Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прывязуць у Беларусь целы загінулых у Самалі пілётаў?


Ігар Карней, Менск Авіякатастрофа ў Самалі, у якой у мінулую пятніцу загінулі адзінаццаць беларускіх лётчыкаў, стала самай трагічнай у гісторыі беларускай авіяцыі. Тым часам дастаўка на радзіму целаў загінулых пілётаў пад пытаньнем. Паводле зьвестак з Самалі, лідэры радыкальных ісламісцкіх груповак абвясьцілі пра намер зьбіваць усе самалёты, якія зьявяцца ў паветранай прасторы на падкантрольнай ім тэрыторыі.

Самалёт Іл-76 беларускай авіякампаніі “Трансавіяэкспарт” ляцеў 23 сакавіка ў Магадыша, каб забраць рухавік і абсталяваньне іншага Іл-76, які раней таксама быў падбіты ісламістамі, але здолеў прызямліцца.

У Самалі ўжо 16 гадоў ідзе грамадзянская вайна і фактычна не існуе цэнтральнага ўраду. Ісламісцкія паўстанцы з “Саюзу ісламскіх судоў” да канца 2006 году кантралявалі вялікія раёны ў цэнтры і на поўдні краіны. Толькі напрыканцы мінулага году ўрадавыя войскі пры дапамозе вайсковага кантынгенту з суседняй Этыёпіі здолелі выбіць паўстанцаў са сталіцы краіны Магадзіша. Аднак баявыя дзеяньні працягваюцца, з пачатку году ў іх загінулі дзесяткі людзей. У мінулым месяцы баі ізноў разгарнуліся ў сталіцы, паўстанцы абстрэльвалі зь мінамётаў прэзыдэнцкі палац, этыёпскія войскі адказвалі гарматным вагнём.
У выніку зэнітнага абстрэлу 23 сакавіка загінуў увесь экіпаж лайнэра — адзінаццаць грамадзянаў Беларусі.

У Самалі застаюцца яшчэ 10 беларускіх пілётаў

Паводле Міністэрства замежных справаў Беларусі, у Самалі застаецца яшчэ адзін экіпаж кампаніі “Трансавіяэкспарт” — дзесяць грамадзянаў Беларусі.

Аэрапорт Магадыша цяпер закрыты, і невядома, якім чынам будуць дастаўлены на радзіму целы загінулых пілётаў. Вось што сказалі ў МЗС Беларусі:

“Пра Самалі нічога новага, на жаль, няма. Ніякай больш падрабязнай інфармацыі пакуль самі ня маем. То бок, там яшчэ ўсё ўдакладняецца, нічога канкрэтнага пакуль сказаць ня можам”.

“Кожны цудоўна разумее, на што ідзе”

Анатоль Готаў доўгі час быў вайсковым саветнікам у межах міратворчых праграмаў ААН у розных афрыканскіх краінах, ахопленых ваеннымі сутычкамі. Паводле яго, вывезьці ў Беларусь загінулых будзе складана:

“Хутчэй за ўсё, гэтага ня ўдасца зрабіць хутка. Калі нашыя ведамствы праз аанаўскія структуры пачнуць дзейнічаць, то, пэўна, вывезуць. А калі не, то могуць і ўвогуле ня вывезьці”.

Адсутнасьць працы ў Беларусі й высокія заробкі за мяжой (звычайна падобныя кантракты маюць на ўвазе 10 тысяч даляраў штомесяц) прымушаюць беларускіх пілётаў згаджацца на небясьпечныя прапановы. Гаворыць Анатоль Готаў:

“Канечне, людзі ведаюць, на што ідуць. Яны грошы за гэта атрымліваюць. І бяз грошай ня лётаюць. Перад кожным вылетам, калі праўду казаць, плацяць грошы. У прыватнасьці, на той час, як я быў у Афрыцы, так было. А тым больш, калі вайна, рэвалюцыя і гэтак далей, дык кожны цудоўна разумее, на што ідзе. Яны ня проста так туды едуць”.

“Трансавіяэкспарт” прыпыняе палёты ў Самалі

Кампанія “Трансавіяэкспарт” ужо абвясьціла, што прыпыняе палёты ў Самалі да моманту, пакуль не атрымае гарантыяў бясьпекі. Праўда, якім чынам такія гарантыі можна атрымаць ад баевікоў, не ўдакладняецца.

Як паведамілі ў кампаніі “Трансавіяэкспарт”, сумесна са страхавымі кампаніямі цяпер удакладняюць сумы матэрыяльнай кампэнсацыі сем’ям загінулых і за зьнішчаную тэхніку.

Роўна два гады таму, 23 сакавіка 2005 году, у Танзаніі разьбіўся транспартны самалёт Іл- 76. Загінулі шасьцёра членаў экіпажу, грамадзянаў Беларусі. Пілёты былі застрахаваныя на 20 тысяч даляраў кожны.
XS
SM
MD
LG