Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: міліцыянты расстралялі балёнікі на сьцягу


Радыё Свабода Агулам на Дзень Волі ў абласным цэнтры затрымалі васямнаццаць чалавек, зь іх пяцёра — непаўналетнія.

У віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня мусяць правесьці ноч сябры КХП БНФ Ян Таўпыга, Ян Дзяржаўцаў, Алесь Пазьняк і адзін з старэйшых віцебскіх апазыцыянэраў Барыс Хамайда. Іх затрымалі зь бел-чырвон-белымі сьягамі.

Іншых затрыманых адпусьцілі, па непаўналетніх прыехалі іхныя сваякі.

Пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных масавых акцыях склалі на дванаццаць чалавек, заўтра іх будуць судзіць у Кастрычніцкім ды Чыгуначным райсудах.

Паводле аповедаў затрыманых, яны меркавалі прайсьці вуліцай Леніна да помніка Ўладзімеру Караткевічу, каб ускласьці кветкі. Двойчы міліцыянты перапынялі рух актывістаў, якія ішлі парамі па ходніках, і адвозілі некалькі чалавек у пастарунак.

Такім чынам, да помніка пісьменьніку-земляку прадстаўнікі віцебскае грамадзкасьці трапілі толькі каля 16-й гадзіны — калі іх выпусьцілі з райаддзелу міліцыі.

Бел-чырвона-белы сьцяг, які быў зьявіўся на вуліцы Леніна на слупе электраперадачаў, міліцыянты здымалі на вачох у мінакоў з дапамогаю супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.

Ня меншы інтарэс жыхароў Віцебску выклікала тое, што надзіманыя балёнікі, прымацаваныя да сьцяга, міліцыянты расстралялі з пнэўматычных пісталетаў.

На цэнтральных віцебскіх вуліцах па-ранейшаму шмат патрулёў у міліцэйскай форме, а недалёка ад абласной управы КДБ стаіць аўтобус, запоўнены людзямі ў цывільным.

Начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Кастрычніцкага райаддзелу Аляксандар Каліноўскі паабяцаў мясцовым незалежным журналістам і праваабаронцам адказаць на ўсе пытаньні адносна сёньняшніх затрыманьняў. Яго чакалі больш як паўгадзіны, аднак спадар Каліноўскі на абяцанае інтэрвію так і ня выйшаў.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG