Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: Барыса Хамайду арыштавалі на пяць сутак за бел-чырвона-белы сьцяг


Радыё Свабода Кастрычніцкі раённы суд Віцебску прызнаў Барыса Хамайду вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі 25-га сакавіка.

Міліцыянты затрымалі спадара Хамайду, калі ён ішоў па мосьце імя Кірава ў цэнтар Віцебску з бел-чырвона-белымі сьцягамі. За гэты ўчынак судзьдзя Ірына Смалякова прысудзіла старэйшаму віцебскаму апазыцыянэру 5 сутак арышту, прычым адны суткі – ад моманту ўчорашняга затрыманьня – у ізалятары ён ужо адбыў.

Разам з Барысам Хамайдам супрацоўнікі міліцыі ўчора затрымалі і жыхара райцэнтру Сянно Алеся Пазьняка. Ён таксама ішоў побач з Хамайдам пад бел-чырвона-белым сьцягам. Пасьля затрыманьня і складаньня пратаколу ў Чыгуначным райаддзеле міліцыі Алесь Пазьняк таксама мусіў правесьці мінулую ноч у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Сёньня судзьдзя Ірына Смалякова пакарала яго штрафам (3 базавыя велічыні або 93 тысячы рублёў).

Барыс Хамайда і Алесь Пазьняк былі асуджаныя паводле аднолькавага артыкулу 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу – за парушэньне парадку правядзеньня вулічных акцыяў. Але, як патлумачыла судзьдзя, Алесь Пазьняк быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці ўпершыню, і таму атрымаў толькі штраф. Барыс Хамайда сёлета ўжо неаднаразова трапляў у суд, мае мільёны нясплочаных штрафаў, і таму судзьдзя вырашыла, што найбольш мэтазгодным пакараньнем для апазыцыянэра будзе арышт.
XS
SM
MD
LG