Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як праходзяць суды над актывістамі апазыцыі ў рэгіёнах?


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў рэгіёнах Беларусі працягваліся суды над актывістамі апазыцыі. Паводле Беларускага Хэльсынскага камітэту, да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягваюць больш за трыццаць чалавек. У працэсах карыстаюцца новым Адміністрацыйным кодэксам, які прадугледжвае больш жорсткія, чым раней, пакараньні за ўдзел у вулічных акцыях.

У першай палове дня ў Бабруйскі гарадзкі суд пачаў разгляд справы намесьніка старшыні незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Валер’я Мацкевіча.

Падсудны і ягоны адвакат зьняпраўдзілі зьвесткі міліцэйскага пратаколу затрыманьня напярэдадні 25 сакавіка. Суд запатрабаваў выклікаць сьведак з боку міліцыі, таму паседжаньне перанесьлі на заўтра, тлумачыць Валеры Мацкевіч:

“У прынцыпе, я добра ведаю тое заканадаўства, якое супраць мяне выкарыстоўваюць. Я маю права патрабаваць выкананьня маіх правоў. Як я бачу, яны самі блытаюцца”.

“У Бабруйску можа адбыцца вельмі важны для краіны прэцэдэнт”

Радыё Свабода паведамляла пра пільную ўвагу КДБ і міліцыі ў Бабруйску да грамадзкіх актывістаў напярэдадні 25 сакавіка. Гаворыць адзін з актывістаў Алесь Чыгір:

А.Чыгір: “Напярэдадні акцыі ў іх быў нават сьпіс. І менавіта Валер Мацкевіч ім трапіўся”.
“Напярэдадні акцыі ў іх быў нават сьпіс. І менавіта Валер Мацкевіч ім трапіўся. Даставілі ў апорны пункт — і ўжо толькі там распавялі, што ён нібыта брыдкасловіў.

Мяне больш за ўсё ўражвае, што міліцыянты самі парушаюць закон. І гэта адбываецца ад беспакаранасьці. Таму ў Бабруйску можа адбыцца вельмі важны для краіны прэцэдэнт, калі міліцыянты, якія фальсыфікуюць такія справы, будуць пакараныя”.

Ці будуць міліцыянты пакараныя прынамсі фармальна?

Пра спробу прыцягнуць да адказнасьці міліцыянтаў і сьведак, якія фальшуюць справу Мацкевіча, гаворыць і праваабаронца Ігар Ходзька:

І.Ходзька: “Судзьдзя нават сам кажа, што дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі могуць быць абскарджаныя”.
“Тое, чаго мы ад іх патрабуем: выконвайце свае законы! Чалавек можа пісаць заяву нават на маральную кампэнсацыю, паколькі з-за іх сьведчаньняў Мацкевіч адседзеў трое сутак. Судзьдзя нават сам кажа, што “дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі могуць быць абскарджаныя ў судовым парадку. А таксама вы маеце права пісаць заяву ў пракуратуру”. Нават фармальнае пакараньне міліцыянтам мусіць быць вынесенае”.

Сёньня ў Рэчыцы на Гомельшчыне судзяць старшыню раённай арганізацыі Партыі БНФ Валер’я Пуціцкага. Раней асудзілі на 5 сутак сябра КХП БНФ Уладзімера Шыцікава з Гомелю й на трое сутак актывіста АГП, рэдактара гаэты “Вольныя навіны” Міхаіла Козела.

У Гомелі міліцыя накіравала позвы намесьніку старшыні абласной арганізацыі АГП Уладзімеру Кацору.

На Берасьцейшчыне суду чакаюць старшыня гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Шыманскі, сябра Партыі БНФ Юры Жыдовіч, сябра БСДП “Грамада” Антон Стасюк. Суд над праваабаронцам Уладзімерам Вялічкам, які пачаўся сёньня ў Берасьці, перанесьлі на патрабаваньне падсуднага.
XS
SM
MD
LG