Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта наша краіна, гэта наш горад, гэта нашыя вуліцы!»


Алесь Дашчынскі, Менск На пляцы каля Акадэміі навук адбыўся шматтысячны мітынг з нагоды Дня Волі. У ім ўдзельнічалі лідэр аб’яднаных дэмсілаў Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ды іншыя. Выступілі і эўрапейскія палітыкі — віцэ-прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч, эўрапарлямэнтар Барбара Кудрыцка, а таксама прадстаўнікі Азэрбайджану і Расеі.

Слухаць:



Сьвяточная калёна сабралася каля менскага цырку — было шмат бел-чырвона-белых сьцягоў і сьцягоў Эўразьвязу. Міліцыянты і спэцвойскі ў камуфляжы выціснулі дэманстрантаў з пляцоўкі каля цырку.

Мірная калёна рушыла да Акадэміі навук. Дэманстранты скандавалі “Свабоду!”, “Жыве Беларусь!”, “Свабоду палітвязьням!”. Міліцыянты суправаджалі мірную калёну, паўставалі ўздоўж праезнай часткі. Былі спробы затрымаць актывістаў у канцы калёны. Дэманстрантаў суправаджалі тры пустыя аўтобусы. А кіроўцы аўтамабіляў, якія праяжджалі праспэктам, сыгналілі на знак падтрымкі дэманстрантаў.

“Яны хочуць, каб мы сядзелі па хатах...”

Удзельнікі акцыі вырашылі не ісьці на плошчу Бангалёр, куды іх накіроўвалі ўлады, і спыніліся на пляцоўцы каля Акадэміі навук. Дэманстранты дачакаліся калёну, якая ішла з цэнтру гораду разам з Аляксандрам Мілінкевічам і Анатолем Лябедзькам. Пасьля пачаўся мітынг.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка зачытаў вітаньне ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. У сваім выступе Аляксандар Мілінкевіч сказаў:

“Дзякуй, што вы прыйшлі, каб сьвяткаваць 25 сакавіка, прыйшлі з кветкамі, са сьцягамі і транспарантамі. Яны хочуць, каб мы сядзелі па хатах, яны хочуць намі кіраваць. А мы павінны працаваць і працаваць. Яны хочуць прыватызаваць нашыя вуліцы і плошчы. Ім здаецца, што гэта іх маёмасьць.

Народ – адзіная крыніца ўлады. Мы – крыніца ўлады, гэта наша краіна, гэта наш горад, гэта нашыя вуліцы. Жыве Беларусь!

Яны адгарадзіліся ад нас каменнай сьцяной. Яны думаюць жыць у гэтай крэпасьці вечна. Не выйдзе нас большасьць. І мы пераможам. Гэта ўлада ўпадзе пад грузам сваёй хлусьні, упадзе сама. Але мы мусім дапамагчы ім зрабіць гэта, падштурхнуць”.

“Бо ня можа быць у цэнтры Эўропы недэмакратычнай краіны...”

Віцэ-сьпікер Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч у сваім выступе на мітынгу заявіў:

“Эўрапарлямэнт цягам апошніх некалькіх гадоў пяць разоў праводзіў дэбаты па беларускай тэматыцы і зрабіў некалькі рэзалюцыяў па сытуацыі ў Беларусі. Эўрапарлямэнт заяўляе, што ў Беларусі няма свабоды, у Беларусі ёсьць дыктатура і аўтарытарная сыстэма.

Для эўрапейцаў зразумела, калі Эўропа хоча быць кантынэнтам дэмакратычным і вольным, у якім будзе стабільнасьць, то гэта немагчыма, пакуль у Эўропе ёсьць такая анамалія, якой ёсьць сёньня палітычная Беларусь. Мы жадаем вам волі й волі жадаем сабе. Бо ня можа быць у цэнтры Эўропы краіны недэмакратычнай, якой ёсьць сёньня Беларусь. Няхай жыве вольная Беларусь!”

“Ад расейскіх дэмакратаў віншую вас з вашым сьвятам...”

На мітынгу выступілі таксама прадстаўнікі Расеі — дэпутат расейскай Дзярждумы Ўладзімер Рыжкоў і лідэр Саюзу правых сілаў Мікіта Бялых. Уладзімер Рыжкоў сказаў:

“Добры дзень, вольныя грамадзяне Беларусі. Ад расейскага народу і ад расейскіх дэмакратаў віншую вас з вашым сьвятам, Днём Волі. Свабоду беларускім палітзьняволеным! Расеі не патрэбная дыктатарская Беларусь. Расеі патрэбная дэмакратычная, вольная Беларусь, частка эўрапейскай сям’і. Даеш эўрапейскую Расею, даеш эўрапейскую Беларусь. Жыве вольная Расея, жыве вольная Беларусь!”

На мітынгу выступіла дачка палітзьняволенага Аляксандра Казуліна — Юлія, а таксама праваабаронца Алег Воўчак, акадэмік Аляксандар Вайтовіч, прадстаўнік прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў ды іншыя.

У канцы мітынгу старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка сказаў:

“Дзень незалежнасьці быў, ёсьць і будзе 25 сакавіка. Гэта тая выснова, якую мы сёньня робім. Нас чакае няпросты шлях.

Нам гатовая дапамагчы Эўропа, дэмакратычныя суседзі, пры адной умове, што пачынаюцца канкрэтныя, відавочныя крокі ў кірунку дэмакратызацыі. Мы з вамі сёньня за гэта прагаласавалі. Трэба, каб гэтую праўду пачуў кожны. Каб усе маладыя людзі ведалі, якія брамы шанцаў перад імі зачынены толькі таму, што на дарозе ляжыць калода. І гэтай калодзе імя – лукашызм. І гэтую калоду трэба прыбраць. Мы людзі мірныя. Мы людзі канструктыўныя. Сёньня мы не стварылі ніводнай нагоды для канфрантацыі з боку ўладаў. Тое, што яны дубасілі людзей на праспэкце Машэрава – гэта цалкам на іхным сумленьні”.

Пасьля мітынгу частка дэманстрантаў накіравалася на канцэрт да Нацыянальнай бібліятэкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG