Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Сакавік вачыма эўрапейскіх палітыкаў


Радыё Свабода, Менск Непасрэднымі сьведкамі і назіральнікамі ўчорашніх падзеяў былі паслы эўрапейскіх краінаў, супрацоўнікі офісу АБСЭ ў Менску і шэраг замежных палітыкаў, якія прыбылі ў беларускую сталіцу на сьвяткаваньне Дня волі. На просьбу Свабоды яны дзеляцца сваімі ўражаньнямі .

Супрацоўнікі офісу АБСЭ ў Менску ўстрымаліся ад нейкіх камэнтароў:

“Мы пакуль назіраем. Гэта наша звычайная праца. Карціна вымаўлёваецца. І потым, у залежнасьці ад абставінаў, рыхтуецца справаздача ў Вену”

Пасол Нямечыны – цяперашняй краіны-старшыні Эўразьвязу- Марцін Хэкер вельмі пільна адсочваў падзеі. У заяве пасла гаворыцца: “Прэвэнтыўныя арышты актывістаў апазыцыі напярэдадні 25 сакавіка ідуць у разрэз зь міжнароднымі абавязаньнямі Беларусі”. Спадар Хэкер таксама выказаў шкадаваньне ў зьвязку зь дзеяньнямі менскіх міліцыянтаў 25 сакавіка і іхнымі пагрозамі ўжыць фізычную сілу супраць дэманстрантаў.

Дэпутат Бундэстагу, намесьнік старшыні парлямэнцкай фракцыі Арнальд Фаатц быў афіцыйна накіраваны ў Менск старшынём партыі Рональдам Пафалам. Паводле Арнальда Фаатца, у дзень 25 сакавіка многія эўрапейцы дэманстравалі сваю салідарнасьць зь Беларусьсю. Так у сваёй учорашняй прамове з нагоды юбілею Эўразьвязу канцлер Ангела Мэркель узгадала пра гэту краіну і падкрэсьліла, што Эўропа – на баку вольнай Беларусі.

“Тое, пра што гаварыла спадарыня Мэркель, было ажыцьцёўлена на практыцы ў Менску. Разам з дэманстрантамі на акцыі былі практычна ўсе паслы Эўразьвязу, а таксама восем эўрапарлямэнтароў. Усе яны прадэманстравалі, што Эўропа клапоціцца пра грамадзянскую супольнасьць у Беларусі”, сказаў Арнальд Фаатц.

Паводле віцэ-сьпікера Эўрапейскага парлямэнту Януша Анышкевіча, сутыкненьні паміж дэманстрантамі і міліцыянтамі былі жорсткімі. “Гэта чарговым разам дэманструе, што Эўразьвяз мае ўсе падставы лічыць рэжым Лукашэнкі нелегетымным. Тое, за што змагаецца разам зь сябрамі Мілінкевіч, знаходзіць поўную падтрымку ў ЭЗ. У Лукашэнкі ёсьць адно выйсьце – дэмакратызаваць Беларусь і распачаць нейкі канструктыўны дыялёг з апазыцыяй, зразумела, не за сталом пракурора, а за сталом сапраўдных перамоваў”

Дэпутат Эўрапарлямэнту са Славаччыны Арпад Дука-Заёмі заявіў, што Эўразьвяз і ў далейшым будзе дапамагаць дэмакратызацыі Беларусі і што мэтай беларускіх няўрадавых арганізацый застаецца інфармаваньне народу пра сапраўдную дэмакратыю і прававую дзяржаву.

Расейскія палітыкі – дэпутат Дзярждумы Ўладзімір Рыжкоў і лідэр Саюзу правых сілаў Мікіта Бялых, якія прыбылі ў Менск на Дзень волі, адзначылі актыўнае і аб’ектыўнае асьвятленьне менскіх падзеяў расейскай прэсай. Так радыё “Эхо Москвы” кожную гадзіну перадавала рэпартажы зь Менску. Як лічыць Уладзімір Рыжкоў, у выніку гэтай пільнай ўвагі мэдыяў рэжым Лукашэнкі ўстрымаўся ад масавага гвалту. “Гаварыць, што Эўропа націснула на беларускія ўлады і таму акцыя прайшла мірна –гэта далёка ад аб’ектыўнасьці. На шчасьце, гэтым разам было крыху лепш, на шчасьце, было крыху меней гвалту чым звычайна. Калі год таму я быў у Менску як назіральнік за прэзыдэнцкім выбарамі, я ня змог сустрэцца з маім беларускім калегам Анатолем Лябедзькам. Ён быў арыштаваны. Ведаю, што зь лідэрамі беларускай апазыцыі гэта здараецца рэгулярна. Напэўна, гэтым разам улады хацелі прадэманстраваць Эўропе мірную абстаноўку і таму нікога не арыштавалі. Але я б ня стаў гаварыць пра тое, што сьвята прайшло ў дэмакратычнай атмасфэры”, сказаў у размове са Свабодай Уладзімір Рыжкоў.
XS
SM
MD
LG