Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз паставіў сабе задачу абнаўленьня да 2009 году


Валер Каліноўскі, Прага Юбілейны саміт Эўразьвязу з нагоды 50-х угодкаў Рымскай дамовы, якая паклала пачатак эўрапейскай інтэграцыі, завяршыўся ў мінулыя выходныя ў Бэрліне падпісаньнем сумеснай дэклярацыі Эўразьвязу, Эўрапарлямэнту і Эўракамісіі. Бэрлінская дэклярацыя заклікае да рэфармаваньня Эўразьвязу цягам бліжэйшых двух гадоў.

ЭЗ будзе імкнуцца “садзейнічаць дэмакратыі па-за сваімі межамі”

У выніковым дакумэнце Бэрлінскага саміту сьцьвярджаецца неабходнасьць абнаўленьня палітычнага вобліку Эўразьвязу да чарговых выбараў у Эўрапарлямэнт у 2009 годзе. Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель на правах старшыні Зьвязу заявіла падчас урачыстасьцяў у Бэрліне, што арганізацыі патрэбныя новыя правілы, каб гуляць больш прыкметную ролю ў сьвеце. І Бэрлінская дэклярацыя мае паслужыць імпульсам для далейшай інтэграцыі і пераадоленьня крызысных зьяваў у Эўразьвязе.

Ангела Мэркель таксама заклікала краіны Зьвязу да сумеснай зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі, заявіўшы, што да гэтага іх падштурхоўвае глябалізацыя.

Сярод іншага ў Бэрлінскай дэклярацыі зазначаецца, што Эўразьвяз і надалей будзе ня толькі мацаваць сваё ўнутранае разьвіцьцё, але і “садзейнічаць дэмакратыі, стабільнасьці і дабрабыту па-за сваімі межамі”, будзе “адстойваць правы на свабоду і грамадзянскія правы ў барацьбе зь іх праціўнікамі”.

Што будзе з эўрапейскай канстытуцыяй?

Тым не меней, тэкст Бэрлінскай дэклярацыі зьяўляецца кампрамісным, у ім нават няма слова “канстытуцыя” – паколькі пасьля няўдалых рэфэрэндумаў 2005 году ў справе прыняцьця Эўрапейскай канстытуцыі ў Францыі і Галяндыі ў Зьвязе на гэты конт няма адзінай думкі. Нічога не гаворыцца ў дэклярацыі і наконт магчымасьцяў і плянаў далейшага пашырэньня Зьвязу.

Пры гэтым адзін з тых, хто паставіў подпіс пад дэклярацыяй, старшыня Эўрапарлямэнту Ганс-Георг Пэтэрынг выказаў спадзеў, што нацыянальныя парлямэнты завершаць працэс ратыфікацыі Эўрапейскай канстытуцыі да 2009 году.

Размова йдзе пра новы варыянт Канстытуцыі. На думку Ангелы Мэркель, кіраўнікі краін Эўразьвязу да канца году маглі б выпрацаваць новы праект, які быў бы ўхвалены яшчэ да выбараў 2009 году. Але польскі прэзыдэнт Лех Качынські назваў гэты тэрмін мала рэальным і заклікаў не сьпяшацца. На думку многіх лідэраў краін Эўразьвязу, яшчэ адзін правал з прыняцьцем Эўрапейскай канстытуцыі быў бы фатальным для далейшай інтэграцыі.
XS
SM
MD
LG