Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто блякаваў незалежныя сайты ў беларускім сеціве 25 сакавіка?


Алесь Дашчынскі, Менск Падчас апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка карыстальнікі інтэрнэту ў Беларусі не маглі патрапіць на шэраг сайтаў. Ня бачнымі ў Беларусі пэўны час былі сайты Радыё Свабода, БелаПАН, “Хартыі-97”, газэты “Наша Ніва”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды іншыя.

Сайты, карэспандэнты якіх вялі рэпартажы са сьвяткаваньня Дня Волі ў рэжыме онлайн, аказаліся недаступнымі для беларускіх грамадзянаў.

Старонка “Хартыі-97” не адкрывалася прыкладна ад 10-й да 16-й гадзіны. Сябра “Хартыі-97” Натальля Радзіна сказала:

Н.Радзіна: “Як толькі падзеі ў цэнтры Менску скончыліся, сайты пачалі працаваць”.


“Пакуль ішла акцыя, пакуль людзі зьбіраліся на акцыю і пакуль яна працягвалася, сайт не працаваў. Менавіта ў Беларусі яго не было відаць. Як толькі падзеі ў цэнтры Менску скончыліся, акцыі завяршыліся, сайты пачалі працаваць. Сайты блякаваў “Белтэлекам”.

Такое ж меркаваньне ў прэсавай сакратаркі АГП Кацярыны Ткачэнкі:

“Учора я была ў шоку. Ніхто не чакаў, што беларускія інтэрнэт-старонкі будуць цалкам у блякадзе. Блякаваньне сайтаў год таму цягнулася некалькі гадзін, і за гэты час усё ж некаторыя старонкі грузіліся. На гэты раз каля сямі гадзін выйсьці на беларускія інтэрнэт-выданьні было немагчыма”.

Чыноўнікі “Белтэлекаму” адмаўляюцца камэнтаваць такія заявы. Начальнік групы інфармацыі й камунікацыі Аляксей Федарэнчык сказаў:

А.Федарэнчык: “Белтэлекам” не займаецца адключэньнем нейкіх сайтаў у інтэрнэце”.
“Няма ў мяне такой інфармацыі, што “Белтэлекам” адключаў нечыя сайты ўчора ці ў нейкі іншы дзень. “Белтэлекам” не займаецца адключэньнем нейкіх сайтаў у інтэрнэце. “Белтэлекам” — гэта эксплюатацыя сетак, а не пытаньні кантэнту і адпаведнасьці сайтаў патрабаваньням іншых структураў. “Белтэлекам” не вырашае пытаньняў працы асобных сайтаў”.

Прыватныя правайдэры, якія залежаць ад асноўнага, дзяржаўнага правайдэра “Белтэлекам”, тлумачаць сытуацыю іначай.

Генэральны дырэктар беларускага парталу tut.by Кірыл Валошын згадаў некалькі выпадкаў, калі “Белтэлекам” увогуле заблякаваў доступ да некаторых сайтаў. Спадар Валошын камэнтуе ўчорашнюю сытуацыю:

К.Валошын: “Белтэлекам” мае магчымасьць забараніць карыстальнікам доступ да тых ці іншых сайтаў”.
“Тэхнічна гэта рэалізуецца вельмі проста. У нас жа асноўны канал належыць “Белтэлекаму”, таму яны маюць магчымасьць на тэхнічным узроўні забараніць карыстальнікам доступ да тых ці іншых сайтаў. Робіцца гэта неафіцыйна. Але ёсьць два выпадкі афіцыйнага блякаваньня”.

Раней паведамлялася, што Беларусь купіла ў Кітаі спэцыяльныя сыстэмы, якія дазваляюць фільтраваць альбо блякаваць “непажаданыя” сайты. Гэтая інфармацыя афіцыйна не пацьвярджаецца.

Аднак паводле прадстаўніка кампаніі “АйПі Тэлкам” Валера Гвардыяна, тое, што адбылося ўчора не залежыць ад прыватных правайдэраў:

В.Гвардыян: “Усё гэта ідзе празь “Белтэлекам”.
“Усё гэта ідзе празь “Белтэлекам”. Гэта ж здараецца час ад часу. І нехта ж гэта робіць. Калі мы гэта ня робім, то хто робіць? Гэта ўсё вырашаецца на іншым узроўні”.

Паводле юрыста Міхаіла Пастухова, падобныя дзеяньні ёсьць беспадстаўным умяшаньнем дзяржаўных органаў у дзейнасьць іншых арганізацыяў:

М.Пастухоў: “Гэта парушэньне канстытуцыйнага права на свабоду інфармацыі”.
“Гэта парушэньне канстытуцыйнага права на свабоду інфармацыі”.

Блякаваньне незалежных каналаў інфармацыі адбывалася падчас прэзыдэнцкіх выбараў 9 верасьня 2001 году, а таксама падчас рэфэрэндуму 17 кастрычніка 2004 году і ў прэзыдэнцкія выбары 2006 году.
XS
SM
MD
LG