Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманых на Дзень волі абвінавачвалі ў хуліганстве


Любоў Лунёва, Менск Cёньня пачнуць судзіць затрыманых цягам апошніх трох сутак актывістаў апазыцыі ў Менску і ў рэгіёнах. Усіх затрыманых абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Паводле міліцыянтаў апазыцыянэры нецэнзурна лаяліся. 25 сакавіка байцы спэцназу міліцыі затрымалі некалькі ўдзельнікаў дэманстрацыі. Уначы ў дзяжурных частках міліцыі Радыё Свабода паведамілі, што пратаколаў не складалі.

Затрыманьні пачаліся за паўгадзіны да пачатку акцыі 25 сакавіка. Групу моладзі спэцназаўцы затрымалі па дарозе на Кастрычніцкую плошчу ад станцыі мэтро “Няміга” і адвезьлі на аўтобусе ў двор міліцыі Цэнтральнага раёну. Тым часам людзі на праспэкце Незалежнасьці намагаліся патрапіць на Кастрычніцкую плошчу, месца збору ўдзельнікаў акцыі ў Дзень Волі. Cпэцназаўцы ачапілі плошчу. Адну частку дэманстрантаў з дзьвюх-трох соцень чалавек пачалі выдаляць у бок плошчы Незалежнасьці. Каля будынку КДБ спэцназаўцы пачалі моцна штурхаць людзей. Некалькі чалавек павалілі на зямлю. Пасьля гэтага дэманстрантаў выцясьнялі на праспэкт Пераможцаў да Палаца спорту.

Тым часам каля чатырох тысяч чалавек сабраліся на рагу праспэкта і вуліцы Янкі Купалы. Шэсьце пачалося ад будынку Дзяржаўнага цырку. Над калёнай луналі бел-чырвона-белыя і сьцягі Эўразьвязу. Салдаты ўнутраных войскаў ішлі ўсьлед за дэманстрантамі, не даючы магчымасьці людзям далучыцца да калёны. Але ўвесь час людзі з левага боку праспэкту перабягалі групамі і далучаліся да асноўнай калёны.

Кіроўцы аўтамабіляў сыгналілі на знак салідарнасьці з дэманстрантамі.

У калёне было шмат моладзі. Дзяўчына Кася на заплечніку замацавала бел-чырвона-белую стужку і значок “За свабоду”. Яна гаворыць, чаму вырашыла ўдзельнічаць у акцыі:

“Я лічу, што, калі ніхто ня пойдзе на мітынгі, то нічога ня зьменіцца ў нашай краіне. Я, як прадстаўніца беларускай моладзі жадаю свабоды для Беларусі, беларускай самасьвядомасьці і жадаю, каб ніхто болей не баяўся. Таму што й няма чаго баяцца”.

Калёна дэманстрантаў дайшла да будынку прэзыдыюму Акадэміі Навук, куды праз кароткі час прыйшоў Аляксандар Мілінкевіч.

Пад час ягонага выступу міліцыянты ўключылі на поўны моц гук з машыны з гучнай сувязьзю. Людзям прапаноўвалі разыйсьціся, пагражалі, што будзе ўжытая фізычная сіла і спэцсродкі. Пасьля заканчэньня мітынгу некалькі дзесяткаў моладзевых актывістаў утварылі калёну і пайшлі да будынку Нацыянальнай бібліятэкі, дзе ў той час адбываўся канцэрт, дазволены ўладамі. Па дарозе спэцназаўцы некалькі разоў перакрывалі рух калёны. Моладзь працягвала шэсьце. Канцэрт спынілі, калі калёна была ў некалькіх мэтрах ад бібліятэкі. Як толькі ўдзельнікі шэсьця прыйшлі на пляцоўку перад будынкам, там з’явіліся машыны камунальных службаў. Яны сталі паліваць пляцоўку. Усьлед за гэтым спэцназаўцы пачалі разгон акцыі. Некалькі чалавек затрымалі і адвезьлі далей ад будынка. Частку людзей адпусьцілі па дарозе, іншых адвезьлі ў пастарунак міліцыі. Уначы ў дзяжурных частках міліцыі паведамілі “Свабодзе”, што не складалі пратаколаў на ўдзельнікаў акцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG