Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што штурхае людзей на працу ў гарачых кропках?


Ігар Карней, Менск Нядаўняя трагедыя ў Самалі, калі ў выніку абстрэлу радыкальнымі ісламістамі транспартнага самалёту загінулі адзінаццаць беларускіх авіяспэцыялістаў, дае нагоду да пытаньня – што штурхае высокапрафэсійных, адукаваных спэцыялістаў пагаджацца на працу ў гарачых кропках?

Шмат беларускіх вайскоўцаў, асабліва зь ліку адстаўных, зараз працуюць за мяжой па гэткіх негалосных кантрактах

Мянчук Аляксандар некалькі разоў у якасьці вайсковага інструктара выяжджаў ва Ўганду. Першы раз выправіўся туды ў 2004-м. У гэтай афрыканскай краіне раз-пораз успыхваюць лякальныя канфлікты. Таму, як кажа Аляксандар, чалавек са зброяй там звыклая зьява. І, натуральна, каб авалодаць тэхнічнымі азамі, патрабуецца дапамога кваліфікаваных замежных спэцыялістаў:

“Шмат беларускіх вайскоўцаў, асабліва зь ліку адстаўных, зараз працуюць за мяжой па гэткіх негалосных кантрактах. То бок, калі мы езьдзілі туды, у нас увогуле не было ніякага кантракту, акрамя простых пагадненьняў. Не было адпаведных папераў, увогуле нічога. Галоўнае, дзеля чаго мы ехалі ва Ўганду, гэта падрыхтоўка мясцовых спэцыялістаў валоданьню рознай зброяй савецкіх часоў, якой гандлююць звычайна міжнародныя кампаніі-пасярэднікі. Гэтую зброю прадаюць і з Украіны, і са Славаччыны, і, напэўна, зь Беларусі пастаўляюць таксама. Як вядома з дадзеных ААН, у Судан такая зброя, прынамсі, пастаўлялася. Такім чынам, туды мы езьдзілі з мэтай падрыхтоўкі мясцовых войскаў, каб яны маглі валодаць гэтай зброяй”.

Кіраўнік прэсавай службы Міністэрства абароны Беларусі Вячаслаў Раменчык падкрэсьлівае: беларускія інструктары працуюць у “гарачых кропках” прыватным чынам, паводле ўласнай ініцыятывы і вайсковае ведамства да гэтага ніякага дачыненьня ня мае.

У свой час праца савецкіх вайсковых спэцыялістаў за межамі краіны старанна хавалася. Дзесяткі інструктараў, якія прайшлі Кубу, Эгіпет, Эфіёпію, Сірыю давалі падпіску пра неразгалошаньне і мусілі захоўваць вайсковую таямніцу.

Так, колішні міністар абароны Павал Казлоўскі працаваў вайсковым дарадцам у Анголе. А цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч у 1982-1984 гадох падчас процістаяньня Іраку і Ірану быў старэйшым групы вайсковых спэцыялістаў у Багдадзе. Такія ж інструктары з СССР былі і ў Іране, што, як кажа спадар Гайдукевіч, нямала забаўляла “імпэрыялістаў”:

“Гэтыя краіны ўвогуле ні да чаго не адносіліся, ні да якіх інтэрнацыянальных камандзіровак. Было выкрасьлена з памяці, што там былі савецкія спэцыялісты. Але я сур’ёзна кажу (амэрыканцы пра гэта таксама ведаюць, мы з гэтай нагоды сьмяяліся ў амбасадзе, калі я там з адным чалавекам размаўляў): “Голас Амэрыкі” перадаваў для нас адмысловыя перадачы. Напачатку кожнай абвяшчалася: для савецкіх вайсковых спэцыялістаў, якія знаходзяцца ў Іраку. І для вайсковых спэцыялістаў у Іране. А тады якраз ішла вайна паміж Іракам і Іранам”.

Бальшыні выпадкаў высокія заробкі не падмацоўваюцца сацыяльнымі гарантыямі

Цяпер найбольш Беларусь прадстаўленая на рынку авіяперавозак. Цэлы шэраг афрыканскіх краінаў карыстаецца паслугамі беларускіх перавозчыкаў. І толькі трагічныя навіны, як пазалетась з Танзаніі, летась з Конга і зусім нядаўна з Самалі, дзе падчас катастрофаў гінулі беларускія пілёты – сьведчаць пра шырыню геаграфічнай прысутнасьці беларусаў. Аднак, як кажа жонка аднаго з пілётаў, які цяпер працуе ў Нігэрыі, у бальшыні выпадкаў высокія заробкі не падмацоўваюцца сацыяльнымі гарантыямі:

“Нічога не прадугледжана. Яны, па-першае працуюць там без усялякіх кантрактаў. І калі спрабавалі атрымаць страхоўку, нічога не атрымалася. Аднаму з пілётаў падчас катастрофы адарвала нагу. І калі рабілі апэрацыю, каб паставіць яму пратэз, самі лётчыкі са сваіх заробкаў скідваліся. Калі пратэз урэшце паставілі, ён ці то ціснуў, ці то нейкія пухліны пайшлі, але запатрабаваў новы, сыліконавы. Паставілі. І пры гэтым зноў нічога ніхто не аплачваў, яны чарговым разам скідваліся самі”.
XS
SM
MD
LG