Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: як людзі ацэньваюць дзеяньні ўладаў 25 сакавіка?


Іна Студзінская, Менск Падчас сьвяткаваньня Дня Волі 25 сакавіка ў цэнтры сталіцы сілавыя структуры перашкаджалі людзям сабрацца, каб правесьці мітынг і шэсьце. Як менчукі ставяцца да дзеяньняў уладаў?

Слухаць:



Карэспандэнтка: “Як Вы ацэньваеце дзеяньні ўладаў падчас учорашніх падзеяў?”

Спадар: “У наш час пра гэта ня хочацца гаварыць. Тут нават ананімна небясьпечна адказваць, страшна”.

Хлопец: “Мне абсалютна абыякава, як яны сябе паводзяць”.

Дзяўчына: “Мне здаецца, кожны чалавек мае права на перакананьні, мае права паказаць і выказаць, чаго ён хоча ў гэтым жыцьці. Я лічу, гэта няправільна, што ўлады не дазваляюць праводзіць мітынгі”.

Юнак: “Я лічу, такія мерапрыемствы не патрэбныя ў нашай краіне. Я лічу, што ў нас усё добра, я сам студэнт, мне плацяць стыпэндыю, яна даволі вялікая — 50 даляраў”.

Спадар: “Я чуў, што іх разагналі, так? Магчыма, так ня трэба было іх разганяць, бо людзі ж таксама могуць свае меркаваньні выказаць, гэта іх права”.

Спадар: “Я ня ведаю, што ўчора было”.

Юнак: “Улада павінна падтрымліваць парадак. Нармальна стаўлюся”.

Спадар: “Я супраць дзеяньняў уладаў насамрэч”.

Юнак: “Я за ўладу. Я люблю сваю ўладу, я люблю сваю краіну”.

Спадар: “Я ня ў курсе апошніх падзеяў”.

Спадар: “Я адмоўна стаўлюся да дзеяньняў уладаў. Трэба, каб улады не забаранялі”.

Юнак: “Не заўсёды дзеяньні ўлады цалкам мірныя”.

Дзяўчына: “Дрэнна ацэньваем”.

Спадар: “Шчыра кажучы, нэгатыўна”.

Карэспандэнтка: “Чаму?”

Спадар: “А не пасадзяць за адказ “чаму”? Мне не падабаецца адзін чалавек, яго імя ўсе добра ведаюць. Не падабаюцца ягоныя дзеяньні...”

Карэспандэнтка: “Але тут дзеяньні сілавых структураў”.

Спадар: “А сілавыя структуры пад чыім пільным кіраўніцтвам знаходзяцца? Хіба не пад ягоным? Ён ужо так абклаў сябе сілавымі структурамі, што да яго наагул не дабрацца”.

Юнак: “Я нічога ня ведаю”.

Спадар: “Нас наагул учора не пускалі нікуды, вось тут, каля “Макдоналдзу”.

Дзяўчына: “Дрэнна ацэньваем”.

Спадарыня: “Я лічу, што ўлады няправільна сябе паводзяць, калі не даюць людзям сказаць. І сказаць не даюць, і ня слухаюць людзей. Можа, варта прыслухацца да таго, што хочуць сказаць уладзе нашы людзі?”

Дзяўчына: “Акрамя інтэрнэту, немагчыма нічога даведацца. А ўчора я спрабавала выйсьці на сайты з адрасамі на канцы “info”, “оrg”, і не магла гэтага зрабіць. Гэта дзеяньні ўладаў. А па тэлевізары паказвалі толькі, як добра было каля аэрапорту “Менск-1”.

Спадарыня: “Улады ня хочуць, каб народ нават ведаў. Улада можа ўсё забараніць, каб мы нічога ня чулі й ня бачылі”.

Спадар: “Адмоўна стаўлюся да дзеяньняў улады. Таму што цалкам заціскаюцца правы свабодных людзей. Я лічу, што трэба паболей рабіць такіх вось выступленьняў з боку апазыцыі. І каб улады не прыдумлялі ўсялякую лухту. Каб было больш свабоды”.
XS
SM
MD
LG