліва да нас ставіліся. Казалі чаму мы прыехалі, ці не таму, што нам не хапае на Ўкраіне сала. Стаўленьне ў міліцыі да нас дастаткова непаважлівае, а стаўленьне тых, хто сядзеў разам са мной у камэры, наадварот, вельмі паважлівае. Гэта былі хлопцы і дзяўчаты з “Маладога фронту”. Яны дзяліліся цёплымі рэчамі, спальнікамі. І цяпер прыйшлі мяне падтрымаць”.

У судзе прысутнічаў сябра Насты Пётар Прахарэнка. Ён удзельнічаў разам зь некалькімі грамадзянамі Украіны ў акцыі 25 сакавіка. У судзе ён паведаміў “Свабодзе”:

“Такой сытуацыі як тут я яшчэ, шчыра кажучы, нідзе ня бачыў. Тое, што адбывалася на плошчы і што паказалі ў “Навінах” – гэта неба й зямля. Беларускі канал казаў, што кучка людзей, якая ішла на плошчу, нібыта перашкаджала нейкім там гандлярам. А гэта ж нам перашкаджалі. Прыціснулі людзей да сьцяны, некаторыя атрымалі цялесныя пашкоджаньні. Гэта дэзінфармацыя грамадзянаў Беларусі. Гэта суцэльная лухта праз сродкі масавай інфармацыі”.

Насту арыштавалі на трое сутак. Антона Піява і Аляксея Рубанава суд арыштаваў на пяць сутак. Антон Піяў распавёў: “Нас затрымалі ў суботу, калі мы ішлі праз Кастрычніцкую плошчу. Да нас падышлі міліцыянты і папрасілі прад’явіць дакумэнты. На пытаньне: “Чаму?”, яны адказалі, што мы выклікалі ў іх падазрэньне. Не дазволілі патэлефанаваць сваякам, а таксама зьвязацца з адвакатам”.

Суд Фрунзенскага раёну Менску арыштаваў на пяць сутак Андрэя Ігнатовіча. Ён мусіў кіраваць аховай мітынгу 25 сакавіка, але 23-га яго затрымалі на вуліцы міліцыянты ў цывільным. Андрэя абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Наста Жыўкава і консул украінскай амбасады Васіль Сэрдэга

Актывісты “Маладога фронту”: у цэнтры Людміла Атакулава, побач зь ёй Кася Галіцкая
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG