Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск: моладзевых актывістаў пакаралі арыштамі


Любоў Лунёва, Менск Актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху, затрыманых прэвэнтыўна напярэдадні акцыі 25 сакавіка, пакаралі арыштамі ў раённых судах Менску. Сярод асуджаных — грамадзянка Ўкраіны Наста Жыўкава. Усіх іх абвінавацілі ў дробным хуліганстве і распаўсюдзе ўлётак.

У суд Першамайскага раёну Менску прывезьлі Касю Галіцкую, актывістку незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Яе затрымалі разам з Настай Палажанкай, Ярэкам Грышчэнем і яшчэ двума сябрамі. На ўсіх склалі пратаколы за дробнае хуліганства. Непаўналетніх адпусьцілі, а Касю адвезьлі да суду ў турму на Акрэсьціна.

Судзьдзя Юры Гарбатоўскі перанес разгляд справы на заўтра, 27 сакавіка, бо не прыйшлі сьведкі з боку міліцыі. Дзяўчыну ў кабінэце судзьдзі вызвалілі з-пад варты.

У судзе Цэнтральнага раёну судзілі затрыманых за дзень да правядзеньня акцыі 25 сакавіка Антона Піява і Аляксея Рубанава.

Консул украінскай амбасады Васіль Сардэга прысутнічаў на працэсе Насты Жыўкавай, грамадзянкі Ўкраіны, якую затрымалі разам з хлопцамі.

Супрацоўнікі патрульна-паставой службы сьведчылі на судзе, што Наста, Антон і Аляксей раздавалі мінакам на вуліцы ўлёткі з заклікам прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Дзень Волі.

Н.Жыўкава: "Лаяліся матам, зьневажальна да нас ставіліся, казалі: "Чаго вы прыехалі? Вам ва Ўкраіне ўласнага сала не хапае?"
Наста паведаміла “Свабодзе”, што яна студэнтка і прыехала з Кіева да свайго сябра Аляксея. У міліцыі ёй не дазволілі патэлефанаваць бацькам, адмовіліся выклікаць адваката, а таксама консула ўкраінскай амбасады. Гаворыць Наста Жыўкава:

“Ня надта добра з намі сябе паводзілі. Лаяліся матам, зьневажальна да нас ставіліся, казалі: "Чаго вы прыехалі? Вам ва Ўкраіне ўласнага сала не хапае?" Стаўленьне міліцыі было досыць зьняважлівым, а тыя, хто сядзеў са мной у камэры – ставіліся з павагай. Гэта былі хлопцы і дзяўчаты з “Маладога фронту”, дзяліліся рэчамі, спальнікамі, і цяпер прыйшлі падтрымаць”.

П.Прахарэнка: "Тое, што было на Плошчы і тое, што было ў газэтах – неба і зямля."
У судзе прысутнічаў сябра Насты Пётар Прахарэнка. Ён удзельнічаў разам зь некалькімі грамадзянамі Ўкраіны ў акцыі 25 сакавіка. У судзе ён паведаміў “Свабодзе”:

“Такой сытуацыі як тут я, шчыра кажучы, яшчэ нідзе ня бачыў. Тое, што было на Плошчы і тое, што было ў газэтах – неба і зямля. Беларускі канал перадаў – купка людзей, якая прыйшла на плошчу, перашкаджала нейкім там гандлярам... Гэта нам перашкаджалі, не далі прайсьці, ціснулі да сьцен, сёй-той атрымаў цялесныя пашкоджаньні. Гэта дэзынфармацыя грамадзян Беларусі, суцэльная хлусьня ў сродках масавай інфармацыі”.

Насту арыштавалі на трое сутак. Антона Піява і Аляксея Рубанава суд арыштаваў на пяць сутак. Антон Піяў распавёў:

А.Піяў: "Не дазволілі ні пазваніць блізкім, ні зьвязацца з адвакатам”.
“Нас затрымалі ў суботу, калі мы ішлі праз Кастрычніцкую плошчу. Да нас падышлі міліцыянты і папрасілі прад''явіць дакумэнты. Мы спыталіся, чаму, а яны адказалі, што мы ў іх выклікалі падазрэньне. Не дазволілі ні пазваніць блізкім, ні зьвязацца з адвакатам”.

Суд Фрунзенскага раёну Менску арыштаваў на пяць сутак Андрэя Ігнатовіча. Ён мусіў кіраваць аховай мітынгу 25 сакавіка, але 23-га яго затрымалі на вуліцы міліцыянты ў цывільным. Андрэя абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Аляксандра Атрошчанкава арыштавалі на 5 сутак у судзе Фрунзенскага раёну Менску. Яго затрымалі 23 сакавіка. Міліцыянты ў судзе сьведчылі, што Аляксандар, ідучы па вуліцы, нецэнзурна лаяўся, махаў рукамі і, апроч таго, быў неахайна апрануты.

Тацяна Цішкевіч таксама правяла ў турме на вуліцы Акрэсьціна двое сутак. Суд Фрунзенскага раёну Менску пакараў дзяўчыну штрафам на 15 базавых велічыняў (гэта 230 даляраў). Суд перакваліфікаваў артыкул і абвінаваціў дзяўчыну ў падрыхтоўцы несанкцыянаванай акцыі.
XS
SM
MD
LG